Сястра Рамана Бандарэнкі: Барысевіч узгадняла з ёй публікацыю

23 лютага — трэці дзень у судовым працэсе па справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна. Іх, нагадаем, абвінавачваюць у разгалошванні медычнай таямніцы, якая складалася ў тым, што на момант паступлення ў бальніцу Раман Бандарэнка быў цвярозы.
Фота: Belta via Reuters

Фота: Belta via Reuters

Родныя хлопца далі дазвол на публікацыю гэтых звестак. Тым не менш, журналістка TUT.BY і ўрач БХМД сталі абвінавачанымі па крымінальным  артыкуле. Ужо чацвёрты месяц яны знаходзяцца ў СІЗА. Суд прыняў рашэнне разглядаць іх справу ў закрытым рэжыме.

Судовае пасяджэнне ў аўторак прызначанае на 10.15. Справу разглядае суд Маскоўскага раёна Мінска ў будынку Дома правасуддзя на вуліцы Сямашкі, піша TUT.BY.

Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна завялі ў залу а 10.04.

Суддзя — Святлана Бандарэнка, дзяржабвінаваўца — Людміла Іваненка. Арцёма Сарокіна абараняе адвакат Вольга Бацюк, Кацярыну Барысевіч — Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук.

Абвінавачваюць Кацярыну і Арцёма паводле ч.3 арт. 178 — «Разгалошванне медычнай таямніцы, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы».

Трэці дзень пасяджэння пачаўся з допыту сведак.

— Сведка Лі, — паклікала памочніца старшыні суду Маскоўскага раёна.

Лекар з такім прозвішчам аглядаў Рамана Бандарэнку, калі той паступіў у прыёмны пакой.

На суд у якасці сведкі таксама выклікалі сястру Рамана Бандарэнкі Вольгу. Яна падкрэслівае, што ўвесь час, пакуль Раман знаходзіўся ў бальніцы, сваякі публічна распавядалі пра яго стан. Пасля, калі з'явілася інфармацыя пра тое, што нібыта ён быў п'яны, сям'я Рамана дала згоду на публікацыю дадзеных лабараторных даследаванняў. У іх, нагадаем, паказвалася, што ў крыві Рамана не было выяўлена этанолу. Вольга кажа, што яна асабіста ўзгадняла з Кацярынай Барысевіч гэтую інфармацыю — у прамежку паміж паведамленнем СК аб тым, што пры першасным аглядзе Рамана быў пастаўлены дыягназ «алкагольная інтаксікацыя», і нататкай пра «нуль праміле». Два артыкулы былі апублікаваныя на партале TUT.BY з розніцай у 43 хвіліны.

Пра тое, што збіраецца распавесці суду, Вольга паведаміла да таго, як увайшла ў залу і дала падпіску аб невыдаванні.

Што адбывалася ў першы дзень працэсу?

Падтрымаць Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна 19 лютага сабраліся больш за 100 чалавек — іх калегі, сябры і незнаёмыя людзі. Трапіць у залу змаглі нямногія. Калегам Кацярыны з незалежных СМІ адмовілі ў акрэдытацыі на працэс.

На пачатку працэсу дзяржабвінаваўца Людміла Іваненка хадайнічала аб тым, каб правесці суд у закрытым рэжыме. Абарона была катэгарычна не згодная: ёсць заява маці Рамана Бандарэнкі, якая настойвала на адкрытасці пасяджэння.

Кацярына і Арцём падтрымалі пазіцыю адвакатаў. «Я хачу, каб грамадства ведала, за што судзяць журналіста і лекара, таму падтрымліваю хадайніцтва адваката», — сказала Кацярына Барысевіч.

Тым не менш, праз 10 хвілін у дарадчым пакоі суддзя Святлана Бандарэнка вырашыла закрыць працэс: «Каб пазбегнуць выдавання ахоўнай законам медыцынскай таямніцы і дадзеных папярэдняга расследавання», — а таксама таму, што «матэрыялы справы ўтрымліваюць медыцынскія дакументы, у тым ліку раней не публікаваліся».

У першы дзень у якасці сведак паспелі дапытаць Алену Бандарэнка, маці загінулага Рамана, а таксама двух лекараў БХМД, адзін з іх — рэаніматолаг. Адвакаты мяркуюць, што справу могуць разгледзець да канца гэтага тыдня.

Што вядома пра другі дзень суда?

22 лютага ў судзе працягнулі апытваць сведак-лекараў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, у тым ліку лекара Рамана Бандарэнкі. З іх узялі падпіску аб неразгалошванні.

На працягу ўсяго дня каля дзвярэй залы судовага паседжання дзяжурылі прадстаўнікі сілавых структур: міліцыянты ў форме і супрацоўнікі ў цывільным.

Наведвальнікаў, якія заяўлялі, што ідуць на суд над Сарокіным і Барысевіч, адмаўляліся прапускаць у будынак, спасылаючыся на тое, што працэс закрыты.

Што адбылося?

Крымінальную справу ў дачыненні да Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна распачалі 19 лістапада 2020 года. Іх абвінавацілі ў разгалошванні медыцінскай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — тры гады пазбаўлення волі. Нагадаем, 13 лістапада пад аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на медыцынскія дакументы і каментар лекара сцвярджалася, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Першыя асобы краіны заяўлялі, што памерлы хлопец быў п'яны.

Арцём Сарокін — анестэзіёлаг БХМД, урач вышэйшай катэгорыі. Яму 37 гадоў. Калегі адклікаюцца аб ім як аб прафесіянале, які ўмее праводзіць любыя віды аперацый. Менавіта ён працаваў у тую ноч, калі ў бальніцу прывезлі збітага Рамана Бандарэнку, і рабіў яму анестэзію. Дома Арцёма Сарокіна чакаюць жонка Наталля і трое дзяцей: 9-гадовы Міша, 6-гадовы Фёдар і маленькая Лія.

Фота: Belta via Reuters

У красавіку журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч таксама споўніцца 37. У журналістыцы яна амаль 15 гадоў, спецыялізуецца на прававых тэмах: піша аб гучных крымінальных справах, судовых разглядах. Кацярына не раз станавілася лаўрэатам шматлікіх прафесійных конкурсаў. У прыватнасці, у 2015 годзе Генеральная пракуратура ўзнагародзіла яе дыпломам пераможцы «За прафесіяналізм і журналісцкае майстэрства». Летась за яе прафесійную дзейнасць на Кацярыну завялі крымінальную справу.

Беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна палітвязнямі, міжнародная арганізацыя Amnesty International назвала іх вязнямі сумлення.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: