Разгледжаны апеляцыйныя скаргі Івана Барбашынскага

У Мінскім абласным судзе 31 студзеня Іван Барбашынскі абскарджваў рашэнне суда Слуцкага раёна. Суд прыняў чаканае рашэнне — падтрымаў пазіцыю слуцкіх калег, а скаргу Барбашынскага не задаволіў.


Нагадаем, 22 лістапада 2016 года Івана асудзілі за ўчыненне злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэкса і прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Іван Барбашынскі віну сваю не прызнаў і паспрабаваў абскардзіць прысуд.


Чытайце таксама: Суд над Барбашынскім: у справядлівасць мала хто верыць 


У апеляцыйнай скарзе Іван піша, што ў ходзе судовага расследавання не знайшлі падцверджанне ні сам факт яго знаходжання ў нецвярозым стане, зневажальным для годнасці грамадзян, ні факт прымянення гвалту з яго боку ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі ў салоне службовага аўтамабіля. Былы падсудны лічыць, што суд даў няслушную ацэнку прадстаўленым доказам і зрабіў непацверджаныя высновы аб яго злачыннай віне.

Згодна скаргі заяўніка, у ходзе судовага следства не была дадзена аб’ектыўная ацэнка гвалтоўным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, якія прычынілі Івану Барбашынскаму сур’ёзныя фізічныя пашкоджанні.

Чытайце таксама: Іван Барбашынскі: Я не мог збіваць міліцыянтаў у аўтамабілі, бо аслеп ад газу і курчыўся ад болю 

Зыходзячы з таго, што высновы суда не адпавядаюць фактычным абставінам крымінальнай справы, Іван Барбашынскі папрасіў калегію Мінскага абласнога суда адмяніць прысуд суда Слуцкага раёна і спыніць справу.

Адвакатка Юлія Станкевіч, якая выступае абаронцам Івана Барбашынскага, у апеляцыйнай скарзе падтрымала патрабаванні свайго кліента і прывяла шмат доказаў яго невінаватасці. Санкевіч лічыць, што высновы суда не адпавядаюць фактычным абставінам справы.

На думку адваката, прысуд утрымлівае вельмі шмат супярэчнасцяў нават у прымяненні артыкулу пакарання.


Так, напрыклад, прысудам Іван Барбашынскі прызнаны вінаватым ў "супраціўленні супрацоўніку міліцыі пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку", а таксама ў "ажыццяўленні гвалту падчас дастаўкі ў службовым аўтамабілі". Гэта значыць, што гвалт быў прыменены на шляху дастаўкі ў спецыялізаваны ізалятар, у той час, як абавязкі па ахове грамадскага парадку супрацоўнікамі міліцыі выконваліся толькі па-за межамі аўтамабіля і спыніліся ў момант затрымання. У салоне аўтамабіля «ГАЗ Собаль» абавязкі міліцыянтаў зводзіліся выключна да дастаўкі затрыманых.

З гэтага вынікае, што гвалт альбо прымяняўся па-за межамі аўтамабіля пры затрыманні, што супярэчыць пазіцыі міліцыянтаў, альбо ў салоне аўтамабіля міліцыянты ўжо не выконвалі абавязкі па ахове грамадскага парадку — апошняе выключае абвінаваўчы прысуд па ч.2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу.

Чытайце таксама: Ці апраўдаюць Барбашынскага, віну якога ў судзе не даказалі? 

Шмат прэтэнзій у адваката было і да супярэчлівых паказанняў міліцыянтаў. Так, пацярпелы міліцыянт Яўген Шустэр у адных паказаннях казаў, што Ігар Барбашынскі «удару мне нанесці не паспеў … спрабаваў ударыць, пры гэтым стукнуў не меней чым 5 раз па нагах», а пасля правядзення экспертызы 21 сакавіка 2016 года змяніў паказанні і стаў казаць пра ўдары па грудзях, забыўшыся пра ногі.

Іншы пацярпелы супрацоўнік міліцыі Руслан Ламейка спачатку катэгарычна адмаўляў гвалт у адносінах да пабітага Івана Барбашынскага — за выключэннем прымянення кайданкаў і распылення газу. Аднак гэтаму супярэчыць ім жа ўласнаручна зроблены запіс у Кнізе ўліку прымянення фізічнай сілы, дзе ён піша пра «расслабляючыя ўдары» ў адносінах да Івана.

Чамусьці суд не даў ніякай ацэнкі гэтым супярэчнасцям, як і не даў належнай ацэнкі паказанням сведкі, які нібыта падчас затрымання мужчын знаходзіўся ў аўтамабіле непадалёк. Падчас следства ён гаварыў, што супрацоўнік міліцыі адразу ж падышоў да яго і запісаў нумар яго тэлефона ўначы 20 сакавіка. А ў судзе казаў, што супрацоўнік міліцыі запісаў яго тэлефон праз некалькі дзён у горадзе.

Да таго ж сведка схаваў ад следства сваё сяброўства з міліцыянтам Яўгенам Шустэрам, якое было адсочана ў інтэрнэце. Чамусьці яго аўтамабіль не быў зафіксаваны і відэарэгістратарам службовага аўтамабіля ў той час, як былі зафіксаваны іншыя аўтамабілі.

Дарэчы, спраўны відэарэгістратар не зафіксаваў і саму бойку ў аўтамабілі. І гэта таксама сведчыць на карысць Івана Барбашынскага, які сцвярджаў, што браты вялі сябе зусім ціха і мірна, паколькі ўжо былі збітыя пры затрыманні і апрацаваны газам да моманту пасадкі ў аўтамабіль.


Такіх супярэчнасцяў у судовай справе і іншых цікавых акалічнасцяў вельмі шмат.

Сам асуджаны не надта спадзяваўся на судовую рэабілітацыю і прыняцце рашэння, якое б задаволіла яго скаргу.

— Навокал столькі інфармацыі аб несправядлівых рашэннях судоў, што ў мяне таксама не было спадзявання на ўсебаковае, поўнае і аб’ектыўнае даследаванне абставін справы калегіяй Мінскага абласнога суда, — гаворыць былы падсудны. — Суддзям прасцей ухваліць рашэнне Слуцкага суда, а не ставіць пад сумнеў яго рашэнні і законнасць гвалтоўных дзеянняў міліцыі, бо такім чынам яны могуць нанесці ўрон ўсёй праваахоўнай і судовай сістэме.

Па словах былога вязня Жодзінскага СІЗА, ён праходзіць па лесвіцы абскарджвання, як той аўтамабіль, які едзе па інерцыі пасля выключэння рухавіка па той прычыне, што інакш ён не можа спыніцца.

Не абскарджваць рашэнне суда — аўтаматычна прызнаць сябе вінаватым. А я ні ў чым не вінаваты. Гэта міліцыянты на мяне напалі, пабілі, пазбавілі брата, пагоршылі маё здароўе і прынеслі непапраўнае гора сям’і. Спадзяюся, што некалі прыйдзе час, калі справядлівасць па нашай справе з братам адновіцца. Толькі шкада, што ўжо не будзе брата, — сумна зазначыў Іван Барбашынскі.

Мінскі абласны суд прыняў чаканае рашэнне — падтрымаў пазіцыю суда Слуцкага раёна і пакінуў скаргу Івана Барбашынскага без задавальнення.

Чытайце таксама: Іван Барбашынскі: Я не чакаў справядлівага прысуду

Усе артыкулы пра справу братоў Барбашынксіх чытайце па спасылцы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: