Суд зменшыў штраф праціўніку будаўніцтва акумулятарнага завода

Брэсцкі абласны суд 3 красавіка разгледзеў скаргу праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Віталя Казака.
Віталь Казак. Фота: vesti24.by

Віталь Казак. Фота: vesti24.by

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, актывіст абскардзіў пастанову суда Ленінскага раёна Брэста. 18 лютага гэты суд аштрафаваў Казака на 40 базавых велічынь (1020 рублёў), прызнаўшы вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года).

Казака судзілі за тое, што 10 лютага ў Брэсце на вуліцы Савецкай, ля кінатэатра «Беларусь», ён падышоў да вулічнага музыканта, у якога была гукаўзмацняльная апаратура, і папрасіў уключыць запісаную ў мінулым годзе брэстаўчанамі песню «Жыць». Гэта версія на музыку аднайменнай песні Ігара Мацвіенка з народным тэкстам супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

«Сёння абласны суд пакінуў без змены артыкул, па якім Казака прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, але паменшыў на 15 базавых велічынь памер прызначанага яму штрафу, — сказаў праваабаронца. — Я лічу, дзеянні актывіста не маюць ніякага дачынення да масавага мерапрыемства. Адміністрацыйная справа ў дачыненні да Казака штучна створана, каб запалохаць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода».

10 лютага на плошчы Леніна ў Брэсце чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода — каля 200 чалавек. Грамадзяне, сярод якіх быў Віталь Казак, прайшлі ад плошчы па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь». Пасля гэтага яны разышліся.

15 кастрычніка 2018 года суд Ленінскага раёна аштрафаваў Казака на 10 базавых велічыняў (245 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла напярэдадні на плошчы Леніна.

Сустрэчы гараджан, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам, праходзяць на плошчы кожную нядзелю, пачынаючы з 25 лютага мінулага года.

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: