Суд над журналісткай НЧ: справу вярнулі на дапрацоўку

Сёння, 10 снежня, журналістку «Новага Часу» судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» 20 снежня 2019 года. Аднак падчас акцыі Дзіяна Серадзюк была ў зусім іншым месцы.

Сёння ў судзе Першамайскага раёна Мінска адбылося судовае пасяджэнне. Журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк судзілі за акцыю, у якой яна не ўдзельнічала.

Суддзёй быў М. Трусевіч. Супрацоўнік АМАП Віталій Івашкоў, на падставе пратакола якога грунтавалася абвінавачванне, упэўнена сцвярджаў, што Дзіяна была на Кастрычніцкай плошчы каля ёлкі разам з іншымі пратэстоўцамі (Севярынцам, Статкевічам, Сіўчыкам, Спарыша), трымала бел-чырвона-белы сцяг і крычала лозунгі. Іншы сведка абвінавачвання на суд не прыйшоў, але яго пратакол слова ў слова паўтараў калегавы.

Са свайго боку Дзіяна засведчыла, што ў час, пазначаны пратаколам, яна была разам са сваім мужам у зусім іншым месцы. Яе словы пацверджаны пісьмовымі паказаннямі знаёмай, у якой Дзіяна была ў гэты час. 

Нягледзячы на абсурднасць абвінавачвання, суддзя справу не закрыў, а вярнуў пратакол на дапрацоўку ў міліцыю.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: