Суд над Вольгай Сінялёвай, якая адмовілася здаваць кватэру Аліне Касьянчык, закрыты. Дапоўнена

У Мінску ў закрытым рэжыме судзяць жанчыну, якая адмовілася здаваць кватэру памочніку пракурора Аліне Касьянчык.

Вольга Сінялёва каля суда 

Вольга Сінялёва каля суда 

У судзе Заводскага раёна Мінска 18 чэрвеня распачаўся судовы працэс па справе Вольгі Сінялёвай, якая папрасіла з’ехаць са здымнай кватэры памочніцу пракурора Аліну Касьянчык. Следства расцаніла гэта як злачынства на глебе дыскрымінацыі супрацоўніцы пракуратуры.

Вольгу Сінялёву судзяць па артыкуле 190 КК — «Парушэнне раўнапраўя грамадзян». Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч.

На пачатку працэса дзяржабвінаваўца Кунцэвіч хадайнічала, каб суд па справе Сінялёвай быў закрыты. На яе думку, у выпадку адкрытага пасяджэння будуць разгалошаны асабістыя даныя пацярпелай Касьянчык. Адвакат Мачалаў сказаў на гэта, што ў матэрыялах справы фактычна няма інфармацыі пра Касьянчык, адпаведна, няма чаго разгалошваць.

Так, паводле яго слоў, у матэрыялах справы адсутнічае адрас яе рэгістрацыі, мабільны тэлефон. «Гэта рэдкі выпадак, калі мне дазволілі фатаграфаваць матэрыялы справы, — кажа адвакат. — А той факт, што Касьянчык здымала жыллё, быў разгалошаны прэс-службай пракуратуры».

Адвакат палічыў, што дзяржабвінаваўца сваім хадайніцтвам схіляе суд на бок сваёй калегі, а не спрыяе аб'ектыўнасці працэсу. Пацярпелая хадайніцтва падтрымала.

Сваякі Вольгі Сінялёвай. Злева — Бацька Вольгі Мікалай 

У выніку суд пастанавіў праводзіць пасяджэнне ў закрытым рэжыме.

Бацька Вольгі Мікалай здзівіўся такому рашэнню, бо меркаваў, што працэс усё ж будзе праходзіць у адкрытым рэжыме.

Андрэй Мачалаў 

Падчас перапынку адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў само абвінавачанне назваў абсурдным, а артыкул, па якім судзяць жанчыну, — рэдкім:

Мала хто з беларускіх адвакатаў абараняў чалавека, якога абвінавачвалі паводле 190-га артыкула Крымінальнага кодэкса, — сказаў Андрэй Мачалаў.

Вольга знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Муж, які выступае як сведка на судовым працэсе, — таксама.

Вольга Сінялёва ў судзе

У Сінялёвай двое малых дзяцей. Вользе пагражаюць штраф або выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або абмежаванне волі да двух гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Раней стала вядома, што, калі падсудная прапанавала пацярпелай з'ехаць, канфлікту паміж імі не было. Апошняя пагадзілася, і, калі знайшла новае жыллё, дамову скасавалі па пагадненні бакоў. Затым была распачата крымінальная справа па прыкмеце дыскрымінацыі супрацоўніцы пракуратуры.

Генпракуратура адзначала, што наймальніца жылля своечасова выконвала ўсе абавязкі па дамове, а арэндадаўца, на думку ведамства, «паддалася інфармацыйнаму ўздзеянню Telegram-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў» і запатрабавала ад пракурорскага работніка вызваліць жыллё.

Пазней стала вядома, што суд увогуле не адбыўся. Суддзя абвясціла, што адвакат Сінялёвай Андрэй Мачалаў быў пазбаўлены ліцэнзіі яшчэ 31 мая.

У выніку пасяджэнне пачнецца зноў, але толькі 25 чэрвеня.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: