Суд над Знакам і Калеснікавай, дзень другі. Зікрацкі: «Яны вінаватыя толькі ў тым, што выказвалі сваю пазіцыю»

У чацвер з 9.30 працягваецца працэс над аднымі з самых яркіх актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі. За якім сочаць усе.
Фота Getty Images

Фота Getty Images

У судзе Мінскага раёна праходзяць пасяджэнні па справе чальцоў штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, чальцоў Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і адваката Максіма Знака.

Працэс вядзецца ў закрытым рэжыме.

—  Крымінальна-працэсуальны кодэкс дае канкрэтны пералік падстаў, паводле якіх судовае пасяджэнне могуць зрабіць закрытым. І звычайна гэта робяць з мэтай абараніць нейкую таямніцу, прыватнае жыццё або дзяржаўныя сакрэты. Чаму ў дадзеным выпадку суд прыняў рашэнне аб закрытым працэсе, мне незразумела, — сказаў пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Сяргей Зікрацкі ў эфіры Еўрарадыё.

Сяргей Зікрацкі ў свой час быў адвакатам аднаго з абвінавачаных, ён вывучаў крымінальную справу.

Як былы абаронца Максіма Знака, магу сказаць, што я не бачыў у гэтай крымінальнай справе ніякіх прычын для таго, каб судовы працэс быў закрытым. На мой погляд, ён абвешчаны закрытым надумана, для таго, каб ніхто не зразумеў, якія канкрэтныя доказы ёсць у следства, якія доказы ёсць у пракуратуры па абвінавачваннях Максіма Знака і Марыі Калеснікавай.

Мы абсалютна ўпэўненыя, што ніякіх доказаў па тых артыкулах, якія ім прад'яўленыя, няма. І што тое, што нам агучваецца ў публічнай прасторы, Максім і Марыя не здзяйснялі.

Яны абсалютна не вінаватыя і цяпер утрымліваюцца за кратамі толькі таму, што выказвалі сваю пазіцыю і былі палітычна актыўнымі, абаранялі той выбар, які зрабілі ўсе мы, — падкрэсліў Сяргей Зікрацкі.

Нагадаем, Марыя і Максім знаходзяцца пад вартай з верасня 2020 года. Ім прад'явілі абвінавачванні адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса — «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім».

Абодвум абвінавачаным пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітвязнямі.

Паводле gazetaby.media

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: