Суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» ў Магілёве будзе закрытым

Крымінальная справа ў дачыненні да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»  — Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча — будзе разглядацца ў судзе ў закрытым рэжыме, адзначае «Радыё Рацыя».


Пачатак працэсу запланаваны на 12 траўня — пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе.

 «Крымінальная справа будзе разглядацца ў закрытым судовым пасяджэнні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон», — паведаміла супрацоўніца абласнога суда, куды інфармацыйная кампанія «БелаПАН» звярнулася па акрэдытацыю карэспандэнта для асвятлення суда.

Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года ля свайго дома ў Мінску неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.

21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачатая справа паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса («Затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства»). Затым стала вядома, што Севярынцу выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»), яго пакінулі пад вартай.

Войніч, Юхневіч і Афнагель былі затрыманыя 25 верасня мінулага года. У кастрычніку ім выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» Афнагелю было выстаўлена яшчэ адно абвінавачанне — паводле ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці»).

Пра затрыманне Вінярскага МУС паведаміла 26 студзеня. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, яму таксама выстаўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»).

Блогер youtube-канала «Шэры кот» Дзмітрый Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня і на наступны дзень арыштаваны на 20 сутак. Ён павінен быў выйсці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Казлова распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Усе шасцёра абвінавачаных знаходзяцца ў магілёўскай турме № 4.

www.racyja.com, belapan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: