Супраць расійскага святара заведзеная крымінальная справа

У Віцебску падчас аблавы на прытон затрыманы святар з Расіі, яго падазраюць у спробе вывезці жанчын у Пецярбург у якасці тавару.
Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

"Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа па ч.1 арт.14 і ч.2 арт. 171 КК Рэспублікі Беларусь (замах на арганізацыю або выкарыстанне заняцця прастытуцыяй або стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй, спалучаныя з вывазам за межы дзяржавы асобы для заняцця прастытуцыяй) у дачыненні да 39-гадовага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі", — паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава ў Facebook.

Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужылі матэрыялы, якія паступілі ад супрацоўнікаў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў і гандлю людзьмі органаў унутраных спраў Віцебска.

"Падазраваны мужчына затрыманы. З ім працуюць следчыя. Следчыя праводзяць першапачатковыя следчыя дзеянні, усталёўваюць абставіны здарэння", — дадала С.Сахарава.

Як паведамляе партал 47news.ru, затрыманы мужчына — бацюшка Мікалай (Мікалай Кірэеў) з храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Усеваложскім раёне Ленінградскай вобласці.

Паводле інфармацыі партала, айцец Мікалай з'ехаў з храма 2 жніўня. Родным ён сказаў, што збіраецца здзейсніць паломніцкі ваяж па Маскоўскай вобласці. Апошні раз святар тэлефанаваў каля гадзіны дня 3 жніўня, пасля гэтага на званкі не адказваў і сам не тэлефанаваў. Вечарам 4 жніўня занепакоеная жонка звярнулася ў міліцыю.

4 жніўня М.Кірэева затрымалі ў Віцебску на кватэры, дзе знаходзіліся прастытуткі. Святар быў ня наведвальнікам прытона. Аператыўнікам ён заявіў, што збіраўся вывезці жанчын у Санкт-Пецярбург.

Паводле interfax.by

Каментаваць