Судзяць пяць мінчукоў, якіх абвінавачваюць у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта

Суд Мінскага раёна 11 студзеня распачаў разгляд крымінальнай справы супраць пецярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня ў Баравой. Іх абвінавачваюць у групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў».
Суд 11 студзеня. Фота: spring96.org

Суд 11 студзеня. Фота: spring96.org



Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Матэрыяльная шкода склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных судзяць за рэчывы, якія сілавікі знайшлі пры вобшуке іх дамоў пасля затрымання 29 верасня: па ч. 1 ст. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў), ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі) і па ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса.

Мінчукоў затрымалі 29 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа каля той самай машыны супрацоўніка. На відэа, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і ONT NEWS, бачна, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю, а таксама адзін з затрыманых быў моцна збіты. Справу разглядае суддзя Віктар Шаўцоў. “Вясна” назірае за судовым працэсам і вядзе анлайн з суда.

На лаве падсудных знаходзяцца адразу пяць мінчукоў ва ўзросце ад 28 да 39 гадоў:

31-гадовы беспрацоўны Ягор Еўстратаў – ч. 2 арт. 339, ч.1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса;
28-гадовы развозчык піцы Павел Сахарчук – ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі) Крымінальнага кодэкса.
32-гадовы работнік метро Арцём Анішчук – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса;
32-гадовы работнік піцэрыі Арцём Нечыпор – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса;
39-гадовы трэнер па каратэ Антон Быкоўскі (гэта ён увесь у крыві на відэа ONT NEWS адказвае на пытанні супрацоўніка) – ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса.

Усіх судзяць за пашкоджанне ноччу 29 верасня групай асобаў машыны жонкі міліцыянта ў Баравой. Ягора Еўстратава і Антона Быкоўскага таксама судзяць па дадатковых артыкулах за знойдзенныя сродкі ў іх дома ў ходзе вобшука пасля затрымання. Антона Быкоўскага абвінавачваюць у незаконным пасеве, вырошчванні канаплі ў сваім гаражы ў Мінскім раёне, а таксама за захаванне наркатычнага сродка дома. У Ягора Еўстратава пасля затрымання дома знайшлі гаручыя рэчывы.

Паўла Сахарчука судзяць за збыт Арцёму Нечыпору тэлескапічнай дубінкі, якую сілавікі знайшлі пры ператрусе машыны.

Антон Быкоўскі прызнае віну па арт. 328 і 339 Крымінальнага кодэкса часткова. Ягор Еўстратаў па арт. 295-3 КК цалкам прызнае віну, а па арт. 339 КК – часткова. Павел Сахарчук цалкам прызнаў віну. Арцём Анішчук таксама цалкам прызнае віну, а Арцём Нечіпор цалкам не прызнае віну.

Усе абвінавачаныя раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

Што здарылася ноччу 29 верасня?

Уначы 29 верасня ў Мінскім раёне супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі пецярых мінчукоў. Па версіі следства, мужчыны пашкодзілі аўтамабіль жонкі міліцыянта: пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў.

Прэс-служба МУС тады паведаміла пра затрыманне мінчукоў:

"Затрыманыя — актыўныя ўдзельнікі пратэстаў і такім чынам вырашылі спагнаць злосць да праваахоўных органаў".


У судзе яны ўжо праходзяць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства), ч.1 ст. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў), ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да халоднай зброі). Збітага Антона Быкоўскага судзяць яшчэ па ч. 1 арт. 328 (Незаконны абарот наркатычных сродкаў).

«Памыліўся палітычнымі поглядамі»

Акрамя гэтага, Telegram-канал ONT NEWS асобна апублікаваў начную здымку з гукам 29 верасня. У роліку бачна, што сілавікі пачалі дзейнічаць праз 15 секунд пасля таго, як да машыны падышла група. У запісе чутныя выбухі, бачныя ўспышкі, у руках аднаго з пераследуючых бачны прадмет, падобны на зброю.

Таксама ONT NEWS апублікаваў асобна відэа допыту затрыманага тады 39-гадовага Антона Быкоўскага. На відэа ён адказвае на пытанні з заплюшчанымі вачыма і ўвесь у крыві, ён выглядае моцна збітым. На адно з пытанняў [верагода, сілавіка] ён адказвае, што «памыліўся палітычнымі поглядамі».
Антон Быкоўскі пры затрыманні. Скрын з відэа МУС

Антон Быкоўскі пры затрыманні. Скрын з відэа МУС


Што адбываецца на судзе?

Справу разглядае суддзя Віктар Шаўцоў. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Касінская. Усе пяць абвінавачаных знаходзяцца пад вартай з 29 верасня.

На судзе таксама прысутнічае пацярпелы па справе. Абвінавачаныя ў судзе будуць дапытаныя пазней.

Допыт сведак

У судзе было вырашана першым дапытаць сведку – суседку Ягора Еўстратава. Жанчына была панятой на ператрусе сілавікамі кватэры абвінавачанага. Яна распавяла, што пры вобшке ў пакоі Егора была знойдзеная 5-літровая бутылька з вадкасцю і 0,5 вадкасці ў шкляной бутэльцы. Па версіі следства, у ёй знаходзілася гаручае рэчыва, горла было заматана тканінай. За гэта яго судзяць па ч.1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў). Таксама суседка распавяла, што пры вобшуке былі вынятыя сцягі: "беларускі, бчб-сцяг і не наш", тэлефоны, флэшкі, электрашокер, сістэмны блок. Суседка сказала, што Ягор "нармальны хлопец".

Другі сведка ў судзе – Станіслаў, знаёмы з Ваеннай акадэміі Паўла Сахарчука. Ён распавёў на судзе, што Сахарчук перадаў яму абарончыя прадметы: газавы балончык і электрашокер, грошы за гэта не даваў. Па яго словах, гэтыя рэчы Павел атрымаў па пошце. Станіслаў распавёў на судзе, што ўдзельнічаў у тэлеграм-чаце на 10 чалавек, дзе быў і Сахарчук, там заклікаліся псаваць маёмасць супрацоўнікаў міліцыі.

"Калі я ўбачыў машыну — у мяне слёзы пацяклі". Допыт пацярпелага

Пацярпелым па справе прызнаны Аляксандр Гейц – намеснік начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў ВК, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС. Ён распавёў на судзе, што яму ноччу 29 верасня патэлефанаваў старшыня жыллёвага кааператыва і сказаў, што яго машына пашкоджаная.

"Прыйшоў і ўбачыў, што ў машыны былі праколатыя ўсе колы, па крузе была падрапаная, усе праёмы дзвярэй і выхлапная труба былі залітыя мантажнай пенай, машына па крузе аблітая чырвонай фарбай".

Аляксандр Гейц распавёў, што, калі прыйшоў, то ўбачыў чацвярых затрыманых, а праз гадзіну затрымалі і прывезлі яшчэ аднаго.

Супрацоўнік міліцыі распавёў, што гэтую машыну купілі жонцы у 2018 годзе жонцы ў салоне "Renault", але карыстаецца гэтай машынай ён сам.

Пацярпелы не змог растлумачыць, як на месцы так хутка апынуліся супрацоўнікі САХРа.

"З-за роду дзейнасці, напэўна, гэта была іх аперацыя, але мне пра гэта нічога не вядома".

Ён не бачыў у тую ноч, каб абвінавачаных збівалі або ўжывалі щ дачынненні да іх спецсродкі, убачыў толькі па тэлевізары "не такія асобы, як цяпер".

Пацярпелы сказаў на судзе, што не разумее з-за чаго яму сапсавалі машыну:

"Гэта машына простага супрацоўніка, які не прымае ўдзел у мерапрыемствах...

Я працую ў Цэнтральным апараце МУС – у ДВП, але яны ж не адбывалі пакаранне, я не разумею, за што.

Я пасля выбараў маніторыў тэлеграм-каналы і бачыў, што там шмат заклікаў караць міліцыянтаў, іх сваякоў, іх маёмасць".

Гейц распавёў, што ён бачыў у тэлеграм-канале заклікі зрабіць за ўзнагароджанне "лепшы кантэнт з пашкоджаннем маёмасці міліцыянтаў". Ён дазнаўся ў сілавікоў, што адзін з затрыманых здымаў псаванне машыны на тэлефон.

Па словах пацярпелага, 24 верасня ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" з'явіліся даныя жонкі (нумар тэлефона, нумар машыны). Яна раней працавала інспектаркай у Дэпартаменце выканання пакарання, цяпер працуе выкладчыцай у Акадэміі МУС. Яна распавяла, што пасля размяшчэння яе тэлефона ў тэлеграме ёй бесперапынна паступалі званкі. Па словах Аляксандра Гейца, пагроз ёй не паступала, у тым ліку пашкоджанні маёмасці, былі толькі абразы.

З сумай пацярпелы не згодны, шкода была нанесены на вялікую суму — за чатыры колы не кампенсаваны ўрон. Ён ацаніў прыблізную суму на 1000 рублёў.

Пацярпелы папрасіў пакараць абвінавачаных па меркаванні суда.

Таксама ён заявіў на судзе маральную шкоду 3000 рублёў, але грошы прасіў перавесці на рахунак Радашковіцкага дома-інтэрната.

"Пакуль машына рамантавалася і знаходзілася на экспертызе, мы з сям'ёй былі без машыны. Мы плацім крэдыт за машыну да гэтага часу. Гэта ўсё лягло ў аснову маральных перажыванняў. Да машыны я ставіўся трапятліва. Калі я ўбачыў машыну — у мяне слёзы пацяклі".

Пацярпелы таксама заявіў грамадзянскі пазоў — спагнаць з пацярпелых суму за знішчаныя колы, іх давялося цалкам замяніць.

Усе абвінавачаныя прызналі заяўленыя іскавыя патрабаванні. Нечыпор прызнаў маральную шкоду толькі часткова.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: