Судзяць маладых людзей, якія распісалі шчыты АМАПа. Адной з падсудных інкрымінуюць абразу Лукашэнкі

Соф'я «наўмысна і супрацьпраўна» дэманстравала плакат з надпісам, які ў зневажальнай форме «абразіў... Лукашэнку А. Р.», паведамляе «Свабода».

Суд Кастрычніцкага раёна Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы навучэнцаў каледжу сферы абслугоўвання Соф'і Малашэвіч і Ціхана Клюкача.

Іх абвінавачваюць у тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты супрацоўнікаў АМАПу, а таксама бралі ўдзел у «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў».

Акрамя таго, дзяўчыну абвінавачваюць у публічнай абразе беларускага кіраўніка. Паводле пракурора, Соф'я «наўмысна і супрацьпраўна» дэманстравала плакат з надпісам, які ў зневажальнай форме «абразіў дзейнага прэзідэнта Лукашэнку А. Р.».

Таксама, зыходзячы з матэрыялаў справы, Малашэвіч не рэагавала на заклікі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, «удзельнічала ў масавым упартым і бесперапынным парушэнні грамадскага парадку».

Найперш гэта тычыцца падзеяў 6 верасня, калі маладыя людзі дайшлі да міліцэйскага ланцуга і распісалі з балончыкаў шчыты амапаўцаў.

Падчас допыту Ціхан Клюкач заявіў, што яны наўмысна выходзілі на акцыі пратэсту, каб акрэсліць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Праваабаронцы прызналі Соф'ю Малашэвіч і Ціхана Клюкача палітвязнямі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: