«Куль на вас шкада». Што адбывалася на першым пасяджэнні суда над Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай

У судзе Фрунзенскага раёну Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай. З залі суда перадае карэспандэнт «Новага Часу» Дзмітрый Дзмітрыеў. Ён сведчыць, што абедзве журналісткі не прызнаюць сваёй віны.

Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова знаходзяцца ў зняволенні з 15 лістапада. Нягледзячы на амаль трохмесячную няволю, абедзве выглядаюць бадзёра.

Вядзе працэс суддзя Наталля Бугук.

На пачатку працэса абарона журналістак заявіла некалькі хадатайніцтваў.

Так, адвакат папрасіў далучыць да справы схемы маршрутаў грамадскага транспарту ў дзень, калі адбыўся разгон на Плошчы Перамен, а таксама квітанцый аб выплаце 50% заяўленай сумы шкоды. Суд прымае гэтыя хадатайніцтвы.



Нагадаем, журналісткам прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". Ім можа пагражаць штраф, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне волі на гэты ж тэрмін.

Іх таксама абвінавачваюць у тым, што стрым з Плошчы Перамен нібыта выклікаў прыпыненне 19 маршрутаў грамадскага транспарту: 13 аўтобусных, трох тралейбусных і трох трамвайных. Агульную суму страт «Мінсктранс» ацаніў у больш чым 11 тысяч рублёў.

Таксама абарона просіць змяніць для рэпарцёрак меру стрымання. Аднак бок адвінавачвання лічыць, што мера стрымання абрана слушна. Суддзя і абвінаваўцы накіраваліся ў асобны пакой, каб параіцца.

У выніку меру стрымання пакінулі ранейшай.

Між тым, аднаго з прысутных выводзяць з залы суда. Па якой прычыне, да канца не зразумела — ён нешта сказаў, за што міліцыянер яго вывеў за дзверы.

Вось, дарэчы, як гэта выглядала (відэа «Белсат»).

Тым часам суддзя таксама зрабіла заўвагу перакладчыку, які знаёміць з ходам працэсу прадстаўнікоў замежных дыпмісій. Яны таксама прысутнічаюць у залі.


Пачаўся допыт сведак. Першым на пытанні адказвае Мікалай Скарына, жыхар Смаргоўскага тракта, які палягае недалёк ад Плошчы Перамен.

Коратка, што сказаў першы сведка. Ён пенсіянер.

У той дзень ён не змог выехаць са двара з-за пратэстоўцаў, але Андрэеву і Чульцову не бачыў. Таксама сведка заявіў, што тэлефанаваў у 102 з нагоды таго, што непадалёк у машыне сядзелі людзі ў камуфляжы і з рацыямі, якія нібыта каардынавалі пратэстоўцаў. Дадзенага эпізоду няма ў матэрыялах допыту.

Адвакат на гэта паказаў, нагадаўшы, што на стадыі следства падчас допыта ён казаў пра іншую прычыну званка ў міліцыю.

Сведка адказаў, што не ведае, чаму яго паказанні на допыце былі адлюстраваны не поўна. Кажа: «Следчы сказаў, што ён сам адбярэ», — сказаў пенсіянер. У гэты момант у залі пачуліся смяшкі.

Зараз перад судом выступае другі сведка — жанчына. Распавядае, што прыязджала на маршрутцы ў госці на Сморгаўскі тр-т, 1. Бачыла «мірнае скапленне людзей», якія часам скандавалі «Жыве Беларусь». Непасрэдна на дарозе былі адзінкавыя людзі.

Потым яна трапіла ў кватэру, дзе былі гаспадары жыллёвай плошчы і журналісткі Андрэева і Чульцова. Каля вакна кватэры стаяла «вялікая тэлекамера з вялікім аб'ектывам». Пытанне, што ў кватэры робяць журналісткі, яна не задавала.



На погляд сведкі, з дапамогай камеры тэлевізійшчыцы здымалі тое, што адбывалася на Плошчы Перамен.

Потым яна была ў пакоі з дзецьмі. Калі ў кватэру прыйшоў АМАП затрымліваць журналістак, яна закрыла фіранкі, каб «гэтага не бачылі дзеці». Таксама сведка адзначыла, што людзі на Плошчу Перамен прыходзілі абсалютна мірна і з кветкамі.

Дарэчы, гаспадар кватэры на званок не хацеў адкрываць дзверы. Тады яе ўзламалі невядомыя, якія адразу запатрабавалі ад усіх заставацца на месцах, але сведка сышла да дзяцей. Потым сілавікі вывелі журналістак з апаратурай і звезлі. Потым у кватэру не аднойчы прыходзілі з ператрусам і канфіскавалі ў гаспадара кватэры тэхніку. Гэта ўсё расповед сведкі.

Выступае трэцяя сведка — Лілія Мароз, гаспадыня кватэры, у якой затрымлівалі журналістак.

Паводле яе словаў, Кацярыну і Дар'ю ў кватэру пусціў яе муж. І дазволіў здымаць, бо з вакна адкрываецца добры від на Плошчу Перамен. Андрэева і Чульцова сказалі, што яны карэспандэнты і хочуць паздымаць з акна іх кватэры, у іх пры сабе былі камера і мікрафон.

Між тым, як адзначае «Белсат», раз-пораз у фае суда з'яўляюцца сілавікі ў чорных шлемах — пытаюцца, як справы ў міліцыянераў, што ахоўваюць парадак.



Лілія Мароз кажа, што чула, як нешта вельмі гучна выбухала, на праезнай частцы было няшмат людзей (не больш за 20). Транспарт у гэты час не ездзіў, было шмат супрацоўнікаў у камуфляжы і іншай форме. Ніякіх заклікаў ад Андрэевай і Чульцовай яна не чула.

У сведкі падчас ператрусу канфіскавалі два ноўтбукі, тэлефон і тэлефон сяброўкі, якая была ў гасцях.

Неўзабаве дайшла справа да зачытвання абвінавачвання. Пракурор зачытваў тэкст больш за дзесяць хвілін.

У абвінавачанні ўказваецца, што ў наўпроставым эфіры «праз агучванне інфармацыі» яны ажыццявілі «збор актыўных удзельнікаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «з мэтай стварэння масавасці для магчымасці супрацьстаяння дзеянням супрацоўнікаў праваахоўных дзеянняў».



На думку следства, Кацярына Андрэева «давала станоўчую ацэнку» падзеям, якія адбываліся, такім чынам заклікала да несанкцыянаваных мерапрыемстваў і тым самым «арганізавала дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

У судовым паседжанні аб'яўлены перапынак.



Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Перапынак скончыўся. Зноў дапытваюць сведак, перадае «Анлайнер».

Чацвёртым сведкам у судзе выступае Дзмітрый Мароз — гаспадар кватэры, з вокнаў якой вялася здымка. Напярэдадні вечарам яму патэлефанаваў мужчына-журналіст і спытаў, ці могуць дзве карэспандэнткі паздымаць тое, што адбываецца на стыхійным мемарыяле ў памяць Бандарэнкі з яго кватэры. Дзмітрый пагадзіўся: усё роўна планаваў быць дома. На сумцы ў Кацярыны і Дар'і быў камізэлька з надпісам «Прэса» або «прэса» — дакладна не памятае.

Ён кажа, што частка грамадзян выйшля на праезную частку адначасова з тым, як прыехалі мікрааўтобусы з людзьмі ў чорным — было гэта прыкладна да чатырох вечара. Праз пару хвілін машыны ад'ехалі, людзі зрабілі прыкладна дзесяць крокаў у іх бок — пачуліся выбухі. Частка людзей падалася назад, частка ўцякла да крамы, пачаліся затрыманні. Мужчына не можа сцвярджаць, што якія прыехалі на машынах былі сілавікамі: адметных знакаў, акрамя чорнай формы і шлемаў, на іх не было.

— У самым пачатку перыядычна машыны праязджалі — і з той, і з таго боку, — кажа Дзмітрый, адказваючы на пытанні пракурора.

Пазней — грукі ў дзверы кватэры і ўсё, аб чым гаварылася раней. Дзмітрый сцвярджае: не разумеў, што адбываецца.

— Тады былі ўсе напалоханыя, але больш за ўсіх — Кацярына. Можна сказаць, што яна была ў невялікай істэрыцы, папрасіла патэлефанаваць мужу, — кажа ён. — Спачатку ў пакой, дзе я быў з дзецьмі, Зайшоў адзін супрацоўнік з пісталетам, потым — адзін у шлеме, а потым яшчэ адзін. Сказалі чакаць, я сядзеў з дзецьмі хвілін 15.

— Калі б я заўважыў з іх [абвінавачаных] баку нейкія супрацьпраўныя дзеянні, то папрасіў бы сысці з кватэры, — адказаў на пытанне адваката Зікрацкага Мароз.

Цяпер паказанні дае прадстаўнік «Мінсктранса»: «Агульная сума шкоды ад перакрыцця ў раёне вуліцы Чарвякова — каля 11 тысяч рублёў»

Раман Прановіч, начальнік упраўлення арганізацыі перавозак ГП «Мінсктранс», выступіў прадстаўніком арганізацыі ў судзе.

— Была парушаная праца грамадскага транспарту, і, адпаведна, як следства, быў нанесены ўрон, — кажа ён пра падзеі 15 лістапада мінулага года.

Прадстаўнік «Мінсктранса» і сведка Раман Пранович успамінае, што ў той дзень было два асноўных месца перакрыцця: у раёне Чарвякова і «Пушкінскай» — сума шкоды была накіравана ў ГУУС Мінгарвыканкама.

— Агульная сума шкоды ад перакрыцця ў раёне вуліцы Чарвякова — блізу 11 тысяч рублёў, дакладна не памятаю, — сказаў сведка і растлумачыў суду, як вырабляюцца такія разлікі. Пасля гэтага ён дадаў, што супрацоўнікамі праваахоўных рух у гэтым квартале не перакрываўся.

Больш за пятнаццаць аўтобусных, тралейбусных і трамвайных маршрутаў «пацярпелі» пасля дзеянняў журналістак — пра гэта гаворыцца ў абвінавачванні. Сведка ад ГП «Мінсктранс» удакладняе, што прычынай затрымкі сталі несанкцыянаваныя акцыі.

— Прычына — перакрыцці руху, пра гэта напісана ў актах, — кажа ён. Кім менавіта быў перакрыты рух, Раман Прановіч не ведае. — «Рух перакрыты — далей рухацца не магу» — так паведамляў кіроўца. Больш я з ім не меў зносіны.

Адвакат Зікрацкі пытаецца, адкуль тады выснова, што рух быў перакрыты з-за несанкцыянаваных акцый. Сведка адказвае, што яму канкрэтна невядома, хто і што сталі прычынай перакрыццяў. Потым кажа аб зводцы здарэнняў за суткі (падрабязнай справаздачы ў электронным выглядзе), дзе пазначана, што праблемы ў працы транспарту сталі следствам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў раёне вуліцы Чарвякова.

У грамадзянскім пазове «Мінсктранса» пазначана, што шкоду панеслі «з-за масавых беспарадкаў» — блакавання транспартных камунікацый групамі людзей і трансляцыі ў прамым эфіры. Пазоўнік лічыць, што гэта пацягнула збоі ў грамадскім транспарце больш за 15 маршрутаў сталіцы. Нагадаем, што заяўленая сума шкоды — 11 562 рублі 14 капеек.

Наступны сведка — Ігар Ільяш, муж і калега Кацярыны Андрэевай. Калі ён прыйшоў у залу, журналістка адвярнулася: мабыць, ёй складана стрымліваць эмоцыі. Пазней яна дастала хустку.

Ігар Ільяш — таксама журналіст «Белсату». Ён сведчыць, што на 15 лістапада ў яго жонкі Кацярыны было рэдакцыйнае заданне весці жывы рэпартаж з Плошчы Перамен.

— Я ніколі не чуў аб выпадках, каб нам давалі заданні, якія прадугледжваюць парушэнні законаў, — адказвае ён на пытанне пракурора.

Кажа, што Андрэева сыходзіла на заданне ў камізэльцы з надпісам «Прэса».


Допыт абвінавачанных

Дар'я Чульцова адмовілася даваць паказанні ў судзеі, таму зачытваюцца яе пісьмовыя тлумачэнні. Коратка «Анлайнер» прыводзіць тэзісы:

Ёй незразумела абвінавачванне — яно «не канкрэтызаванае», бо там няма дакладнага часу і іншых дэталяў.

Наяўнасць або адсутнасць акрэдытацыі — не доказ. Працаваць без акрэдытацыі — не злачынства.

Ацэнак таго, што адбываецца яна не давала, заклікаў не рабіла.

Незразумела, чаму дзеянні выконваліся «з дапамогай дэструктыўных акаўнтаў» (так гаворыцца ў абвінавачванні) — што за яны і хто вырашыў, што яны дэструктыўныя.

Суму шкоды часткова аплаціла, але гэта не з'яўляецца прыкметай прызнання ў злачынстве. Гэта пацвярджэнне добрапрыстойнасці, а грошы хай пойдуць на развіццё працы «Мінсктранса».

Пракурор зачытвае раннія пратаколы допыту Дар'і. Журналістка практычна не адказвала на пытанні следчых.

Далей — допыт Кацярыны Андрэевай.

— Я абсалютна невінаватая ў злачынстве, якое мне інкрымінуюць, — пачынае Кацярына і лічыць справу палітычна матываванай. — Лічу яго актам помсты спецслужбаў за выкананне маёй прафесійнай дзейнасці.

Па словах Кацярыны, яна падавала заяўку на акрэдытацыю ў МЗС Беларусі, але дазволу так і не было атрымана.

— Калі на Плошчы перамен ужо сабраліся людзі, я выйшла ў эфір і каментавала тое, што ўжо адбывалася на гэтым месцы. Пазней у эфір выйшла варшаўская студыя «Белсата» — тады я спускалася на вуліцу запісаць інтэрв'ю з пратэстоўцамі. Заўважыла, што людзі выходзяць на праезную частку, — руху транспарту на той момант ужо не было, — сказала журналістка.

Пасля гэтага яна вярнулася ў кватэру, дзе вялася здымка, і працягнула рэпартаж у прамым эфіры. Потым прыехалі сілавікі, паляцелі светлашумавыя гранаты. Яшчэ пазней знік Інтэрнэт — натуральна, эфір спыніўся. Далей — грукі ў дзверы і прыход сілавікоў у кватэру. Кацярына распавядае тое ж, пра што казалі сведкі.

— Па дарозе ў РУУС сілавікі пагражалі мне: «Ты паедзеш на 10 гадоў мянтам форму шыць». <...> Потым другі казаў, што я паеду на 7 гадоў за экстрэмізм. Я спытала, чаму адразу не расстрэл? Ён адказаў: «Куль на вас шкада», — заявіла Кацярына на адкрытым судовым пасяджэнні.

На працягу ўсяго следства яна не прызнавала сваёй віны і не давала паказанняў.

Вось яшчэ тэзісы па справе, якія агучыла Кацярына Андрэева:

час стрыма следства паказала няправільна — атрымліваецца, што гаворка ідзе пра падзеі, якія адбыліся невядома калі;

у справе фігуруюць «карыслівыя падахвочванні» — ці можна называць такімі ўмовы працоўнага кантракту?

любую калектыўную працу можна лічыць групавымі дзеяннямі па папярэдняй змове?

тое ж самае, што і Чульцова, яна сказала пра фармулёўку «дэструктыўныя каналы»;

— На момант майго прыбыцця Плошча перамен ужо была запоўненая людзьмі, — паказала Кацярына;

не было мабільнага Інтэрнэту — людзі фізічна не маглі глядзець стрым і быць удзельнікамі пратэсту адначасова;

выказванні былі нейтральнымі і апісвалі тое, што адбываецца;

станоўчая ацэнка кагосьці не ёсць заклік (Кацярына кажа, што ў эфіры назвала смелымі бяззбройных пратэстоўцаў);

да затрымання ніводзін супрацоўнік міліцыі не выказваў ніякіх патрабаванняў (спыніць дзеянні і г.д.).

— Я патрабую поўнага апраўдання і настойваю на сваёй невінаватасці, — падагульніла сваю прамову Кацярына. У зале пачуліся апладысменты.

На большасць пытанняў пракурора журналістка адказваць адмовілася. Пытанні па справе задае суддзя. Усе — аб Дар'і Чульцовой. Кацярына таксама скарысталася правам не даваць адказаў.



Пазней у судзе з'явіўся яшчэ адзін сведка — таксіст Яўген, які падвозіў Кацярыну і Дар'ю да дома на Смаргоўскім тракце. Ён кажа, што на той момант каля мемарыяла ўжо сабраліся людзі. Такога, каб яны выходзілі на праезную частку, ён не бачыў.

Суд абвясціў перапынак да 14:30 16 лютага.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: