Суд у Чэхіі асудзіў беларуса на 21 год турмы за ўдзел у вайне ў Данбасе

Апеляцыйны суд у Чэхіі асудзіў 41-гадовага беларуса Аляксея Фадзеева на 21 год турмы за ўдзел у вайне на ўсходзе Украіны на баку прарасійскіх сепаратыстаў. Ён прызнаны вінаватым у тэрарызме, паведамляе «Свабода».

Фадзееў шмат гадоў жыве ў Чэхіі. З кастрычніка 2014-га па травень 2016 года ён неаднаразова выязджаў у Данбас з мэтай падтрымкі сепаратысцкіх груповак і служыў ва ўзброеных сілах аднаго з сепаратысцкіх утварэнняў.

Суд першай інстанцыі асудзіў яго за гэта на 4,5 гады пазбаўлення волі. Тады суддзя палічыла, што Фадзееў не прымаў удзел у баях і вёў толькі дапаможную працу. Аднак пракуратура абскардзіла гэтае рашэнне.

Абарона беларуса настойвала, што з яго трэба зняць абвінавачанні, бо ён, як сцвярджаецца, не ўдзельнічаў у баях на перадавой. Сцвярджалася, што Фадзееў паехаў ва Украіну для абароны мірнага насельніцтва.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: