Супольна за жыццё і росквіт родных моваў!

Напрыканцы мінулага года выбітныя навукоўцы і дзеячы культуры Украіны заклікалі ўлады абвясціць 2018 год Годам зацвярджэння ўкраінскай мовы.

Для беларусаў гэта вялікая школа ў змаганні за роднае слова ва ўмовах правядзення ўласнай дзяржавай сістэмнай палітыкі суцэльнай русіфікацыі. Калі заўтра яе не спыніць, беларуская мова немінуча прыйдзе ў поўны заняпад.

У нашым экстрэмальным становішчы заўжды неацэннае значэнне мела і мае творчае выкарыстанне вопыту братняй Украіны па рэгуляванні моўнага працэсу. У гэтым мы на некалькі парадкаў адстаём ад сваіх паўднёва-ўсходніх суседзяў, у чым вінаватыя не толькі ўлады, але і асноўны масіў інтэлігенцыі, віной чаму не яна, а праведзеная на самым высокім дзяржаўным узроўні татальная русіфікацыя насельніцтва краіны.

Аўтараў гэтага ліста вельмі радуе, што з мэтай павышэння сацыяльнай ролі ўкраінскай мовы, як канстытуцыйнага кансалідаванага чынніка, як надзейнага шляху ўмацавання дзяржаўнасці адзінай, непадзельнай Украіны, да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі звярнуліся 178 народных дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны (у нас такіх і дзесяці не набярэцца!), Камітэт Рады па культуры і духоўнасці, 36 вядомых украінскіх навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў з прапановай абвясціць 2018 год Годам украінскай мовы. Незвычайна цешыць, што ініцыятыву падтрымаў Сусветны камітэт украінцаў.

Верым, што такая нацыянальна-патрыятычная ініцыятыва найлепшых людзей Украіны, напэўна ж, адарве ад летаргічнай спячкі і каго-небудзь з нашага беларускага дзяржаўна-палітычнага апарату, з інтэлектуалаў Беларусі, этнічна здаровай часткі грамадскай супольнасці, і яны нарэшце набяруцца смеласці звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай абвясціць 2019 год Годам беларускай мовы. Якім бы катастрафічным сёння не было яе становішча, усё ж яшчэ ёсць што ратаваць.

Сваім вартым вялікай павагі прыкладам вы, шаноўныя ўкраінскія друзі, паказваеце многім ахопленым асіміляцыяй народам свету, і асабліва беларусам,  як трэба па-бацькоўску шанаваць сваю найдаражэйшую нацыянальную каштоўнасць — родную мову.

Жадаем братняму ўкраінскаму народу як мага хутчэй вызваліцца ад агрэсіўнага ўплыву рускай мовы на яго нацыянальнае жыццё, і каб Украіна паводле свайго культурна-моўнага ладу вечна заставалася сама сабой, — украінскаю, падаючы гэтым самым добры, павучальны прыклад і нам, беларусам.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць