Суд, дзе адразу чатыром пагражае смяротнае пакаранне, перанесены

Магілёўскі абласны суд перанёс разгляд крымінальнай справы па масаваму забойству 15-гадовай даўніны, дзе адразу чатыром абвінавачаным пагражае смяротнае пакаранне, паведамляюць праваабаронцы "Вясны" .


Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда паведаміў, што наступнае плануемае пасяджэнне па гэтай справе адбудзецца 5 траўня 2020 года. Прычыны пераносу ўдакладняюцца.

З 30 сакавіка Магілёўскі абласны суд разглядае гучную крымінальную справу па масаваму забойству 15-гадовай даўніны. На лаве падсудных, як і 13 гадоў таму, — Павел Паўлючэнка, Сяргей Юшкевіч, Мікалай Ракуцін і Генадзь Салаўёў. Усім пагражае вышэйшая мера пакарання — расстрэл.

Яшчэ ў 2005 годзе ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна была забітая сям'я з шасці чалавек, двое з іх — дзеці. На наступны дзень міліцыя затрымала пяць падазроных, аднавяскоўцаў забітых. Падчас следства абвінавачаныя прызнавалі віну, але ў судзе ўсе заявілі, што іх білі і прымушалі прызнацца ў тым, чаго яны не рабілі. Следства ішло паўтара гады, а суд — 11 месяцаў.

2 лістапада 2007 года суд Магілёўскай вобласці апраўдаў затрыманых па абвінавачванні ў забойстве, а пракуратуры вынеслі прыватнае вызначэнне за недапушчальныя метады следства.

Але праз 14 гадоў чацвярых фігурантаў справы затрымалі зноў. Іх зноў абвінавачваюць у здзяйсненні таго ж забойства. У гэты раз следства абапіраецца на экспертызу пахавых слядоў, вынікі якой нібыта паказваюць на вінаватасць мужчын. Абвінавачаным, як і 13 гадоў таму, зноў пагражае выключная мера пакарання — расстрэл.

Паводле spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: