Супраць ПЦ «Вясна» ўлады распачалі крымінальную справу

Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь расследуецца крымінальная справа, узбуджаная па факце дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна». З гэтай нагоды праваабаронцы выступілі з рэзкай заявай.

«Дадзеная крымінальная справа ўзбуджаная па арт. 342 КК ("Арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). На дадзены момант у яе межах адбываюцца актыўныя следчыя дзеянні: вобшукі ў офісах нашых рэгіянальных аддзяленняў і ў кватэрах сябраў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні.

Як вынікае з афіцыйных каментароў СК, на думку органаў следства, ПЦ “Вясна” нібыта ажыццяўляе фінансаванне ды іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў, якія пераследуюць мэты здзяйснення іх удзельнікамі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.  

Трэба адзначыць, што напярэдадні гэтых падзей па падобных абвінавачаннях былі ўзятыя пад варту праваабаронцы і валанцёры ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, а па дзяржаўным тэлебачанні вядзецца прапагандысцкая інфармацыйная кампанія, у якой ПЦ “Вясна” фактычна абвінавачваюць у тэрарыстычнай дзейнасці.

У сувязі з гэтым мы, сябры Рады ПЦ “Вясна”, адзначаем наступнае:

Грамадскае аб’яданне Праваабарончы цэнтр “Вясна”, якое ў красавіку гэтага года будзе адзначаць 25-годдзе сваёй дзейнасці, з’яўляецца добраахвотным аб’яднаннем грамадзян, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праве і абавязках асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, якая гарантуе права кожнага індывідуальна альбо ў групе асоб абараняць правы іншых. Такая дзейнасць цалкам адпавядае Канстытуцыі Беларусі і павінна быць гарантаваная з боку дзяржавы.

На працягу ўсіх 25-ці гадоў наша арганізацыя рэгулярна сутыкаецца з актамі ціску, запалохвання і пераследу сябраў арганізацыі за ажыццяўленне праваабрончай дзейнасці. У 2001 годзе арганізацыя была незаконна пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі і вымушаная апошнія 18 гадоў абараняць правы чалавека ў краіне без рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі. У 2011 годзе старшыня аб’яднанння Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі за атрыманне замежнай дапамогі на праваабарончую дзейнасць арганізацыі.

ПЦ “Вясна” ніколі не з’яўляўся арганізатарам якіх бы то ні было гвалтоўных дзеянняў і заўсёды падтрымліваў мірную рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных свабод.

Пры гэтым мы ў чарговы раз адзначаем, што акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў прэзідэнта ў 2020, 2021 гг. насілі пераважна мірны характар. Нягледзячы на гэта, супраць пратэстуючых былі ўжытая непрапарцыйная сіла, спецсродкі і зброя. Найбольш абуральным фактам з’яўляецца выкарыстанне масавых і сістэмных катаванняў у дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту з боку прадстаўнікоў сілавых ведамстваў.

У сітуацыі вострага крызісу з правамі чалавека ў краіне дзейнасць ПЦ “Вясна” скіраваная на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і масавых парушэнняў правоў чалавека. У гэтых мэтах мы актыўна ўзаемадзейнічаем з міжнароднымі механізмамі абароны правоў чалавека, у тым ліку ў межах такіх міжнародных арганізацый, як АБСЕ і ААН.

Мы расцэньваем пачатак крымінальнага пераследу па факце дзейнасці ПЦ “Вясна” як чарговы пераслед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасцю з боку існуючага аўтарытарнага палітычнага рэжыму А. Лукашэнкі, які адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне.

Гэтыя дзеянні ўлад Беларусі груба парушаюць шэраг міжнародных пагадненняў, удзельнікам якіх з'яўляецца і Рэспубліка Беларусь, у прыватнасці, Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных людзей, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, Кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб'яднанняў.

Мы выказваем свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да нашай арганізацыі і яе сябраў. Мы ніколі не спынім сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцей правоў чалаека і дэмакратыі.

Мы патрабуем ад улад Беларусі:

Неадкладна спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да ПЦ “Вясна” і пераслед сябраў нашай арганізацыі.

Неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў ПЦ “Вясна” Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу, нашых калег з Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а таксама сотні іншы палітычных зняволеных.

Спыніць практыку арыштаў і судовага пераследу праваабаронцаў у Беларусі;

Гарантаваць магчымасць усім праваабаронцам у Беларусі ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу».

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: