Суд над анархістам Мікітам Емяльянавым пачнецца 6 лютага

Яму ставяць у віну атаку на СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску і закідванне фарбай будынка Мінгарсуда. 

Як паведамляе фэйсбук-старонка dissident.by, акцыі былі апублікаваныя на анархісцкіх рэсурсах і прысвечаныя салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі.
Працэс над актывістам пачнецца 6 лютага ў 11.00 у судзе Савецкага раёна Мінска.

Мікіта Емяльянаў разам з Іванам Камаром былі затрыманыя 20 кастрычніка 2019 года. Супраць іх узбуджаныя дзве крымінальныя справы. Адна з іх — па артыкуле 218 ч.2 КК РБ «Наўмыснае пашкоджанне або знішчэнне маёмасці». Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Другі артыкул, па якім абвінавачваюць юнакоў, — 341 КК РБ «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці». Па гэтым артыкуле хлопцаў могуць арыштаваць на тэрмін да 3-х месяцаў. Паводле інфармацыі tut.by, справа тычыцца інцыдэнту, які адбыўся яшчэ ў верасні. Невядомыя закідалі будынак Мінгарсуда лямпачкамі з фарбай, а ў кастрычніку хтосьці шпурнуў кактэйль Молатава ў бок СІЗА на Валадарскага.

Агулам Мікіту Емяльянаву пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Ад паказанняў і супрацоўніцтва са следствам Мікіта катэгарычна адмаўляецца. За гэта актывіста спрабавалі пазбавіць ліставання з сябрамі. На знак пратэсту супраць забароны на ліставанне ён адправіў на волю лісты з выявамі супрацоўнікаў МУС са сваімі каментарамі, усведамляючы, што яны трапяць да цэнзара. Пасля гэтага хлопец атрымаў пяць сутак ізалятара. 

Пазней ліставанне было наладжана, таму падтрымаць вязня можна, напісаўшы яму ліст:

Емяльянаў Мікіта Уладзіміравіч
  Вул. Валадарскага 2, СІЗА-1
  220030
  Мінск, Беларусь




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: