Суд Наваполацка адмовіў Анатолю Куліку ў адтэрміноўцы арышту, нягледзячы на праблемы са здароўем

22 лютага суд у Наваполацку разглядаў два хадайніцтвы Анатоля Куліка. Мужчына спасылаўся на праблемы са здароўем і неабходнасць праходзіць медыцынскае абследаванне, але яму адмовілі ў абедзвюх просьбах.


Як расказалі GOROD214.BY сябры 75-гадовага навапалачаніна Анатоля Куліка, суд адмовіў яму ў адтэрміноўцы пакарання ў 10 сутак арышту на месяц.

— Анатоль у апошнія тыдні праходзіць медыцынскае абследаванне, і ў яго падазраюць пераданкалагічны стан па страўніку. Хутчэй за ўсё, справа дойдзе да аперацыі. Гэта павінна вырашыцца ў бліжэйшыя дні. Пакуль невядома, дзе менавіта пройдзе аперацыя: лекар у Полацку патлумачыў, што там цяпер няма магчымасці яе зрабіць. Так што ці Віцебск, ці нават Мінск. Суддзя ўдакладніла, ці знаходзіцца Анатоль на бальнічным. Ён сказаў, што не, пасля чаго яму адмовілі ў адтэрміноўцы. Атрымліваецца, цяпер яго могуць забраць на суткі ў любы момант, — кажуць блізкія навапалачаніна.

Акрамя таго, Анатоль Кулік прасіў даць яму растэрміноўку на паўгода ў выплаце штрафу ў 25 базавых велічынь. У судзе адмовілі, але патлумачылі, што судовыя выканаўцы пералічаць выплаты. Магчыма, штомесячныя сумы стануць меншымі. На чарзе яшчэ адзін буйны штраф, аб адтэрміноўцы якога пенсіянер таксама будзе прасіць.

Сябры перажываюць за здароўе Анатоля Куліка, якое пагоршылася апошнім часам. Раней мужчыну далі 10 сутак арышту за бел-чырвона-белую фіранку на балконе і яго прагулкі па горадзе. Ён тлумачыў на судзе, што гуляць яму рэкамендавалі лекары, а сцяг на плячах — гэта прадмет гардэроба. Судзілі навапалачаніна па артыкуле 23.34 КаАП.

Анатоль Кулік быў дэпутатам Наваполацкага гарсавета ў канцы 1980-х — пачатку 90-х гадоў. Ён з'яўляўся актыўным удзельнікам экалагічнага руху ў горадзе, дамагаўся, каб у кватэрах навапалачан была чыстая вада, а заводы клапаціліся аб скарачэнні шкодных выкідаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: