Суд у Гродна закрыў культурную пляцоўку «Цэнтр гарадскога жыцця»

Пазоў падаў пракурор Горадні Уладзімір Клішын. Ліквідаваць установу трэба да 12 жніўня. Справу «Цэнтра гарадскога жыцця» разглядаў эканамічны суд Гродзенскай вобласці 12 траўня.

Павел Мажэйка ў Цэнтры гарадскога жыцця


На судзе прысутнічалі пазоўнік па справе начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкаму Дзяніс Чарняк і намеснік пракурора Гродна Аляксандр Южык. Прысутнічаў таксама дырэктар «Цэнтру гарадскога жыцця» Павел Мажэйка, перадае Радыё Свабода.

Прэтэнзіі пракуратуры звязаныя з выставай Алеся Пушкіна, якая ладзілася ў «Цэнтры», і дэманстрацыяй партрэта антысаветчыка Яўгена Жыхара: нібыта ён (партрэт) мае дачыненне да экстрэмізму.

Пракуратура Гродна 26 сакавіка завяла крымінальную справу ў дачыненні да Паўла Мажэйкі і мастака Алеся Пушкіна за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Таму пракуратура заявіла пазоў, каб закрыць «Цэнтр», бо ён нібыта «ажыццяўляе забароненую дзейнасць».

Мажэйку затрымлівалі па гэтай справе на 72 гадзіны. Пушкін пад вартай па ёй ужо паўтара месяцы.

Справу разглядала суддзя Аліна Баклажэц. Пракурор Южык на судзе заявіў хадайніцтва, каб далучыць да справы экспертнае заключэнне па партрэце Жыхара, якое рабілі выкладчыкі Гродзенскага універсітэту Вадзім Хілюта (кафедра крымінальнага права) і Сняжана Семярняк (кафедра філасофіі).

Мажэйка запрасіў час, каб падрыхтаваць аргументаваны водгук на заключэнне. Ён адзначыў, што экспертнае заключэнне па гістарычным пытанні рыхтавалі не гісторыкі.

«Я прашу пра мінімальную павагу да сябе. Вырашаецца лёс маёй арганізацыі. Паўтара месяца прайшло, а пракурор пад суд прынёс гэтае заключэнне. Я хацеў бы мець час, каб з ім азнаёміцца і падрыхтаваць водгук», — заявіў Мажэйка ў судзе.

Суд, аднак, не стаў рабіць перапынак.

Пазіцыя Мажэйкі: ён не парушаў заканадаўства, таму няма падставаў закрываць «Цэнтр». Ён выказаў шэраг аргументаў. Па-першае, пракуратура не прывяла доказы, што на карціне менавіта Жыхар. Па-другое, пракуратура вядзе гаворку пра «апраўданне нацызму» аднак нацызм тычыцца перыяду з 1933 да 1945 год, а падзеі, звязаныя з Жыхарам, пачынаюцца з 1946 году, то-бок не маюць дачынення да нацызму.

Па-трэцяе, выява Яўгена Жыхара не ўнесеная ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Беларусі. Да таго ж арганізацыі, з якімі супрацоўнічаў Жыхар, ніводным судом не прызнаныя нацысцкімі.

Пракурор Южык у адказ зноў спаслаўся на экспертнае заключэнне.

Культурная пляцоўка «Цэнтр гарадскога жыцця» паўстала ў Гродна ў верасні 2016 года. Там праводзілі прэзентацыі кніг, дыскусіі, выставы. За амаль 5 гадоў прайшлі сотні імпрэзаў. Сярод іх канцэрт Лявона Вольскага, кніжны фестываль «Прадмова», гістарычныя канферэнцыі «Grodnae et orbi».

У 2019 годзе выстава фатаграфій самага прэстыжнага конкурсу фатографаў World Press Photo адкрылася толькі ў «Цэнтры гарадскога жыцця». Апошнія тры гады ў «Цэнтры» праходзілі бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова».

У 2020 годзе «Цэнтр» стаў месцам, дзе гарадзенскія валанцёры ByCovid рабілі ахоўныя сродкі для медыкаў падчас эпідэміі каронавірусу. Калі з гарадзенскага драматычнага тэатра звольнілі 14 акцёраў за страйк, яны знайшлі пляцоўку для выступаў у «Цэнтры». Самым маштабным стаў спектакль на фоне аўтазака ва ўнутраным дворыку «Цэнтра», які сабраў каля 400 гледачоў.

Сёлета ў сакавіку ў «Цэнтры» забаранілі паказ спектакля, які асуджае фашызм. Пракуратура ўгледзела ў ім аналогію з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: