Суд не дазволіў маці асуджанага па «наркатычным» артыкуле прадстаўляць інтарэсы сына

А скаргу на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць аператыўнікаў, якія затрымлівалі і збівалі непаўнагадовага, пакінулі без задавальнення.
Ірына Шаркоўская

Ірына Шаркоўская

7 траўня ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся разгляд скаргі асуджанага на 10 гадоў калоніі па 4 частцы артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Уладзіслава Шаркоўскага. Першы разгляд скаргі павінен быў адбыцца 29 красавіка, але тады пасля 40-хвіліннага чакання пачатку працэса выявілася, што матэрыялы праверкі па скарзе ў суд так і не перадалі.

Нагадаем, 17-гадоваму Уладу Шаркоўскаму прыйшло паведамленне з прапановай працы — распаўсюджвання легальных сумесяў для курэння. Уладзіслаў пагадзіўся на працу, паспеў зрабіць некалькі даставак прадастаўленага яму пафасаванага рэчыва. Увечары 16 сакавіка 2018 года Уладзіслава затрымалі, калі ён вяртаўся дадому.


Чытайце таксама: «Злачынцы» з неўстаноўленых арганізацый


Маці даведалася пра гэта толькі праз пяць гадзін, каля дзвюх ночы, хаця пра затрыманне непаўнагадовага бацькам павінны былі паведаміць адразу.

Улада адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, дзе паўтара сутак яго не кармілі, ён спаў на голай бетоннай падлозе. Як пазней даведалася маці, сына ў гэты час білі, аказвалі псіхалагічны ціск. Пад ціскам ён напісаў прадыктаваную распіску, нібыта ён прызнаецца ў здзяйсненні злачынства. Усе пратаколы на яго таксама былі складзеныя ў гэты час. З хлопцам у той час не было не толькі законнага прадстаўніка, але і адваката, і педагога-псіхолага (яго ўдзел абавязковы ў справах, датычных непаўнагадовых) — адпаведна, усе ўзятыя ў яго паказанні не маюць юрыдычнай моцы. Але ў выніку ўсё абвінавачанне было пабудаванае менавіта на тых матэрыялах.

Хлопца асудзілі на 10 гадоў калоніі па 4 частцы артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (Незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў, учыненыя арганізаванай групай). Паколькі на момант вынясення прысуду яму ўжо споўнілася 18 гадоў, яго адправілі адбываць пакаранне ў ПК-22 у Івацэвічах («Воўчыя норы»).

Пазней Улад пісаў скаргі на аператыўнікаў, якія яго збівалі, і дамагаўся, каб на іх завялі крымінальныя справы. Але ў гэтым яму адмовілі.

Хлопец мяркуе, што следчая Савецкага райаддзела СК Жуковіч павярхоўна разгледзела яго скаргу і просіць прызнаць вынесеную ёй пастанову ў адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ад 22 студзеня 2019 года незаконнай і неабгрунтаванай і адмяніць яе.

Скарга Уладзіслава Шаркоўскага

Яшчэ тады, напачатку студзеня 2019 года, Улад напісаў даверанасць, якой упаўнаважыў сваю маці Ірыну Шаркоўскую быць яго прадстаўніком ва ўсіх установах, арганізацыях і дзяржаўных органах і судах і весці яго судовыя справы. З гэтай даверанасцю, якая дзейнічае цягам трох гадоў, Ірына дамаглася азнаямлення са справай сына ў Следчым камітэце, напісала шэраг скаргаў, а таксама рыхтавалася прадстаўляць інтарэсы сына на судовых пасяджэннях па яго скаргах.

Сёння ў судзе на падставе даверанасці жанчына хадайнічала, каб ёй дазволілі ўдзельнічаць у працэсе. Аднак суддзя Аляксандр Воўк адмовіў маці прадстаўляць інтарэсы сына, тым самым, фактычна, пазбавіўшы яго права на абарону. Падставай для адмовы стала меркаванне дзяржабвінаваўцы Вольгі Емяльянчанка, якая лічыць, што Уладзіслаў Шаркоўскі ўжо паўнагадовы, таму можа сам прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе.

Такі ход справы шакаваў і абурыў людзей, якія прыйшлі падтрымаць Ірыну Шаркоўскую ў суд (сярод іх былі праваабаронца Валерый Шчукін і маці яшчэ аднаго асуджанага ў непаўнагадовым узросце па 328 артыкуле Эміля Астраўко Юлія). Раней Уладу, які адбывае пакаранне ў калоніі, не дазволілі асабіста ўдзельнічаць у судовых працэсах. Да таго ж у заканадаўстве нічога не сказана пра ўзрост людзей, якія прызначаюць сваіх прадстаўнікоў.

Пасля 15-хвіліннага перапынку суд прыступіў да вывучэння матэрыялаў справы. Ірына Шаркоўская зазначыла, што ёй не дазволілі пазнаёміцца з імі перад пачаткам пасяджэння. Агучыўшы матэрыялы, суддзя спытаў меркаванне пракурора адносна задавальнення скаргі Шаркоўскага. Тая заявіла, што скарга задавальненню не падлягае, і суддзя сыйшоў, каб праз пяць хвілін вярнуцца і агучыць пастанову, якая не выклікала здзіўлення ні ў каго з прысутных: скаргу пакінуць без задавальнення.

Ірына Шаркоўская — удзельніца руху «Дзеці-328», які адстойвае правы непаўналетніх на момант затрымання асуджаных за нязначныя негвалтоўныя правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі. У каментарыі «Новаму Часу» яна зазначыла, што лічыць пастанову суддзі Воўка незаконнай і мае намер яе абскарджваць у Мінскім гарадскім судзе, каб дамагчыся ўзбуджэння крымінальных спраў на аператыўнікаў, якія здзекваліся з яе сына.  

Таксама жанчына пакінула ў судзе пісьмовую скаргу на супрацьзаконныя дзеянні суддзі Воўка, дзе яна піша, што той «грубым чынам парушыў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а менавіта арт.62, які гарантуе кожнаму права мець свайго прадстаўніка ў судзе». Маці просіць адмяніць незаконнае рашэнне суддзі Воўка і накіраваць справу на разгляд іншаму суддзі, «які паважае Канстытуцыю».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: