Суд над Кондрусем: плач, абурэнні, спроба суіцыду

У судзе Маскоўскага раёна Мінска распачаўся судовы працэс па абвінавачанні жыхара Рудзенска Уладзіміра Кондруся ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 года.

Фота ПЦ "Вясна"

Адкуль новая справа за «Плошчу»?

Яшчэ ўвесну бягучага году некаторыя інтэрнэт-рэсурсы і недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі апублікавалі два фота: на адным чалавек, падобны на Уладзіміра Кондруся, спрабуе нейкай прыладай праламіць дзверы Дома ўрада. На іншым фота — Кондрусь у 2010 годзе на адной з вулічных акцыяў апазіцыі ў Мінску. У каментарах пад здымкамі і ў некаторых высновах журналістаў утрымліваліся меркаванні, што гэты чалавек на здымках — правакатар. Тым не менш, ужо летам праваахоўныя органы, якія зацікавіліся асобай, што была на фота, затрымалі 39-гадовага Кондруся і пасадзілі яго ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён знаходзіўся да пачатку суда ў сераду.

З свайго боку, многія апазіцыйныя палітыкі раскрытыкавалі журналістаў і назвалі справу ў дачыненні да Кондруся палітычнай. А праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Асаблівасці тутэйшай дысцыпліны

Справу Кондруся разглядае намесніца старшыні суда Маскоўскага раёна сталіцы Святлана Бандарэнка, абараняе абвінавачанага адвакат Вадзім Мушынскі. Яшчэ перад пачаткам працэса на стале суддзі з’явіўся амаль дзясятак аб’ёмных тамоў крымінальнай справы. Прысутныя са здзіўленнем задаваліся пытаннем — адкуль столькі магло ўзяцца? Але ўцямнага адказу ніхто не атрымаў.

Адвакат Вадзім Мушынскі

Адвакат Вадзім Мушынскі


Варта адзначыць, што апошнім часам на судовых працэсах з палітычным адценнем назіраюцца неверагодныя меры перасцярогі з боку міліцыянтаў. Так было і падчас нядаўняга агалошання выраку блогеру Эдуарду Пальчысу, які таксама прысутнічаў у залі суда 16 лістапада. Дарэчы, падтрымаць Кондруся прыйшлі былыя палітвязні Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч, актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў ды некаторыя іншыя вядомыя асобы.  


Спачатку кантроль і дагляд асабістых рэчаў ажыццяўляўся пільнымі ахоўнікамі на ўваходзе ў будынак суда, а потым, яшчэ больш жорсткі і працяглы, — перад залай судовых паседжанняў. У аўтара гэтых радкоў асоба ў цывільным дасканала вывучыла нават змесціва гаманца. Ладна, кожны адпрацоўвае свой хлеб як можа.

Кантроль перад залай суда

Кантроль перад залай суда


Прысутным журналістам дазволілі зрабіць фота і відэа толькі да моманту з’яўлення ў залі суддзі. Як і чакалася, Святлана Бандарэнка забараніла весці фота- і відэаздымкі падчас судовага паседжання. Якое, як аказалася, так і не змагло паўнавартасна пачацца.  


Спроба парэзаць вены

Пасля таго, як канвой увёў у залу Уладзіміра Кондруся, той зняў куртку, паклаў яе на падлогу і лёг на яе. На словы суддзі ён не рэагаваў. Бандарэнка абвесціла дзесяціхвілінны перапынак (які насамрэч зацягнуўся на паўгадзіны), каб адвакат мог пагаварыць са сваім мандантам і высветліць стан яго здароўя і прычыны, чаму Кондрусь ляжыць на падлозе ў судовай клетцы.

Пасля перапынку абаронца Кондруся паведаміў, што такім чынам той выказвае свой пратэст супраць ягонага судовага пераследу. Да таго ж, да падсуднага выклікалі медыкаў, якія пацвердзілі, што той па стане здароўя можа браць удзел у працэсе. Але Кондрусь зноў лёг на падлогу і адмовіўся кантактаваць з суддзёй. Тая на адказ паставіла пытанне пра выдаленне Кондруся з залі суда і пра працяг разгляду справы ў яго адсутнасці.

У гэты момант падсудны здзейсніў спробу нейкім прадметам парэзаць сабе вены. Да яго кінуліся міліцыянты з канвою. Сястра і цётка Кондруся пачалі лямантаваць і плакаць, патрабуючы тэрміновай дапамогі свайму родзічу. Судзя пакінула залу паседжанняў, праз колькі хвілінаў тое ж самае зрабіла і пракурор, прычым сыходзіла яна з усмешкаю на твары. Гэта выклікала бурныя абурэнні з боку сваякоў і прысутных апазіцыянераў. Самога Кондруся вывелі з залы. Больш яго ў сераду ніхто не бачыў. Статкевіч, Севярынец ды іншыя на патрабаванне міліцыянтаў адмовіліся пакідаць залу паседжанняў, пакуль не стане вядома, што з падсудным і як далей будзе развівацца справа. Адзін з афіцэраў міліцыі праз некаторы час паведаміў, што Кондрусю аказана кваліфікаваная медычная дапамога і ягонаму жыццю нічога не пагражае.

Сваякі Уладзіміра Кондруся

Сваякі Уладзіміра Кондруся

Пасля чарговага перапынку суддзя Бандарэнка з’явілася ў залі толькі на пару хвілінаў. Яна паведаміла, што ў дачыненні да Кондруся пасля здзяйснення ім спробы суіцыду будзе праведзена стацыянарная псіхіятрычна-псіхалагічная экспертыза. Па словах адваката Вадзіма Мушынскага, такім чынам працяг разгляда справы ў дачыненні да яго падабароннага — апошняга фігуранта крымінальнай справы за «Плошчу 2010» — можа адбыцца не раней за другую палову снежня.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: