Суд над Золатавай, дзень пяты: «Студэнтка, камсамолка, выдатніца»

Сёння асабліва цікавага ў працэсе над Золатавай (адкрытай яго часткі) нічога не было. Сведак не запрашалі, — бачна, яны скончыліся. Скончылі зачытваць матэрыялы справы і аглядаць рэчавыя доказы. Нагадаю, што пасля абеду пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме.


У закрытым рэжыме таму, што будзе разглядацца асабістая перапіска Марыны Золатавай, Галіны Уласік, Ульляны Бабаед, Ганны Калтыгінай, Ганны Рудэнка і іншых.


«Я цябе зляпіла, з таго, што было»

Наша следства вельмі цікавае. Падобна на тое, што самім следствам у адносінах да Золатавай яны нават не напружваліся. Бачна, яны спрабавалі толькі запужаць сведкаў, каб яны агаварылі галоўную рэдактарку ТUT.BY. А калі гэтага не атрымалася — звалілі ўсё ў адну не вельмі добра пахучую кучу і падумалі: «Хай з гэтым суд разбіраецца!»

З вуснаў пракурора, якая зачытвала матэрыялы справы, часцяком гучалі фразы кшталту «пратакол агляду прадметаў, якія не маюць дачынення да прад’яўленага абвінавачвання», «на носьбіце інфармацыі файлы, якія прадстаўляюць інтарэс для гэтай крымінальнай справы, не знойдзеныя», «пратакол агляду, які не мае дачынення да гэтай крымінальнай справы», «агляд прадметаў, што не адносяцца да справы», «пратакол агляду, які адносіцца да абвінавачвання іншых асобаў»…

Што там казаць! 48-мы том крымінальнай справы складаецца з дакументаў і матэрыялаў, якія не маюць дачынення да справы, узбуджанай супраць Золатавай. Цэлы том!

Не дзіва, што матэрыялы крымінальнай справы складаюцца з больш чым 50-ці тамоў.


Грошы — галоўнае?

Цікавыя таксама паводзіны пракурора. Канешне, працоўныя кантракты, дамовы падраду, загады пра камандзіроўкі, загады пра прыняццё на працу — даволі важная інфармацыя. Яна дае магчымасць зразумець, хто і з якога часу працаваў у ТUT.BY, — значыць, наколькі кіраўніцтва было задаволенае працай супрацоўнікаў і наколькі яны прафесіяналы ў сваёй справе.

Таксама было агучана, што на кампутары Золатавай знайшлі бухгалтарскія файлы.

Але навошта ў адкрытым судовым пасяджэнні агучваць памеры працоўных акладаў супрацоўнікаў ТUT.BY? Тым больш, што гэтыя працоўныя аклады — яшчэ ў «старых» беларускіх рублях, мільённыя? Навошта агучваць памер гадавой прэміі галоўнага рэдактара ТUT.BY і рэдактараў? Пра што сведчаць гэтыя лічбы?

Пракурорцы сёння давялося шмат чытаць уголас


Мы і без пракурора ведалі, што заробкі і прэміі ў недзяржаўных журналістаў — не такія ўжо і вялікія. Што на журналістыцы (тым больш недзяржаўнай) не разбагацееш. Але мне б хацелася ведаць, пра што ў судзе па абвінавачванні Золатавай можа сведчыць памер прэміі яе падначаленага рэдактара? Ці так ужо гэта важна для справы?

Гэта, як мінімум, не далікатна.


«Студэнтка, камсамолка, выдатніца»

Затое мы даведаліся, якая ж прыгажунька і малайчынка Марына Золатава. У 1999 годзе яна скончыла БДУ з «чырвоным» дыпломам. Потым паспяхова скончыла аспірантуру — прычым, не БДУшную, а Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яна працягвала вучыцца надалей, скончыла курсы польскай мовы — ізноў з «чырвоным» дыпломам, які дае ёй права выкладаць польскую ў сярэдніх навучальных установах.

Пры гэтым яна паралельна працавала стыль-рэдактарам у недзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелаПАН (я там адпрацаваў больш за 10 гадоў і скажу, што гэта зусім не «расслабляльная» праца). З 2004 года яна перайшла ў ТUT.BY, а потым, пераводам, у ААТ «ТUT.BY медыя». І з 2012 года з’яўляецца галоўным рэдактарам.

Такім чынам, 15 гадоў яна працуе фактычна на адным працоўным месцы. Каб яна не была прафесіяналам вышэйшага ўзроўню, наўрад ці б яна там затрымалася настолькі надоўга. Гэта азначае, што ёю выключна задаволены працадаўца, і галоўнае — што яе праца ёй самой падабаецца.

Звесткі пра асобу Золатавай суд павінен прыняць пад увагу.

Апошні том крымінальнай справы заканчваецца хадайніцтвам Золатавай перавесці яе крымінальную справу ў адміністрацыйны працэс, на падставе артыкула 86 Крымінальнага кодэкса. Яна прасіла замяніць крымінальную справу адміністрацыйнай на падставе таго, што ў яе ёсць непаўналетнія дзеці, яна мае станоўчую характарыстыку з месца працы, у поўным памеры сплаціла шкоду, раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці. Ёй было вядома пра наяўнасць пароля ад платнага сайту БелТА толькі ў аднаго супрацоўніка, Калтыгінай. З Калтыгінай яна правяла тлумачальную працу. Асабіста яна платную падпіску не выкарыстоўвала і не заахвочвала выкарыстоўваць яе сваіх супрацоўнікаў.

Такіх хадайніцтваў было два. На першае Золатавай адказалі, што перавод яе справы ў адміністрацыйную не прадстаўляецца магчымым, паколькі яна «не супрацоўнічала са следствам і не адказвала на пытанні». Але насамрэч Золатава на большасць пытанняў следства адказвала і не адмаўлялася садзейнічаць у  расследаванні. Хаця магла ўвогуле маўчаць, на падставе таго, што кожны мае права не сведчыць супраць сябе і сваіх родных.

На другое — проста адмовілі без тлумачэння прычынаў (наколькі зачытала адказ пракурор).


Таксама абаронца Золатавай падавала хадайніцтва пра спыненне крымінальнай справы за адсутнасцю складу злачынства. Ёй таксама было адмоўлена — і таксама, наколькі агучыла пракурор, без тлумачэння прычынаў.


Рознагалоссі

Напрыканцы пракурор запытаўся ў прадстаўнікоў пацярпелага боку, ці падтрымліваюць яны грамадзянскі іск да Золатавай у межах крымінальнай справы. І вось тут узнікла цікавостка.

Зразумела, прадстаўнікі БелТА іск падтрымалі. Аднак адвакатка Золатавай запыталася, як сплочвалі шкоду іншыя фігуранты «справы БелТА», якія вызваленыя ад крымінальнай адказнасці: кожны сам па сабе, ці як прадстаўнікі арганізацыі?

Высветлілася, што БелТА выставіла рахунак кожнаму, як фізічным асобам. І з кожнага, як з фізічнай асобы, атрымала кампенсацыю.

Але ў такім разе Марына Золатава ўвогуле ні пры чым! Яна не можа кантраляваць «фізічных асобаў»! Яна, у межах сваёй кампетэнцыі кантралюе супрацоўнікаў рэдакцыі! Калі б кампенсацыю запатрабавалі ад ТUT.BY — тады зразумела, Золатава па працы не пракантралявала дзейнасць сваіх падначаленых. А калі яны «фізічныя асобы» — ці мае права Золатава іх кантраляваць?

Тым больш, што «фізічныя асобы» сплацілі ўсю шкоду. Дарэчы, сама Золатава таксама сплаціла (хоць і не падлучалася да платнай ленты навінаў БелТА). Бо, па версіі следства, платнай падпіскай па чужым лагіне карысталіся «неўсталяваныя асобы з чальцоў рэдакцыі ТUT.BY».

Таксама пытаннечка: калі асобы «неўсталяваныя», чаму следства вырашыла, што яны «з ліку чальцоў рэдакцыі ТUT.BY»? Але менавіта за іх заплаціла галоўная рэдактарка ТUT.BY.

Прадстаўнік «СБ-Беларусь сегодня» Шпілеўскі ўвогуле спачатку заявіў, што шкода, прычыненая «левымі» заходамі на сайт БелТА, сплочаная ў поўным аб’ёме, і ён не падтрымлівае іскавыя патрабаванні да Золатавай. Яму тлумачылі, што новы іск да Золатавай у памеры 6000 рублёў звязаны з аплатай паслуг адвакатаў. Але ён, падаецца, гэтага не вельмі зразумеў і папрасіў час, каб выпрацаваць салідарную пазіцыю са сваімі калегамі.

Яшчэ пытаннечка. Калі такім «монстрам» як БелТА і «СБ-Беларусь сегодня» патрэбныя паслугі адвакатаў, навошта яны трымаюць у сябе юрыдычныя аддзелы?

Карацей, «дзірак» у гэтай справе, як у кепскім дэтэктыве. «Забойца — садоўнік».

Чытайце таксама:

Першы дзень суда

Другі дзень суда

Трэці дзень суда

Чацьвёрты дзень суда



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!