Суд пакінуў без задавальнення скаргу праваабаронцы Таццяны Равякі

У Мінскім гарадскім судзе 27 жніўня адбыўся разгляд касацыйнай скаргі праваабаронцы Таццяны Равякі на вынесены ёй 6 жніўня прысуд: тры мільёны рублёў штрафу. Суддзя Аляксей Бычко пакінуў пастанову суда Савецкага раёна Мінска без зменаў, а скаргу без задавальнення, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.



Таццяна Равяка, паводле яе слоў, не надта разлічвала на адмену судовага рашэння, аднак скарысталася магчымасцю чарговым разам прадэманстраваць абсурднасць і недарэчнасць прысуду. А разгляд скаргі ў Мінгарсудзе праваабаронца расцэньвае як наступны крок дзеля таго, каб звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.


Рaвяка ў скарзе адзначыла, што закон "Аб масавых мерапрыемствах" супярэчыць Канстытуцыі і абмяжоўвае правы, прапісаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.


Нагадаем, 5 жніўня Таццяна Равяка і Уладзімір Лабковіч у знак салідарнасці са зняволеным старшынёй закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім раздавалі на вуліцы каля сталічнага ЦУМа паштоўкі з выявай праваабаронцы. Ахоўнікі ЦУМа звярнуліся ў міліцыю, пасля чаго Равяка і Лабковіч былі затрыманыя. Іх даставілі ў суд Савецкага раёна, але адпусцілі ў той жа дзень, таму што пратаколы былі складзеныя з памылкамі. Працяг працэсу адбыўся на наступны дзень. Рашэннем суда праваабаронцы прызнаныя вінаватымі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП і пакараныя штрафам у 3 млн. рублёў кожны.
 

Аналагічная скарга Лабковіча будзе разгледжана ў Мінскім гарадскім судзе 31 жніўня.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: