Суд над Лябедзькам перанеслі на 23 лютага

Суд над старшынём Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолем Лябедзькам за «непадпарадкаванне супрацоўніку ДАІ» перанеслі на 23 лютага. Такое рашэнне ў панядзелак падчас пасяджэння прыняў старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар Новік.
Лябедзька ля суда Жабінкі. Справа ў святлоадбівальнай камізэльцы — супрацоўнік ДАІ, які, па словах Лябедзькі, яго затрымліваў. Фота: АГП

Лябедзька ля суда Жабінкі. Справа ў святлоадбівальнай камізэльцы — супрацоўнік ДАІ, які, па словах Лябедзькі, яго затрымліваў. Фота: АГП

Лябедзька быў затрыманы 9 лютага, пасля пікету кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў у Брэсце.

Пасля мерапрыемства машыну з Анатолем Лябедзькам і Аляксандрам Дабравольскім «без выразнага тлумачэння прычын» спынілі на трасе Брэст - Мінск у Жабінкаўскім раёне. Лябедзьку даставілі ў Жабінкаўскі РАУС, дзе склалі пратакол аб непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі і аб'явілі аб затрыманні. Пасля яго перавезлі ў РАУС Кобрына.

Лябедзьку прывезлі да будынка суда Жабінкі ў панядзелак у 12 гадзін. На ўваходзе яго чакалі актывісты АГП, журналісты і лідар «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які вёў прамую трансляцыю сустрэчы з Лябедзькам на сваёй старонцы ў Facebook.

— Тое, што мне інкрымінуюць непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі — поўная хлусня, — распавёў Анатоль Лябедзька сабраўшымся. — Супрацоўнікі ДАІ мяне самі выцягнулі фізічна з аўтамабіля. У РАУС Кобрына справу для суда складалі 5 гадзін, на мяне склалі два пратаколы. Адзін — што я не меў права кіраваць транспартным сродкам — у мяне скончыліся правы, а медыцынскую даведку мне на даюць. У мяне быў адзін выпадак, калі я страціў прытомнасць, і таму мне кажуць, што не могуць даць даведку, хоць усе камісіі я прайшоў. Другі пратакол — аб непадпарадкаванні супрацоўнікам ДАІ, якія нас спынілі. Але гэта хлусня.
Лябедзька правёў у будынку суда 10 хвілін. Пасля яго павезлі зноў у РАУС. Фота: АГП

Лябедзька правёў у будынку суда 10 хвілін. Пасля яго павезлі зноў у РАУС. Фота: АГП


У будынку суда Лябедзька правёў 10 хвілін. Пасля чаго супрацоўнікі ДАІ і міліцыі зноў павезлі яго ў РАУС, патлумачыўшы гэта тым, што «прывезлі не ўсе пратаколы».

Да 14 гадзін Лябедзька зноў прывезлі ў суд. У зале суда нават дазволілі здымку: на суд прыехалі здымачныя групы тэлеканалаў АНТ і Беларусь-1. Лябедзька ў судзе напісаў хадайніцтва аб прадастаўленні яму часу на азнаямленне з матэрыяламі справы. Старшыня суда Жабінкаўскага раёна Віктар Новік прыняў рашэнне перанесці суд на 23 лютага.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць