Супраць Паліенкі распачалі дзве новыя крымінальныя справы

Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку распавяла грамадская актывістка Марына Касінерава, якая атрымала ліст ад Змітра Паліенкі.


«Узбудзілі 2 новых крымінальных справы. Новая 341 за графіці ў Курапатах. І 369 за абразу міністра (былога) МУС Шуневіча Ігара.

Тут на Валадарцы буду яшчэ стабільна паўтара-два месяцы. Усім прывітанні», — піша вязень.


Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства. Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.

5 красавіка Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339 КК), апаганьванне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341) і распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130). Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад'яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай. Фігурантамі гэтай справы акрамя Паліенку з'яўляюцца Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева. 2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Але 16 ліпеня стала вядома, што пракуратура г. Мінска вярнула ў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы.

Змітру Паліенку патрэбна падтрымка звонку. Напішыце вязню:

Паліенка Дзмітрый Аляксандравіч
вул. Валадарскага 2, СІЗА-1
220030
Мінск, Беларусь

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!