«Я зразумела, што дзеля сваёй бяспекі будзе лепш з’ехаць»

Колькасць затрыманых з пачатку пратэстаў студэнтаў толькі ў Мінску набліжаецца да 700. Многія з маладзёнаў знаходзяцца пад вартай ужо некалькі месяцаў. Ім пагражаюць гады зняволення. Для кагосьці адзіным шанцам пазбегнуць палітычнага пераследу стаў ад’езд з краіны. Дзве беларускія студэнткі распавялі, як змянілася іх жыццё ў эміграцыі.

Аліна

Да ад’езду

Вольга, 20 гадоў: «Тата сказаў, што я сапраўдная гераіня!»

Вольга ўдзельнічала ў студэнцкіх акцыях у БДУФК. Дзяўчыну адлічылі з апошняга курса. Каб фармалізаваць працэс, ёй зрабілі адразу дзве вымовы за суткі, у тым ліку за «ўдзел у няўзгодненых акцыях на тэрыторыі ўніверсітэта і выкарыстанне сімвалаў, якія наносяць шкоду грамадскаму парадку». «Напэўна, маюцца на ўвазе тры стужачкі на заплечніку», — мяркуе Вольга. Пасля адлічэння рэктар паведаміў дзяўчыне, што спецслужбы звярталіся да адміністрацыі БДУФК з інфармацыяй пра тое, што Вольга — арганізатарка пратэсных акцый ва ўніверсітэце.
Вольга

Вольга


 — Я разумела, што хутка гэтыя чуткі могуць ператварыцца ў рэальны крымінальны артыкул. Пасля 12 лістапада — гэта быў той самы «чорны чацвер», калі адбыліся ператрусы і затрыманні студэнцкіх актывістаў, — я зразумела, што дзеля сваёй бяспекі будзе лепш з’ехаць, і зрабіла гэта ўжо на наступны дзень. У тую пятніцу я хадзіла па вуліцы не азіраючыся, нават не карысталася навушнікамі, каб чуць усё, што адбываецца вакол мяне. Было вельмі трывожна. Тады я не думала, што з'язджаю надоўга. Здавалася, што ўжо вясной дакладна будзе магчымасць вярнуцца дадому. Але гледзячы на тое, што цяпер колькасць студэнтаў, якія вымушана з’язджаюць з Беларусі, павялічваецца з кожным днём, я сумняюся, што хутка буду дома.

Калі мама пачула, што мне патрэбна з’ехаць, грозна сказала: «Прыязджай у Гомель, тут цябе ніхто не забярэ». Вядома, было б глупствам хавацца па месцы рэгістрацыі. Потым мама супакоілася і на халодную галаву стала думаць, чым мне можна дапамагчы. А вось тата сказаў, што я сапраўдная гераіня, што ён ганарыцца мной!

Аліна, 20 гадоў: «У ноч перед ад’ездам я некалькі гадзін сядзела ў піжаме ўся ў слязах праз тое, што не хацела з’язджаць»

Аліна прыняла рашэнне аб адлічэнні з трэцяга курса факультэта журналістыкі БДУ ўжо пасля пераезду ў Кіеў. Дзяўчына — сябра «Задзіночання беларускіх студэнтаў» і студэнцкага стачкама. Той самы «чорны чацвер» кардынальна змяніў жыццё Аліны, вымусіўшы з’ехаць з краіны. А яшчэ ў той дзень дзяўчына даведалася, што такое сапраўднае пачуццё віны, і дагэтуль не можа яго пазбавіцца.  

— Я не збіралася з’язджаць. Здавалася, што рэальная пагроза ёсць толькі для самых заўважных актывістаў. І нават калі ў жніўні да мяне прыходзіў ГУБАЗіК, не было думкі хавацца: думала, што нічога такога я не раблю. Але калі 12 лістапада прыйшлі да дзесяці студэнтаў і актывістаў (з некаторымі я была вельмі добра знаёмая), стала зразумела, што вяртацца дадому небяспечна. Пазней даведалася, што маё прозвішча некалькі разоў гучала на допытах. Адвакаты раілі з’ехаць ці залегчы на дно.

Па-сутнасці, канчатковае рашэнне аб пераездзе было прынята маімі сябрамі, таму што сама я не вельмі разумела, што адбываецца. Напэўна, я б засталася ў Беларусі, хавалася б у нейкай кватэры. Але сябры настойвалі на тым, каб я з’ехала, казалі, толькі так буду ў бяспецы. Таму ў аўторак, 17 лістапада, я паехала ў Кіеў. Не магу сказаць, што эміграцыя — найлепшы варыянт. Магчыма, я магла спакойна застацца ў Мінску і калі б мяне затрымалі, то толькі на суткі. Але маглі і закінуць у СІЗА. Тут невядома.

Памятаю, што ў ноч перад ад’ездам я некалькі гадзін сядзела ў піжаме на маленькай кухні, уся ў слязах праз тое, што не хацела з’язджаць. Але потым прыехала мая сяброўка і сказала, што яна нікуды не пойдзе, пакуль я не набуду квіток на аўтобус да Кіева. На наступны дзень я сустрэлася з бацькамі. Аб тым, што давядзецца часова пераехаць, я сказала ім за дзень да ад’езду. Пасля сустрэчы яшчэ збірала некаторыя дакументы і проста хадзіла па горадзе, развітвалася з Мінскам. Гэта было вельмі сумна. На вакзале ў мяне так калаціліся рукі, што ў нейкі момант я проста ўпусціла тэлефон. Ён дагэтуль увесь разбіты.

Калі я толькі прыехала, спадзявалася, што Новы год сустрэну ў Беларусі. Але паступова разумела, што так хутка вярнуцца дадому не атрымаецца. Заўсёды стаўлю сабе ўмоўны дэдлайн: вярнуцца да вясны, да канца лета… І так яно ідзе.

Першыя дні эміграцыі

Вольга

Вольга: «Часу на рэфлексію не было»

— Знаёмы, які таксама з’ехаў з Беларусі за некалькі дзён да мяне, дапамог знайсці жыллё на першы тыдзень праз каўчсёрфінг. Так на першы час я пасялілася ў мясцовага хлопца, які распавёў шмат цікавага пра Украіну і ўкраінцаў. Хутка я даведалася, што ў Кіеве ёсць шмат актывістаў, да якіх можна звярнуцца за дапамогай. Такім чынам я крыху асвоілася, стала лягчэй. У першыя месяцы ўсё было ў навінку: горад, людзі… Не было часу на рэфлексію. Але зараз магу сказаць, што наладзіла сваю штодзённасць у Кіеве, вызначыла кола знаёмых і адчуваю сябе камфортна (наколькі камфортна можна адчуваць сябе ў эміграцыі). Вялікай праблемай былі дазволеныя 90 дзён знаходжання ва Украіне. Гэта вельмі мала. Цяпер тэрмін працягнулі да 180 дзён, таму юрыдычных праблем у мяне няма.

Аліна: «Было вельмі моцнае пачуццё віны за ўсё, што адбылося ў Беларусі»

 — Я спакойна прайшла мяжу і выехала з Беларусі. Калі я зразумела, што мне аддалі пашпарт, пры гэтым не праверылі рэчы, не затрымалі хаця б часова, стала неяк прыкра. Падавалася, што я дарма паехала, магла застацца. Аўтобус, на якім я дабіралася да Кіева, спазніўся на дзве гадзіны. Мяне павінен быў сустрэць знаёмы, але ён не мог так доўга чакаць. А я прыехала без сувязі, да таго ж, трэба было адразу абмяняць грошы на мясцовыя, а ў мяне з сабою былі вялікія купюры. У выніку абмяняла іх на вакзале, максімальна нявыгадна. Пасля ўсіх гэтых прыгод я прыехала ў кватэру знаёмага і цэлы дзень праспала.

Эмацыйна ўсё гэта даволі цяжка. На працягу першага тыдня ва Украіне я плакала амаль кожную ноч. Потым неяк супакоілася, а праз месяц пачалося зноў. У мяне было вельмі моцнае пачуццё віны за ўсё, што адбылося ў Беларусі. Я доўга вінаваціла сябе ў тым, што затрымалі адну з нашых дзяўчат, студэнцкіх актывістак. Мы з ёй размаўлялі літаральна за гадзіну да затрымання. Яна хацела пад’ехаць да нас, але мы стаялі каля дома іншай дзяўчыны, у якой быў ператрус, таму я сказала ёй не выходзіць, сядзець у інтэрнаце. Там яе затрымалі.

Месяцы два я сабе казала, што дзяўчынку маглі не забраць, калі б я не параіла ёй застацца. Я звярнулася ў службу псіхалагічнай дапамогі для беларускіх эмігрантаў ад «Free Belarus Center», займалася з псіхолагам, але ўсё роўна вельмі кепска спала, нічога не хацелася. Амаль месяц таму я пачала піць антыдэпрэсанты. Зараз адчуваю сябе лепей, але дагэтуль часам накрывае.  

Безумоўна, ёсць і прыемныя аспекты майго пераезду. Зараз я здымаю кватэру разам з іншымі беларусамі, якія таксама былі вымушаныя з’ехаць. Да нас часта прыходзяць госці, бывае, што ў кватэры знаходзяцца адначасова 15-20 чалавек. Граем разам у настолкі, слухаем музыку, танчым. А яшчэ мы тут вельмі весела сустракалі Новы год, таксама ў вялізнай кампаніі. Спачатку паглядзелі зварот Ціханоўскай, потым і Лукашэнку паслухалі для параўнання, а пад канец глядзелі зварот Зяленскага. Спявалі ўсе разам «Пагоню», шпацыравалі па горадзе… Гэта было цудоўна. Нядаўна наведалі з сяброўкай музей-кватэру Булгакава, дзе пісьменнік жыў у дзяцінстве. Мне вельмі там спадабалася. А месяц таму я з’ездзіла ў Львоў да сяброў. Увогуле жыццё цяпер нагадвае эмацыйныя арэлі — то здаецца, што сітуацыя вельмі складаная, то раптам усё паляпшаецца і квітнее.

Пра будучыню

Вольга: «Не ведаю, калі будзе магчымасць убачыць блізкіх»

— Слова «будучыня» выклікае ў мяне алергію. Зараз я вывучаю польскую мову па праграме Каліноўскага. Але для мяне вельмі істотна застацца ў беларускім студэнцкім актывізме. Пакуль не ведаю, як сумясціць гэта з навучаннем за мяжой. Што-небудзь прыдумаю. Я вельмі сумую па людзях, якія засталіся ў Беларусі. Увогуле толькі ў эміграцыі я зразумела, што азначаюць гэтыя словы — «я сумую». Не ведаю, калі будзе магчымасць убачыць блізкіх, ці будуць у нас такія ж добрыя адносіны, калі я вярнуся. Ад гэтага вельмі балюча.

Аліна: «Калі рэвалюцыя пераможа, мы ўсе сядзем на адзін аўтобус ці самалёт і разам вернемся ў Беларусь»

 — Пакуль складана планаваць сваё жыццё далей, чым да канца гэтага лета. Я знайшла стажыроўку ад «Free Belarus Center» на тры месяцы. На мора вельмі хочацца з’ездзіць, калі я ўжо ва Украіне. У тэатр даўно збіраюся схадзіць. А ўсе глабальныя планы будуюцца з агаворкай: а раптам я змагу вярнуцца дадому і ўсе гэтыя планы не спатрэбяцца. У мяне была магчымасць адразу працягнуць навучанне па праграме Каліноўскага, але пакуль не жадаю зноў паступаць ва ўніверсітэт, таму што ў мяне ёсць праца і стажыроўка. Было б складана сумяшчаць. Магчыма, працягну атрымліваць адукацыю з верасня.

Вяртанне ў Беларусь цяпер увогуле падаецца чымсьці нерэальным, таму што адбываюцца ўсе гэтыя жудасныя суды, ехаць дадому максімальна небяспечна. Але ў нас з сябрамі, якія таксама знаходзяцца тут у вымушанай эміграцыі, з’явілася мара аб тым, што, калі рэвалюцыя пераможа, мы ўсе сядзем на адзін аўтобус ці самалёт і разам вернемся ў Беларусь. Чамусьці падавалася, што нас будуць радасна сустракаць на радзіме. Але зараз цяжка пра такое думаць. Гэта нешта занадта добрае, што наўрад ці хутка адбудзецца.

Маёй прабабулі зараз амаль 90, і ўва мне вельмі моцна засела думка, што вось раптам яна памрэ і я нават не паспею развітацца. Да таго ж, яшчэ да выбараў я стала хроснай стрыечнага брата, а потым з’ехала і не бачу, як ён расце, змяняецца… Сумую па ладзе жыцця, які быў у мяне ў Беларусі, па простым адчуванні таго, што я дома.          



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: