Süddeutsche Zeitung: Для такіх краін, як Беларусь, выдаткі на Еўрапейскія гульні наўрад ці маюць значэнне

Аўтар артыкулу ў газеце «Süddeutsche Zeitung»адзначае, што права арганізацыі першых і другіх гульняў у 2015-м і 2019 гадах Еўрапейскія алімпійскія камітэты аддавалі «толькі аўтарытарным і моцна крытыкаваным праваабаронцамі краінам» — Азербайджану і Беларусі, паведамляе «Свабода».



На адкрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску

З крытычным артыкулам пра Еўрапейскія гульні і Беларусь як іх арганізатара выступіла 22 чэрвеня папулярная нямецкая газета Süddeutsche Zeitung. Матэрыял выйшаў пад загалоўкам «Прапагандысцкае свята для аўтарытарнага рэжыму», піша БелаПАН.

«У Мінску пачынаюцца Еўрапейскія гульні, аднак пытанняў да гэтай падзеі шмат», — піша выданне.

Газета нагадвае, што першапачаткова спаборніцтвы павінна была арганізаваць Галандыя, але адмовілася ад гэтага з прычыны празмерных расходаў. Гульні прыняў Мінск, хоць праваабаронцы даўно крытыкуюць беларускі рэжым.

Аўтар прыводзіць гісторыю стадыёна «Дынама», умяшчальнасць якога пасля капітальнага рамонту паменшылася да 22 тысяч чалавек. «Але для беларускага аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, гэта была дастаткова вялікая заслона, каб адкрыць цяперашняе спартова-прапагандысцкае свята», — лічыць ён.

Süddeutsche Zeitung адзначае, што Еўрапейскія гульні прэтэндуюць на званне міні- або кантынентальнай Алімпіяды, аднак праграма і ўзровень удзельнікаў вельмі розны. «У некаторых відах, як настольны тэніс, выступаюць найлепшыя прадстаўнікі Еўропы, паколькі гэты турнір кваліфікацыйны да Алімпіяды, у іншых — толькі акторы другога і трэцяга плану, а адзін з вядучых відаў спорту — плаванне — адсутнічае наогул», — піша газета.

Аўтар адзначае, што права арганізацыі першых і другіх гульняў у 2015-м і 2019 гадах Еўрапейскія алімпійскія камітэты аддавалі «толькі аўтарытарным і моцна крытыкаваным праваабаронцамі краінам» — Азербайджану і Беларусі.

«У такіх дзяржавах, як Беларусь, выдаткі на падобныя праекты наўрад ці адыгрываюць ролю, — лічыць нямецкае выданне. — Гульні хоць і не выглядаюць шыкоўна, як у Баку чатыры гады таму, дзе капіталаўкладанні дасягнулі мільярда, дакладную лічбу бюджэту мясцовыя арганізатары і Еўрапейскія алімпійскія камітэты не называюць; хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра трохзначную суму ў мільёнах».

«Беларускі рэжым не робіць таямніцы з матыву арганізацыі [гульняў]. Мерапрыемства закліканае зрабіць рэкламу для краіны і палепшыць [яе] імідж, як і папярэднія спаборніцтвы, напрыклад чэмпіянат свету ў хакеі ў 2014 годзе ці чэмпіянат свету (на самой справе Еўропы. — БелаПАН) у фігурным катанні сёлета. Еўрапейскія гульні стануць найважнейшай грамадска-палітычнай падзеяй у гісторыі суверэннай Беларусі, гэта значыць з 1990 году, — такія словы кажа Лукашэнка», — апісвае сітуацыю Süddeutsche Zeitung.

Са спасылкай на праваабаронцаў газета адзначае, што ў апошнія гады ў Беларусі адбыліся касметычныя паляпшэнні ў сферы правоў чалавека, але ўмовы для апазіцыі і СМІ «застаюцца катастрафічнымі». Беларусь — «адзіная краіна ў Еўропе, якая выконвае смяротныя прысуды», і незадоўга да Еўрапейскіх гульняў, «згодна з паведамленнямі апазіцыйных груп», быў выкананы яшчэ адзін.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: