Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Суды над слухачамі «Крамбамбулі»

У суд Заводскага раёна даставілі Дзмітрыя Навуменку, які быў затрыманы 5 жніўня разам з Іванам Лісаўцом пасля канцэрту «Крамбамбулі». Справу ў дачыненні да Дзмітрыя па арт. 17.1 КаАП «Дробнае хуліганства» разглядае Алена Някрасава.
Дзмітрый Навуменка ў судзе

Дзмітрый Навуменка ў судзе


Затрыманага вінавацяць у тым, што ён у нецвярозым стане лаяўся, чапляўся да грамадзянаў, на заўвагі не рэагаваў. 

Дзмітрый Навуменка віну не прызнаў, суду патлумачыў, што знаходзіўся на тэрыторыі каля стадыёна “Трактар” на масавым мерапрыемстве, выпіў піва. Калі выходзіў са стадыёна разам з сябрам, да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі: адзін быў у форме, другі – у цывільным, якія сказалі пайсці з імі. Яны пайшлі ў комнату міліцыі на стадыёне. Дзмітрый не крычаў, а толькі падпяваў, як і шмат іншых людзей, да грамадзянаў не прыставаў, заўваг ад міліцыі ніякіх не паступала. У міліцыі яму патлумачылі, што прычына затрымання – бела-чырвона-белы сцяг, які быў разгорнуты падчас канцэрта. Пры вобшуке сцяг пры затрыманым не знайшлі.

Хлопцаў адправілі на медыцынскі агляд, пасля ў РУУС, дзе былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да іх. Копію пратакола Дзмітрыю Навуменка не выдалі, а толькі далі пачытаць.

Сведка-амапавец Віктар Харужый распавёў, што бачыў, што Дзмітрый Навуменка паводзіў сябе агрэсіўна, лаяўся матам, была вельмі гучная музыка, аднак сведка змог пачуць. Ніякіх заўваг яму не рабілі, а проста пачакалі на выхадзе са стадыёну. Сведка сказаў, што затрыманы ні да каго не чапляўся, аднак у рапарце напісана – “зняважліва чапляўся да грамадзян”. Тады Віктар Харужый патлумачыў, што меў на ўвазе тое, што Дзмітрый Навуменка проста лаяўся, а гэта і было “зняважлівае чаплянне да грамадзянаў”.

Другі сведка Аляксандр Маісеенка ў суд не з’явіўся. Суддзя вырашае працягнуць разгляд справы без яго ўдзелу. Аднак абаронца хадайнічае аб выкліке АМАПаўца ў суд для дачы паказанняў.

spring96.org


Каментаваць