Суд над дацэнтам Наталляй Дулінай прызначаны на 2 лістапада

«Па сутнасці, мяне звольніў Лукашэнка сваімі словамі 27 кастрычніка. Астатнія толькі навыперадкі выконваюць яго загады», — сказала Дуліна.

Выхадныя звольненая з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Дуліна правядзе ў зняволенні. Суд над ёй прызначаны на 2 лістапада, Пра гэта паведамілі БелаПАН калегі выкладчыцы.

Наталля Дуліна была затрыманая 30 кастрычніка каля Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта невядомымі. Пазней з’явілася інфармацыя, што яе даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна. Дацэнт МДЛУі застанецца там да суда.

Як мяркуецца, Наталля Дуліна затрыманая па адміністрацыйным артыкуле.

30 кастрычніка каля МДЛУ прайшла акцыя салідарнасці з адлічанымі студэнтамі і звольненымі выкладчыкамі. У ёй прынялі ўдзел студэнты, іх бацькі, выкладчыкі і выпускнікі. Наталлю Дуліну, калі яна выйшла з МДЛУ, людзі сустрэлі апладысментамі. Яны трымалі расцяжку са словамі «VIVA Дуліна!» і скандавалі «Дуліна, мы ганарымся!», «Дзякуй!», «Жыве Беларусь!», «Саша, ты адлічаны!».

«Загад аб маім звальненні ёсць, я яго яшчэ не падпісала, таму што знаходжуся ў забастоўцы», — паведаміла выкладчыца БелаПАН.

«Па сутнасці, мяне звольніў Лукашэнка сваімі словамі 27 кастрычніка. Астатнія толькі навыперадкі выконваюць яго загады», — сказала Дуліна.

27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Хто выйшаў, парушаючы закон, на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў армію, а каго на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ».

Дацэнт кафедры італьянскай мовы Наталля Дуліна прапрацавала ў МДЛУ 29 гадоў. Разам з дзвюма іншымі выкладчыцамі яна звольненая з ВНУ за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Сёння стала вядома, што ўніверсітэт з салідарнасці з калегамі пакінула прафесар кафедры агульнага мовазнаўства Алена Лукашанец.


Паводле www.racyja.com, belapan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: