Суд пакараў актывістаў Спарыша і Касінерава за вянок «гарадавому»

Актывістаў Сяргея Спарыша і Вячаслава Касінерава, якіх 2 снежня міліцыя затрымала пасля ўскладання «вянку іміджу МУС» да скульптуры гарадавога, за парушэнне грамадскага парадку пакаралі штрафамі, піша «Радыё Свабода».

Сяргей Спарыш і Вячаслаў Касінераў у судзе

Суд Маскоўскага раёну Мінску аштрафаваў Вячаслава Касінерава і Сяргея Спарыша на 735 рублёў кожнага.

 

Адміністратыўны працэс супраць Сяргея Спарыша і Вячаслава Касінерава вяла суддзя Тацяна Матыль.

На пачатку працэсу суддзя выдаліла Спарыша з залі паседжання, пасля таго як ён паскардзіўся, што ў яго адабралі акуляры і ён ня можа хадзіць без дапамогі. Таму большую частку працэсу ён не прысутнічаў.

Касінераў жа адразу заявіў пра недавер суддзі, але потым скарэктаваў сваю заяву — сказаў, што не давярае ўсёй судовай сістэме Беларусі, але «адводу суддзі Матыль не заяўляе», бо не хоча зацягваць працэс.

 

Сяргей Спарыш

Суддзя зачытала пратакол на Сяргея Спарыша: усклаў вянок з надпісам «Іміджу МУС» да скульптуры гарадавога, чым парушыў грамадскі парадак. Такі самы пратакол быў складзены і на Вячаслава Касінерава.

Вячаслаў Касінераў паведаміў суду, што дагэтуль яго нават не знаёмілі з пратаколам і ён не ведаў, у чым яго абвінавачваюць. Суд даў Касінераву магчымасць азнаёміцца са справай.

Касінераў абверг звесткі з пратаколу, сказаў, што нічога яму не выстаўлялі і не давалі магчымасці азнаёміцца з тым, што пра яго напісаў у пратаколе міліцыянт Жураўлёў.

Касінераў не прызнаў віны ў хуліганстве, якое яму інкрымінуюць, сказаў, што не здзяйсняў ніякага правапарушэння.

«Гэта быў перформанс з мэтай паказаць, што МУС чарговы раз згубіў свой імідж праваахоўнага ведамства. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч апранаў форму НКВД, форму карнікаў. Да брыдкай скульптуры гарадавога я нават не дакранаўся, а толькі ўсклаў вянок да ног. Праз цэлы шлейф падзей вакол гэтай скульптуры МУС згубіў добры імідж. Цяпер яны гэты імідж там пахавалі. Гэта маё меркаванне, якое я выказаў праз ускладанне вянку», — сказаў суду Касінераў.

«Мы бачылі раней, што людзей не прыцягвалі да адказнасці, калі яны нешта вешалі на гарадавога ці цалавалі яго, таму палічылі, што ўскласці вянок да яго — не парушэнне. Ніякай непавагі да грамадства я не выказваў. Непавага да грамадства — гэта запалохваць людзей і прымушаць іх выбачацца перад скульптурай. Вось гэта непавага», — сказаў Вячаслаў Касінераў.

2 снежня ў Фэйсбуку Касінерава з’явілася відэа, на якім Вячаслаў Касінераў і Сяргей Спарыш пакінулі каля фігуры гарадавога, што ля будынка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, пахавальны вянок.

 

 

Міліцыя затрымала Касінерава і Спарыша, а разам з імі актывістаў Марыну Насенку, Сяргея Нейдаха, а таксама анархістаў з Расеі — Наталлю і яе сябра. Знаёмым затрыманых у Маскоўскім РУУС паведамілі, што заўтра ў абед адбудзецца суд. Да суду актывісты знаходзіліся ў турме на Акрэсціна.

Скульптура менскага гарадавога, якую паставілі ў сталіцы толькі год таму, усё часцей трапляе ў стужкі навін, калі «крыўдзіцеляў» скульптуры жорстка караюць: штраф за накінутую пятлю, суткі за ланцужок, затрыманне за шалік.

Пра лёс астатніх 4-х затрыманых актіывістаў стала вядома, што яны ўжо таксама на волі. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: