Суд прызнаў Анатоля Булгака вінаватым у гвалце над кадэтамі

Абвінаваўчы прысуд быў вынесены 18 красавіка cудом Слуцкага раёна. Суддзя прызнаў Анатоля Булгака вінаватым у гвалце над кадэтамі Мінскай абласной кадэцкай вучэльні. Былому намесніку дырэктара гэтай установы прысудзілі тры гады турэмнага зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.


Ваенны пенсіянер, які да гэтага прыходзіў у зал суда з дому, быў адразу ж узяты пад ахову ў зале суда.

Анатоль Булгак віны сваёй не прызнаў і разам з адвакатам лічыць прысуд несправядлявым.

Нагадаем, што крымінальная справа разглядалася ў суде Слуцкага раёна на працягу некалькіх месяцаў. Па выніках следства ваеннаму пенсіянеру было выстаўлена абвінавачванне ў злоўжыванні паўнамоцтвамі і збіцці кадэтаў. У справе разглядалася не менш як 9 эпізодаў здзекаў і гвалту над навучэнцамі.

Былога намесніка дырэктара прызналі вінаватым, як і патрабаваў пракурор, у тым, што ён незаконна падмяняў метады выхавання метадамі фізічнага ўздзеяння і перавысіў свае паўнамоцтвы. Такім чынам, Анатоль Булгак асуджаны за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў па артыкуле 426 Крымінальнага кодэкса.

Удары па карку, твару, галаве і ў жывот, укол іголкай у ягадзіцы, цяганне за вушы, славесныя абразы, надпіс на ілбе шарыкавай асадкай — гэтыя і іньшыя эпізоды падрабязна разбіраліся ў судзе.

Паводле судовых матэрыялаў, Анатоль Булгак рэгулярна біў кадэтаў у сваім службовым кабінеце, у калідоры і фае вучэльні.

Адна з былых супрацоўніц кадэцкай вучэльні лічыць, што пакаранне Анатолю Булгаку вынесена справядліва.

«Яне прысутнічала ў судзе і не давала свае паказанні. Тым не менш, лічу невыноснымі ўмовы, у якіх знаходзіліся кадэты падчас маёй працы ў вучэльні. Гэта была адна з галоўных прычын майго звальнення з вучэльні», — гаворыць Валянціна Іванаўна, якая папрасіла не называць яе сапраўднае прозвішча.

Цікава, што яшчэ раней двое былых выхаванцаў ваеннага аркестра, якім некалі кіраваў Анатоль Булгак, таксама абвінавацілі былога намесніка дырэктара ў злачынствах і нават звярнуліся ў газету «Інфа-кур’ер» з адкрытым лістом. Такое ж пісьмо яны накіравалі і ў суд.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!