Суд над Дзмітрыем Паліенкам: дзень другі

У Мінскім гарадскім судзе 18 кастрычніка працягнуўся разгляд крымінальнай справы сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенкі.

Дзмітрый Паліенка на судзе 17 кастрычніка 2019 года.

На першым судовым пасяджэнні стала вядома, што пракуратура адмовілася ад ранейшых абвінавачванняў па арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку).

Справа разглядаецца толькі па ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) па факце распылення пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы.

З-за вялікага грамадскага рэзанансу суд прыняў рашэнне праводзіць працэс у адкрытым рэжыме.

На судзе выявілася шмат супярэчнасцяў паміж паказаннямі пацярпелага і сведкаў, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе.

Перад судовым пасяджэннем у чарзе быў затрыманы актывіст "Народнай грамады" Сяргей Спарыш. Яго павязалі і ўвалаклі. На падставе таго, што суддзя забараніў яму прысутнасць. Пры затрыманні прысутнічаў камандзір мінскага АМАПу Дзмітрый Балаба.

Паведамляецца, што Сяргея Спарыша затрымалі. 

Пасяджэнне пачалося. Першым выступае сведка Баруўка. Менавіта ў яго Паліенка набываў пярцовы балончык. Ён тлумачыць, што для пакупкі пярцовых балончыкаў патрабуецца толькі тое, каб чалавек быў паўналетні. Паліенку ён не памятае. Пацвярджае, што балончыкі можна ўжываць толькі для самаабароны.

Суддзя зачытвае паказанні, якія даваў Баруўка падчас следства: "Пярцовы балончык "Жгучы перчык" быў прададзены Дзмітрыю Паліенку. Пасля продажу Баруўка выйшаў у калідор і адчуў пах газу. Ператэлефанаваў кліенту і спытаўся, нашто той распыліў газ. Дзмітры Паліенка адказаў, што распыліў газ выпадкова. Клаў два балончыкі ў кішэню і націснуў адзін з іх".

Пачалі разглядаць рэчавыя доказы. Аглядаюцца пярцовыя балончыкі. Дзмітрый Паліенка пагаджаецца, што яны належаць яму.

Суд пераходзіць да даследавання аўдыязапісаў тэлефоннага званка жонкі пацярпелага ў хуткую дапамогу і відэазапісаў з кавярні, дзе знаходзіўся пацярпелы перад інцыдэнтам. Суддзя абвяшчае перапынак, бо аўдыёзапіс не спрацоўвае.

Пасля перапынку ўключылі аўдыёзапіс размовы жонкі пацярпелага Юрына са службай хуткай дапамогі. Яна патэлефанавала туды, каб даведацца, што рабіць у сітуацыі, калі яе мужу пырснулі ў вочы газам.

Жонка: Ён п’яны.

Дзяжурная хуткай: Дык што, ён на нагах не трымаецца?

Жонка: Так. Мы з дзецьмі яго паклалі.

Менавіта па гэтай прычыне хуткая не збіралася прыязджаць.

Суддзя ў пацярпелага: Вы знаходзіліся ў стане моцнага ап’янення. Што можаце патлумачыць?

Пацярпелы Юрын: Я быў не такі ўжо і п'яны. Паўгадзіны прамываў вочы ў ванне на паўсагнутых нагах. А жонка казала эмацыйна...

Далей распачаўся прагляд відэа з кавярні.

Далей распачаўся прагляд відэа з кавярні "Хмельная застава", у якой адпачываў Юрын з сябрам перад інцыдэнтам. На відэа бачна, што яны выходзяць з кавярні каля 19.00. З імі была яшчэ трэцяя асоба, з якой пацярпелы паліў на вуліцы, размаўляў. Ён тлумачыць у судзе, што гэта быў выпадковы чалавек.

Пасля невялікага перапынку працэс прадоўжыўся.

 

Праваабаронцы Павел Сапелка і Алесь Бяляцкі з судзе

Пачынаецца допыт сведкі — жонкі пацярпелага Юрына Алены Саліевай.

Яна распавядае, што пацярпелага ў кватэру завялі дзеці. Распавядае, што ў мужа складаныя адносіны з медыкамі. Яна патэлефанавала, каб пракансультавацца. Адмовілася ад прыезду брыгады хуткай, бо не хацела потым сямейнага скандалу. Пацвердзіла, што казала: муж моцна п’яны. Прыехаў сябра пацярпелага, з якім яны былі ў кавярні. Праз паўгадзіны муж далучыўся да іх.

Яна распавядае, што ўспрыняла інцыдэнт з балончыкам як непрыемнасць у сваёй сям’і. Жанчына прызнае: "У любым выпадку, чалавек выпіў. Я перавялічыла наконт ягонага ап'янення, калі тэлефанавала ў хуткую". Суддзя вырашыла паўторна паслухаць аўдыёзапіс размовы Саліевай і дзяжурнай хуткай.

Суддзя: Медработнік казаў пра неабходнасць шпіталізацыі. Чаму вы адмовіліся і неаднаразова падкрэслівалі, што муж знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення.

Саліева: Я спецыяльна перабольшыла стан мужа. Калі я пачула, што размова ідзе пра шпіталізацыю, я сказала эмацыйна.

Пракурор Кароль пытаецца, калі Саліева даведалася пра выпадак у пад’ездзе. Яна спачатку не хоча адказваць, бо не ўпэўнена, аднак затым пачынае распавядаць.

"Муж за курэнне ў пад’ездзе зрабіў заўвагу, бо малады чалавек ці то курыў, ці то прыкурваў. Міліцыю не выклікалі. Пазней муж паставіў перад фактам: падумаў і прыняў рашэнне падаць заяву ў міліцыю".

Адвакатка: Чаму вы адмовіліся ад гаспіталізацыі мужа?

Саліева: Атрымала кансультацыю і спадзявалася на лепшае. Не хацела шпіталізацыі, бо ведала, што яго могуць праверыць на ўтрыманне алкаголю ў крыві.

Зачытваюць па просьбе адвакаткі папярэднія паказанні жонкі. Ёсць разыходжанні ў паказаннях. Так, у пратаколе пазначана, што яна не выклікала міліцыю, бо была ў шоку ад сітуацыі. Таксама падчас следства яна казала, што была супраць шпіталізацыі, бо муж — працаголік.

Абвешчаны перапынак да 14.00.

Пасля перапынку ў суд выкліканы сведка Сяргей Саліеў, які з'яўляецца прыёмным сынам пацярпелага. Дзмітрый Паліенка лічыць, што сын пацярпелага можа мець намер агаварыць яго. Сведка распавядае, што калі бацька пазваніў у дамафон, дзверы пад'езда яму адчыніла сястра, але пацярпелы доўга не падымаўся ў кватэру. Тады Сяргей з сястрой спусціліся ўніз, ўбачылі бацьку і адчулі пах перцу. У бацькі быў памаранчавы твар, яны адвялі пацярпелага дамой і доўгі час чыхалі ад перцу.

На пытанні дзяржабвінаваўцы Сяргей Саліеў адказвае, што не памятае дакладную дату, не можа дакладна адказаць, ці адчуваў ён запах цыгарэтнага дыму. А вось наконт паху алкаголю адказвае, што дакладана такого не было, бо ён бы адчуў. Сам бацька ў той момант нічога не казаў сыну і не распавядаў, што здарылася. 

Ужо ў кватэры маці палівала вадой твар пацярпелага, бо ў бацькі слязіліся вочы. Сведка не прысутнічаў у той момант, калі маці тэлефанавала ў хуткую дапамогу. Пасля прамывання вачэй пацярпелага паклалі на ложак, прыехаў сябра Юрына – Каратаеў.

"Бацька распавёў, што ён ішоў па прыступках, там быў хлопец, бацька зрабіў яму заўвагу, а той пырснуў яму ў твар з балончыка. Бацька заўсёды робіць заўвагі тым, хто паліць", — кажа Сяргей Саліеў.

Сведка кажа, што пацярпелы хутчэй за ўсё не знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, пазней яны абмяркоўвалі здарэнне і прыйшлі да высновы, што гэта быў нейкі хуліган. На наступны дзень сын, які вучыцца ў медычным каледжы, заўважыў паляпшэнне ў стане здароўя Юрына.

Далей сведку запытвае адвакатка Дзмітрыя Паліенкі:

Ці прасіў бацька выклікаць хуткую ці міліцыю?

Не памятаю, не той стан быў.

Вы падымаліся на ліфце і ўвесь час былі побач з бацькам?

— Так, потым сустрэлі сястру і сказалі паклікаць маці.

Суддзя ўдакладняе:

 Калі менавіта пацярпелы патлумачыў, што адбылося на лесвічнай пляцоўцы?

 — Тады, калі пачалі аказваць першую дапамогу. Каратаеў прыехаў праз 20-30 хвілін пасля гэтага.

Ці пацярпелы казаў штосьці Каратаеву пры вашай прысутнасці?

Не, альбо я не помню.

Адвакатка пытаецца, ці прасіў пра што-небудзь пацярпелы сведку ў той час, калі яго завялі ў тамбур, але сын дакладна не памятае, мяркуе, што магчыма бацька папрасіў вады.

Абаронца просіць агалосіць паказанні сведкі падчас следства, бо ёсць супярэчнасці. 

Дзмітрый Паліенка ў судзе

Адвакатка зачытвае паказанні Сяргея Саліева ад 15 сакавіка, дзе ён сцвярджае, што твар у бацькі быў фіалетавага колеру і ён адчуў ад бацькі "нейкі пах, як пазней яму стала вядома, падобны на пах пярцовага газу". Абаронца Паліенкі запытвае сведку, чаму пры допыце ён казаў, што твар у бацькі быў фіялетавы, а цяпер — што памаранчавы? Аднак ніякага ўцямнага адказу на гэтае пытанне няма.

Таксама Сяргей Саліеў у судзе кажа, што даваў паказанні адзін раз, аднак у матэрыялах справы ёсць другі пратакол допыту ад 25 сакавіка, дзе сведка ўжо ўказвае, што твар у пацярпелага быў памаранчавага колеру, і сыходзячы з гэтага сведка зрабіў выснову, што гэта ўздзеянне перцу, менавіта таму ён пачаў глядзець у інтэрнеце, што рабіць пры такіх выпадках. Цяпер у судзе Сяргей Саліеў кажа, што магчыма ён агаварыўся.

У гэтым жа пратаколе значыцца, што сведка паведаміў, што бацька быў з жанчынай, акрамя суседкі, але падчас першага допыту пра гэта Сяргей Саліеў не казаў.

Суддзя запытвае, што гэта за жанчына была, але сведка спасылаецца на дрэнную памяць на твары, таму не ўпэўнены, суседка гэта была ці не. Сам Дзмітрый Паліенка не бачыў ніякай жанчыны. Допыт Сяргея Саліева скончаны. 

 Наступным дапытваюць сведку Андруся Войніча. Ён распавядае, што зайшоў дамоў у прыбіральню літаральна на пару хвілін, у гэты час Дзмітрый Паліенка заставаўся ў пад'ездзе. Кватэра сведкі знаходзіцца на чацвёртым паверсе. Калі выйшаў з кватэры, убачыў Юрына пасярод лесвічнай пляцоўкі паміж першым і другім паверхам. Ён пазнаў пацярпелага, бо неаднаразова яго бачыў, і амаль адразу адчуў пах пярцовага газу. Сведка сцвярджае, што Юрын быў у стане крайняга ап'янення і вочы ў яго былі адкрытыя. Войніч не аднаразова сам адчуваў уздзеянне перцу на сабе і кажа, што ў такіх выпадках вочы аўтаматычна закрываеш.

Паліенка казаў яму па тэлефоне, што пацярпелы быў п'яны, таму Дзмітрый абараняўся.

"На мяне накінуўся мужык, таму я і дастаў балон", — казаў пасля Паліенка. 

Паводле spring96.org


 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!