Сумесная дэкларацыя дэмакратычных партыяў і рухаў: «Лукашэнка прайграў выбары і ажыццявіў сілавы захоп улады»

Лідары палітычных партыяў і рухаў падпісалі дэкларацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу, паведамляе «Свабода».

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў канстатавалі, што на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня перамогу атрымала Святлана Ціханоўская. На гэтай падставе яны запатрабавалі неадкладнага сходу ў адстаўку Аляксандра Лукашэнкі — як кандыдата, які не атрымаў падтрымкі народу Беларусі і ажыццявіў сілавы захоп і ўзурпацыю ўлады.

Таксама падпісанты патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных акцыяў пратэстаў і палітвязняў.

 «Патрабуем адстаўкі і арышту кіраўнікоў КДБ і КДК Валерыя Вакульчыка і Івана Тэртэля, якія шантажавалі расправай над мужам і дзецьмі Святлану Ціханоўскую і прымусілі яе з’ехаць з краіны. Патрабуем адстаўкі і арышту кіраўнікоў МУС і АМАП Юрыя Караева і Юрыя Падабеда за ўчыненыя іх падначаленымі жорсткія расправы і зверствы, неабгрунтаваны гвалт, катаванні з чалавечымі ахвярамі, ужыванне траўматычнай і агнястрэльнай зброі ў адносінах да ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Патрабуем адстаўкі і арышту чальцоў ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай за арганізацыю масавых фальсіфікацыяў, якія прывялі да сілавога захопу і ўзурпацыі ўлады».

Лідары партыяў і рухаў заклікалі грамадзянаў, у тым ліку працоўныя калектывы, не спыняцца, нарошчваць актыўнасць сваім удзелам у мірных акцыях пратэсту супраць сфальсіфікаванага галасавання і абараніць сапраўдныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў.

Падпісаліся: старшыня БСДП Ігар Барысаў, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня ПСП Уладзімір Навасяд, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: