Суд над Барбашынскім: у справядлівасць мала хто верыць

Судовы працэс па справе братоў Барбашынскіх аднавіўся 16 лістапада. У самай вялікай зале пасяджэнняў з цяжкасцю размясціліся больш за дваццаць чалавек, якія прыйшлі падтрымаць малодшага брата Івана.


Суддзя некалькі разоў рабіла перапынкі з-за хадайніцтваў адваката Юліі Станкевіч з прычыны неабходнасці спынення крымінальнай справы супраць Ігара Барбашынскага, які памёр у Жодзінскім СІЗА. Урэшце неабходнае рашэнне было прынята.


Дзякуючы перапынку, родзічам удалося крыху перакінуцца словамі з сынам. Маці, Галіна Шаравар, вельмі перажывае з-за хваравітага выгляду сына.

Ён непадобны на сябе. Белы твар, схуднеў на кілаграмаў на дваццаць. Скардзіцца на шум у вушах і галаве. Хворы на адно вуха, якое не чуе, а зараз баіцца, каб не стаць глухім зусім. У яго толькі адно жаданне — не вяртацца назад у Жодзінскае СІЗА, бо там ён можа памерці, — плача ўголас маці.Там могуць выжыць толькі вельмі здаровыя людзі. Сын кажа, што там людзі сядзяць, што селядцы ў бочцы. Адчыніш вакно — страшэнны сквазняк, зачыніш — можна задыхнуцца ад спёртага паветра без вентыляцыі.


Перапынкі суддзя рабіла адзін за другім. Падчас аднаго з перапынкаў прысутныя ў зале суда, ўзрушаныя відавочнай пагрозай здароўю і жыццю Івану, напісалі калектыўны зварот да суддзі Юліі Паўленка, каб тая замяніла меру стрымання на падпіску аб невыездзе для медыцынскага абследвання і лячэння абвінавачанага.


Калектыўны зварот да суддзі падпісалі 22 чалавекі. Разумеючы, што ліст звычайных грамадзян не мае юрыдычнай сілы для суда, адзін з актыўных людзей ад імя 22-х чалавек напісаў просьбу да пракурора Слуцкага раёна з тым, каб той таксама пахадайнічаў перад суддзёй аб змене меры стрымання для хворага чалавека, стан здароўя якога патрабуе тэрміновага лячэння. У якасці дадатковай аргументацыі ў звароце да пракурора была і інфармацыя пра смерць здаровага брата ва ўмовах Жодзінскай турмы.


Здзекі з сям’і Барбашынскіх працягваюцца



Толькі пасля абеду быў заслуханы сведка з боку абвінавачваемага Зміцер Лысечка, да якога падчас той нешчаслівай сакавіцкай ночы дазваніўся Іван Барбашынскі. Сведка паказаў, што па тэлефоне чуў, як Іван крычаў, каб яго не білі.

Прагляд відэаматэрыялаў з начной кавярні “Слуцкі пачастунак” быў даступным толькі для вузкага кола ўдзельнікаў працэсу. Астатнія маглі толькі здагадвацца, якія матэрыялы кулуарна даследваліся падчас галоснага і адкрытага працэсу.


За некалькі дзён да смерці Ігара Барбашынскага моцна збілі



Само паняцце “галоснасць публічнага працэсу” набыло для прысутных новы сэнс: суддзя і пракурор агучваюць матэрыялы справы настолькі ціха, што ўсім астатнім прыходзіцца напружваць усе свае разумовыя здольнасці, каб здагадацца аб сутнасці інфармацыі. Такое ж было яшчэ падчас жнівеньскіх судовых пасяджэнняў. Не дапамог і запіс у кнізе заўваг і прапаноў, дзе да суддзі Паўленка была выказана просьба выконваць заканадаўства аб галоснасці і абавязаць удзельнікаў працэсу гаварыць гучна і разборліва.

«Выратуйце хаця б майго малодшага сына!»



Суседка маці Івана Святлана Іванаўна Новік да гэтага суды бачыла толькі па тэлебачанню і не разумее такога шэпту прафесіяналаў, адказных за судовы працэс:

Я лічу, што альбо гэтыя спецыялісты проста непадрыхтаваныя, альбо спецыяльна не хочуць, каб людзі пачулі інфармацыю. Суддзя і пракурор камунікуюць паміж сабой амаль шэптам. Якія мы можам зрабіць з гэтага высновы? — абураецца жанчына.

Святлана Іванаўна ніяк не можа зразумець, якім чынам трое падрыхтаваных да нестандартнай працы міліцыянтаў, узброеных дубінкамі і газавымі балончыкамі, маглі быць пабітымі двума п’янымі мужчынамі, не верыць міліцыянтам і верыць свайму суседу.

Міліцыянт заўсёды мае рацыю?



Я ведаю гэтую сям’ю ўжо 10 гадоў, — распавядае жанчына. — Ігар быў заўсёды больш вясёлым, заўсёды з усмешкай. А Іван – сур’ёзны, заўсёды ўраўнаважаваны. Такія ўжо у дзяцінстве выглядаюць дарослымі. Я нават употай марыла, каб ён стаў маім зяцем. У сваім жыцці адказвае за сябе сам, злаваўся, калі маці прапаноўвала якія-небудзь грошы. Колькі я яго ведаю — ніколі не схлусіў. І я веру, што ён дае праўдзівыя паказанні аб тым, як усё было на самой справе.


Анатоль Болазь, пенсіянер, які прысутнічаў у зале суда, лічыць, што судовы вырак наўрад ці будзе справядлівым.

 — У мяне такое адчуванне, што суд заняў бок абвінавачвання і займаецца “абельваннем” міліцыянтаў. Ну як можна паверыць, што адзін брат у міліцэйскай машыне збіваў другога, як гэта сведчылі міліцыянты? І як можна паверыць у міліцэйскую версію, што яны пусцілі газ у аўтамашыне ў вочы абвінавачваемым, каб іх супакоіць? – працягвае разважаць пажылы мужчына. — Ды каб гэтак было на самай справе, дык іх усіх разам прыйшлося б вызваляць з гэтага аўтамабіля іншаму нараду. Кіроўца Ярашэвіч не змог бы нават дарогу ўбачыць, у яго б у самога вочы запаліліся. Анатоль Болазь верыць версіі братоў Барбашынскіх, якая сведчыць, што міліцыянты збілі іх і пусцілі газ у вочы прама на дарозе, каб укінуць у аўтамабіль.

Разгляд справы працягнецца 17 лістапада.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!