Судзяць рок-музыку Ігара Банцара. Ён абвясціў сухую галадоўку і адмовіўся ад адваката

Справу прадстаўніка гродзенскага андэграўнду Ігара Банцара пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёну Гродна 3 сакавіка. Яго вінавацяць у тым, што танцаваў без штаноў перад машынай ДАІ.

Справу разглядае суддзя Наталля Козел. Пракурор — Сяргей Нічыпарук. Пацярпелы міліцыянт — Сяргей Багдзевіч.

Паводле афіцыйнай версіі, 5 верасня гродзенец выйшаў на вуліцу з забаўляльнай установы на вуліцы Горкага, убачыў машыну міліцыі, падышоў да лабавога шкла і пачаў дэманстраваць геніталіі. Паводле дзяржаўнага абвінавачання, ён быў у стане ап’янення, агаліў свае палавыя органы і дэманстраваў іх міліцыянту і кіроўцу ў службовай машыне. Сваю віну фігурант прызнаў часткова.

Да пачатку суду фігурант трымаў у руках аркуш з надпісам «Справядлівасці няма», упаў на падлогу, нібыта страціў прытомнасць.

«Шмат людзей прыйшло. Адразу стала душэўна, як на вечарыне», — сказаў Банцар да пачатку пасяджэння.

 

Што кажа абвінавачаны?

Банцар паведаміў суду, што нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, сваім пастаянным месцам жыхарства назваў «планету Зямля». «Я касмапаліт... Праз локдаўн я жыў у Беларусі», — адзначыў ён.

«Мяне судзяць за танец», — паведаміў ён суддзі, калі тая зрабіла яму заўвагу, каб ён не танцаваў у судзе.

Банцар заявіў хадайніцтва, каб пасяджэнне вялося толькі на беларускай мове. Суд яго адхіліў. У судзе ён абвясціў сухую галадоўку, бо справа, на яго думку, мае палітычныя матывы. Таксама ён адмовіўся ў судзе ад адваката: «Канстытуцыя мяне абароніць». Адвакат сышоў з залі.

 

Што кажа пацярпелы?

Пацярпелы міліцыянт Ленінскага РАУС Гродна Сяргей Багдзевіч сядзеў за стырном міліцэйскай машыны, калі ўбачыў, што побач з машынай «танцуе голы мужык». Потым той збег у натоўп. Багдзевіч узяў дручок, выйшаў з машыны, аднак не пабег у натоўп за Банцарам, таму што быў адзін.

«У сувязі з мітынгамі і ўсёй гэтай абстаноўкай я адзін не пабег у натоўп, бо невядома, якія там грамадзяне», — сказаў міліцыянт.

«То-бок вы не пабеглі за мной і не спынілі крымінальнае злачынства праз палітычную абстаноўку?» — удакладніў Банцар.

«Бо я расцаніў гэта як пʼяную выхадку. Я не думаў, што гэта крымінальна трэба караць», — адказаў пацярпелы.

«Ён вельмі свабодны, а гэта ў нашай краіне нельга», — сказала пасля суду маці Ігара Банцара Тамара Мікалаеўна.

Пасля допыту пацярпелага ў судзе абвясцілі перапынак да 4 сакавіка, дапытаюць сведак.

Ігар Банцар — рок-музыкант з Горадні, лідар стрыт-панкавага гурта «Mister X». Называе сябе «легендай андэграўнду» і «зоркай рок-н-ролу». Яму 41 год, жанаты з экс-кіраўніцай незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі Анжалікай Арэхвай, мае траіх дзяцей 8, 10 і 16 гадоў. Раней не судзімы.

Банцар лічыць сябе апалітычным, аднак летась хадзіў на вулічныя пратэсты, дзе яскрава праяўляў сябе: махаў бел-чырвона-белым сцягам на даху аўтамабіля, танцаваў перад судом з ружовым сцягам. Летась тройчы сядзеў па адміністрацыйных справах за мітынгі, агулам 18 сутак.

20 кастрычніка Банцара затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве — за тое, што танцаваў перад міліцыяй без штаноў. 4,5 месяцы ён пад вартай. Яго прымусова вазілі ў Навінкі на псіхіятрычную экспертызу, тая паказала, што ён адэкватны. У гродзенскім СІЗА трымалі ў адзіночнай камеры, змяшчалі ў карцар. З турмы ён перадаў пажаданне сустрэцца з натарыусам і напісаць тэстамэнт.

Незадоўга да затрымання ў кастрычніку Ігар Банцар даў «Радыё Свабода» невялікае інтэрв'ю, якое раней не публікавалася.

— 10 гадоў паміж кампаніямі 2010 і 2020 года працаваў нізавы актывізм. Людзі выхаваныя на нейкіх прыкладах, размовах, сустрэчах. Усё гэта як у скарбонку кладзеш, і з цагліначак складаецца падмурак. Тут эфэкт матылька: мы гэта зрабілі сёння, а эфект заўтра, праз год, праз 10 год. Тое, што ў Беларусі зараз адбываецца, я спадзяюся, скончыцца.

Усё мае плён. Хтосьці ходзіць у ружовым, хтосьці спыняе тэатральную пастаноўку і кажа: «Мы не можам з сябе рабіць вялікіх актораў, калі затрымліваюць нашых супрацоўнікаў», хтосьці звальняецца з міліцыі, хтосьці звальняецца з простай працы. Роля асобы ў гісторыі — наколькі гэта важна?

Хачу ў турму, каб кніжку напісаць. То-бок у турму не хачу, але няма варыянту, бо ў мяне тры кніжкі ляжаць, толькі калі пасадзяць надоўга, будзе час. Мая карэктарка кажа, што ёй было б зручней правяраць у электронным варыянце, а я кажу, што буду пісаць лісты. Тады яна кажа, каб пакідаў шырокія радкі.

spring96.org

Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН, «Радыё Свабода»

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: