Суд зноў адклаў разгляд пратэсту іранца Джамшыдзіяна супраць дэпартацыі

19 красавіка суд Маскоўскага раёна Мінска адклаў разгляд скаргі іранца Мехрдада Джамшыдзіяна на рашэнне органаў па грамадзянстве і міграцыі аб яго дэпартацыі ў Іран, піша «Еўрарадыё».

15 красавіка, на першым пасяджэнні, суддзя гэтак жа, як і сёння, адклала прыняцце рашэння ў сувязі з неабходнасцю атрымання дадатковай інфармацыі.

Мехрдад Джамшыдзіян прыехаў у Беларусь у 1993 годзе. Тут ён пазнаёміўся з будучай жонкай, завёў сям'ю, у яго трое дзяцей. У 2011 годзе Мехрдада дэпартавалі з Беларусі ў сувязі з адсутнасцю рэгістрацыі. Праз год Мехрдад вярнуўся ў Беларусь, але неўзабаве быў затрыманы міліцыяй: Іран даслаў у Беларусь дакументы па абвінавачванні Джамшыдзіяна ў забойстве роднага брата і маці. Сваякі Джамшыдзіяна лічаць пераслед палітычным: забіты брат Мехрдада Ізмаіл быў апазіцыйным актывістам. Адзіным, хто абвінавачваў у забойстве Джамшыдзіяна, быў яго бацька. У Іране Джамшыдзіяна чакае смяротнае пакаранне не толькі ў сувязі з абвінавачваннем у забойстве, але і за вераадступніцтва. У 2000-я мужчына прыняў хрысціянства.

Беларуская міліцыя затрымлівала іранца некалькі разоў, апошні — улетку 2018-га. З таго часу ён знаходзіцца ў ІЧУ, там ён перанёс інфаркт.

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!