Суд: міліцыя мусіць выплаціць актывісту 8,72 рублёў за знішчаны на БНР-100 сцяг

Суд Першамайскага раёну Віцебску толькі часткова задаволіў пазоўныя патрабаванні Міколы Качурца, які прасіў спагнаць з Кастрычніцкага РАУС 42 рублі за знішчаны ў 2018 годзе бел-чырвона-белы сцяг. Суддзя Алена Савіцкая ацаніла шкоду на 8 рублёў 30 капеек.

Паводле рашэння суду, міліцыя мусіць таксама сплаціць актывісту частку судовых выдаткаў – 42 капейкі. Агулам атрымліваецца – 8,72 рублёў. Гэтая сума будзе выплачаная з рэспубліканскага бюджэту.

Кошт сцягу...

На судовым паседжанні 24 красавіка Мікола Качурэц дакументальна абгрунтаваў кошт прычыненай шкоды (42 рублі). Прадаставіў суду прайс з інтэрнэт-крамы Symbal.by, дзе бел-чырвона-белы сцяг каштуе 20 рублёў, а таксама – дакументы аб коштах дрэўка (палімернай трубы) і квіткоў для паездкі да Менску і назад.

Міліцыянт Дзьмітрый Жук, які прадстаўляў у судзе Кастрычніцкі РАУС, заявіў, што ня згодны з запатрабаванай сумай іску. Паводле адказчыка, знішчаны сцяг быў ня новы, выглядаў кепска, і яго «можна было б ацаніць на вагу рыззя». Тым ня менш, Жук папрасіў суд далучыць да справы прайсы з крамы «Сялена», дзе можна набыць тканіну белага і чырвонага колераў па цане 2,50 руб. за 1 м., а таксама – даведку ад швачкі, якая ўзялася б вырабіць падобны сцяг за 7 рублёў.

Але аказалася, што пры вызначэнні сумы кампенсацыі суддзя Алена Савіцкая кіравалася выключна лічбамі, якія суд сам атрымаў праз запыты ў віцебскі ўнівермаг, на швейнае прадпрыемства «Труд-Віцебск» і ў «Дом сантэхнікі». Паводле атрыманай інфармацыі, тканіну для сцяга (0,5 м. X 1,5 м.) можна купіць за 1,39 рубля, пашыць сцяг – за 2,50 рубля, набыць трубу для дрэўка – за 4,41 рубля. Агулам – 8 рублёў 30 капеек.

Такім чынам, паводле падлікаў суддзі, кошт прычыненай шкоды за знішчаны бел-чырвона-белы сцяг аказаўся нават меншы за суму, якую прапаноўваў заплаціць адказчык.

Качурэц: Новы сцяг за такія грошы ня сшыеш

«Зразумела, што за гэтыя 8,72 рублі я не змагу ані купіць, ані пашыць новы сцяг. Суд занізіў ягоны кошт у разоў пяць. Тым ня менш, лічу гэтае рашэнне маленькай перамогай, першым крокам у нашым змаганні за бел-чырвона-белы сцяг. Магчыма, такі вынік прымусіць супрацоўнікаў міліцыі задумацца перад тым, як канфіскоўваць, а потым нішчыць святыні», – сказаў пасля суду Мікола Качурэц.

Дарэчы, у судзе актывіст казаў пра тое, што незаконным было ня толькі знішчэнне сцяга, але і яго канфіскацыя, бо арт. 23.34 КаАП не прадугледжвае такога пакарання. Спасылаўся пры гэтым на афіцыйны адказ з Вярхоўнага суду.

Праваабаронца: Нельга назваць рашэнне суду бесстароннім

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік кажа, што гэта першы (прынамсі ў Віцебскай вобласці) выпадак, калі міліцыя будзе вымушаная вярнуць кошт знішчанага нацыянальнага сцяга яго ўладальніку. Але дадае, што рашэнне суддзі нельга назваць бесстароннім.

«Шкада, што грамадзянскі пазоў палітычнага актывіста Міколы Качурца к супрацоўнікам міліцыі, суд задаволіў толькі часткова. Бо доказы сумы іску былі пераканаўчыя і аргументаваныя дакументальна. Суд фактычна ўзяў на сябе пошук такіх доказаў, якія спрыялі максімальнаму зніжэнню кошту сцяга, а ў выніку – памяншэнню выплаты матэрыяльнай шкоды з боку адказчыка. У гэтым выпадку нельга назваць рашэнне суду бесстароньнім і справядлівым у дачыненні да пазоўніка», – пракаментаваў рашэнне суду праваабаронца Леанід Свецік.

«Параіў бы спадару Качурцу абскардзіць пастанову суддзі Савіцкай, якая вяла працэс, у Віцебскім абласным судзе», – дадаў праваабаронца.

Нагадаем, у 2018 годзе на Дзень Волі Мікола Качурэц выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам да помніку князю Альгерду ў Віцебску, быў затрыманы і аштрафаваны Кастрычніцкім судом на 30 б.в. (ч.2 арт. 23.34 КаАП і 23.4 КаАП). Абласны суд пакінуў пастанову бязь зменаў. Але 25 жніўня старшыня аблсуду адмяніў рашэнне Кастрычніцкага суду і накіраваў адміністрацыйную справу на новы разгляд. 27 кастрычніка яна была скасаваная ў сувязі са сканчэннем тэрміну адміністрацыйнага пакарання.

Паводле vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: