Суд вярнуў у міліцыю пратакол аб «масавым мерапрыемстве» актывісткі ЛГБТ

Суд Маскоўскага раёна адправіў назад у міліцыю пратакол, які супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі на сузаснавальніцу гендэрнага праекту Makeout Віку Біран. 

Нагадаем, яна выйшла з плакатам «Самі вы падробка» да будынка МУС у Мінску. Такім чынам дзяўчына выказала пратэст у сувязі з нядаўняй заявай ведамства аб ЛГБТ-супольнасці.

«МУС кажа: «ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці — усяго толькі падробка!». А я кажу: «Самі вы падробка! Ваша публічная гамафобія, вашыя мэты ўстойлівага развіцця, ваша сяброўства ў ААН, ваша захаванне правоў чалавека — гэта падробка», — тлумачыла дзяўчына ў сацсетках свой учынак.

У міліцыі палічылі, што яна прыняла ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». На яе склалі пратакол па ч.1 арт. 23.34 КаАП і адправілі матэрыялы ў суд. Па дадзеным артыкуле пагражае пакаранне ад папярэджання да штрафу або арышту.

Сама дзяўчына не змагла прысутнічаць на працэсе, таму што знаходзіцца за мяжой. Яна прасіла суд перанесці пасяджэнне на іншы дзень.

Аднак суддзя Тацяна Мотыль нечакана вынесла рашэнне: «Вярнуць матэрыялы справы ў Маскоўскі РУУС для ліквідацыі недахопаў».

Цікава, што сёння Вікторыю Біран выклікалі ў суд толькі па адным з трох здымкаў. Па астатніх двух асобна разбіраюцца Ленінскі і Цэнтральны РУУС — па лакацыі будынкаў. Магчыма, у выніку дзяўчыну будуць судзіць тройчы ў розных судах, а можа не будуць судзіць зусім.

Нагадаем, 20 траўня на сайце МУС быў размешчаны каментар з нагоды сцяга на амбасадзе Вялікабрытаніі. Ведамства назвала барацьбу ЛГБТ-супольнасці за свае правы падробкай, як і самі аднаполыя адносіны. Там заявілі, што «пераважная большасць беларусаў прытрымліваецца традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, у тым ліку хрысціянскіх», таму заявы падобнага кшталту — выклік гэтым каштоўнасцям.

Праз пару дзён кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што «любая структура, робячы тыя ці іншыя заявы, павінна думаць аб усіх наступствах больш шырокага маштабу».

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: