Суд адмовіўся павялічваць турэмны тэрмін для Барысевіч. Яе вызваляць праз месяц

Апеляцыю ў так званай «справе аб нуль праміле» разглядаў Мінскі гарадскі суд, працэс прайшоў у закрытым рэжыме. У выніку тэрмін зняволення Кацярыне Барысевіч пакінулі ранейшым. Журналістку, якая цяпер знаходзіцца ў следчай турме Жодзіна, на працэс не прывезлі.


Кацярыну Барысевіч затрымалі ўвечары 19 лістапада і абвінавацілі ў разгалошванні лекарскай таямніцы. У той жа дзень затрымалі доктара лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Андрэя Сарокіна, які расказаў Барысевіч пра адсутнасць у крыві загінулага Рамана Бандарэнкі алкаголю. Абаім абвінавачаным пагражала да 3 гадоў пазбаўлення волі, іх працэс праходзіў у закрытым рэжыме, нягледзячы на пратэсты саміх абвінавачаных і родных загінулага, якія на судзе заявілі, што не маюць ніякіх прэтэнзій да лекара Сарокіна і журналісткі Барысевіч, нагадвае «Радыё Свабода».

12 сакавіка пракуратура Мінска абскардзіла прысуд Барысевіч, назваўшы яго «празмерна мяккім».

«Пракуратура горада Мінска апратэставала ў апеляцыйным парадку вырак суду Маскоўскага раёна Мінска аб падбухторванні да выдавання медычнай таямніцы ў дачыненні да рэдактара аддзелу ТАА “Тут Бай медыя” Кацярыны Барысевіч праз мяккасць прызначанага пакарання», — гаварылася ў афіцыйным паведамленні пракуратуры.

Паводле першага прысуду Кацярына Барысевіч мусіць выйсці на свабоду 19 траўня. Цяпер яна знаходзіцца ў следчай турме Жодзіна.

Адвакаты Кацярыны Барысевіч, у сваю чаргу, таксама абскардзілі прысуд, яны настойваюць на невінаватасці журналісткі.

Лекар Арцём Сарокін быў прызнаны вінаватым, аднак яго вызвалілі ў залі суду — яму прысудзілі два гады калоніі з адтэрміноўкай на адзін год. Абскарджваць свой прысуд лекар не стаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: