«Супермаркеты падрыхтаваліся, а ты?» Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра падрыхтоўку да Калядаў

Тадэвуш Кандрусевіч распавёў TUT.BY пра падрыхтоўку да свята Нараджэння Хрыстовага.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

25 снежня каталікі адзначаюць Божае Нараджэнне. Кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра падрыхтоўку вернікаў да Каляд, а таксама адказаў на пытанне, як сам сустракае Новы год.

— Адвэнт — час падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння і другога прышэсця Хрыста. Я быў за мяжой, і на адным з касцёлаў прачытаў такую афішу: «Супермаркеты ўжо падрыхтаваліся да свята Божага нараджэння. А ты?». Гэтая духоўная падрыхтоўка, практыкаванні, пакутныя набажэнствы, споведзь. Найперш трэба падрыхтаваць сваю душу. На жаль, мы бачым, што гэтая падрыхтоўка больш знешняя: трэба набыць падарункі, павіншаваць, мы думаем, да каго паехаць. Усё гэта добра, але найвялікшай праблемай будзе тое, калі мы размінёмся з Панам, калі ён прыйдзе сюды.

Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што свята Божага Нараджэння — сямейнае. Традыцыйна на стол ставяць 12 страў.

— Усе яны посныя павінны быць, ніякага алкаголю. Астаўляем месца пустое, бо можа нейкі госць прыйдзе. Хтосьці чытае Евангелле, традыцыйна старэйшы. Праламляюцца аплаткі, людзі складаюць адзін аднаму зычэнні, ну, а потым ідуць да касцёла на святую імшу.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч віншуе ўсіх са святам Божага Нараджэння.

— Віншую ўсіх вас, браты і сёстры, віншую сваіх адзінаверцаў, каталікоў, віншую хрысціян з іншых канфесій, якія разам з намі адзначаюць гэтае свята. Са словамі віншаванняў звяртаюся да сясцёр і братоў праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць гэтае свята, віншую ўсіх людзей добрай волі. Радасных, поўных ласкі і Хрыстовага супакою свята Божага нараджэння і шчаслівага Новага года.

А вось свецкі свята бліжэйшых дзён, Новы год, кіраўнік католікаў Беларусі сустракае ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

— А палове 11-й распачынаем апошнюю святую імшу старога года, па яе завяршэнні пробашч здае справаздачу, колькі ў год было святых камуній, хростаў, шлюбаў. Усе гэта слухаюць уважліва. Потым — прадстаўленне найсвяцейшых дароў, еўхарыстыя. Мы чакаем, калі апоўначы б’е гадзіннік на ратушы. Я тады благаслаўляю, віншую з Новым годам, і людзі ідуць дамоў. І я сам іду дамоў — спаць, бо назаўтра набажэнства. 

Паводле tut.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!