Суд спыніў адміністрацыйны пераслед Валянціны Каваленкі

Суд Ленінскага раёна Менска спыніў адміністрацыйны пераслед жыхаркі Бабруйску Валянціны Каваленкі. Міліцыя абвінаваціла жанчыну ў правядзенні несанкцыянаванага пікету каля Адміністрацыі прэзідэнта ў Менску 7 лютага 2019 года.

Яна выйшла да будынку Адміністрацыі з плакатам "Пры падтрымцы Адміністрацыі прэзідэнта ў краіне міліцэйскі праізвол”. Яна была на кароткі час затрымана.

Міліцыя склала ў яе адносінах пратакол па частцы 3 артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу аб несанкцыянаваным пікетаванні.

Па словах праваабаронцы і юрыста Тамары Сяргей, справу накіравалі для разгляду ў Бабруйск. Аднак суд Бабруйскага раёну і горада Бабруйска вярнуў справу ў міліцыю для выпраўлення недахопаў:

— Але міліцэйскія чыноўнікі не супакоіліся, і зноў вярнулі справу ў суд. Але суд паўторна вярнуў справу. Міліцэйскія чыноўнікі ўсё роўна вырашылі дабіцца свайго і трэці раз накіравалі справу ўжо ў суд Ленінскага раёна горада Менска.

У судзе справа была спынена, таму што прыцягнуць да адказнасці Валянціну Каваленку было ўжо немагчыма — сыйшлі тэрміны даўнасці, — распавяла Тамара Сяргей.

Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!