Супраць «Медыя-Палесся» завялі новую справу за «пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны»

Заяву ў міліцыю напісала настаўніца Мікашэвіцкай СШ № 2, дзе вучылася кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.




На «Медыя-Палессі» выйшла публікацыя «Настаўнік Ціханоўскай: "Гэта яна за мужам, як за дзекабрыстам пайшла. Не толькі характар, але і любоў сваю праявіла"».

Настаўнік Іна Кухарава, імя якой згадвалася ў артыкуле, запатрабавала абвергнуць інфармацыю аб тым, што яна вучыла Ціханоўскую і параўноўвала яе з дзекабрысткай.

Як высветлілася, карэспандэнт Анатоль Крэйдзіч, апытаўшы многіх людзей на радзіме Святланы Ціханоўскай у Мікашэвічах — настаўнікаў, суседзяў, аднакласнікаў, — цытату, сказаную іншым настаўнікам, памылкова прыпісаў Кухаравай.

Пра заяву рэдактар сайта Святлана Гарда даведалася па тэлефоне ад супрацоўніка Мікашэвіцкага аддзялення міліцыі.

«Звязаўшыся з настаўнікам і высветліўшы патрабаванні заяўніцы, апублікавалі абвяржэнне і ўнеслі праўку ў артыкул аб Ціханоўскай, — распавяла Святлана Гарда службе маніторынгу ГА "БАЖ". — Але гэта не дапамагло. Міліцыя пачала адміністрацыйны працэс супраць ТАА "МП Компані", уладальніка сайта».

Міліцыянт прыехаў апытваць дырэктара ТАА «МП Компані» Максіма Гарда з гатовым аддрукаваным пратаколам.

Паводле інкрымінаванага артыкула (ч. 3-1 арт. 22. 9 Каап «Распаўсюд сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена ў сродках масавай інфармацыі...»), публікацыя ў «Медыя-Палессе» нанесла шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, спрыяла нагнятанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, стварэнню панічных настрояў, вядзе да масавага дезінфармавання насельніцтва і парушае канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі.

Сведкам прызнаны Анатоль Крэйдзіч. Пацярпелых няма.

Анатоль Крэйдзіч у штат рэдакцыі прыняты нядаўна, журналіст і рэдактар больш чым з 30-гадовым стажам, аўтар шэрагу кніг, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

«Гэта чарговы крок уладаў задушыць незалежны рэсурс, у тым ліку эканамічнымі санкцыямі», — падкрэсліла Святлана Гарда.

Прыхільнікам закрыцця «Медыя-Палесся» рэдакцыя адказвае: «Мы працуем у інтэрнэце, яго не закрыць». І заклікала падпісвацца на групы выдання ў сацсетках, у якія ўваходзіць больш за 62 тысячы чалавек.

Нагадаем, па рашэнні суда Лунінецкага раёна, рэдакцыя ў ліпені выплаціла штраф у памеры 120 базавых велічынь — 3240 рублёў.

Паводле baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: