Супраціў і салідарнасць. Найважнейшае за 20 верасня

Народны пратэст не спыняецца, як не спыняецца і салідарнасць грамадзян. Беларусы не спыняюцца, і, падаецца, не спыняцца. А ўлада толькі і можа, што наносіць нейкія «кропкавыя ўдары» — сілаў відавочна не хапае.


У нядзелю традыцыйна прайшоў Марш Справядлівасці. І традыцыйна на яго выйшла багата людзей. Канешне, на такія рэчы лепш глядзець знутры і ўжывую.

Зноў акцыя стала агульнарэспубліканскай — у ёй добра і шырока паўдзельнічалі рэгіёны. Самы брутальны разгон зноў быў у Брэсце. Гэта азначае, што ўлада можа рэагаваць на пратэст толькі «кропкава» — на нейкай адной тэрыторыі. Каб «закрыць» усю краіну — моцы не хапае.


Каталікі асобна выйшлі на акцыю пратэста супраць забароны Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь. Яны патрабавалі вяртання арцыбіскупа ў краіну.

Збольшага рэакцыя ўлады на народны рух паказвае яе стомленасць і няздольнасць увогуле кантраляваць сітуацыю. Напрыклад, жыхароў Ждановічаў прыцягваюць да адказнасці за дваровае чаяванне. У пратаколе напісана, што яны «ажыццяўлялі чаяванне з бел-чырвона-белымі сцягамі… з мэтай публічнага выказвання свайго негатыўнага стаўлення да правядзення выбараў».


У парку на вуліцы Ангарскай ў Мінску 19 верасня адбыўся канцэрт з удзелам Аляксандра Памідорава. А раніцай 20 верасня мясцовыя жыхары пабачылі, што лавачкі ў парку разабраныя — ад іх засталіся толькі металічныя каркасы.

Такія дробненькія паскудствы — ці ж сведчаць яны пра моц улады? Напэўна, наадварот.

А беларусы атакуюць па ўсіх франтах. Жлобінчане звярнуліся да міністра інфармацыі Ігара Луцкага са скаргай на БТ. Падставай стала трансляцыя сюжэту «Няцёплы прыём на БМЗ» у эфіры праграмы «Панарама» на тэлеканале «Беларусь-1», у якім ішла размова пра візіт Марыі Калеснікавай у Жлобін. «Увесь матэрыял, пачынаючы ад загалоўка, заканчваючы суб'ектыўнай высновай журналіста ў канцы сюжэту, — суцэльная фальшыўка», — лічаць жыхары Жлобіна, і патрабуюць прыняць да тэлеканала меры, вызначаныя заканадаўствам.

Работнікі Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова напісалі калектыўны ліст, які накіравалі ў тым ліку ў Саўмін і Вярхоўны суд. Падпісанты патрабуюць сярод іншага спыніць паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, правесці новыя выбары, вызваліць палітвязняў, а таксама (у чарговы раз) спыніць прымяненне сілы ў дачыненні да мірнага насельніцтва.

Нагадаем, што МЭТЗ — гэта першае прадпрыемства, з якога пачаўся шэраг страйкаў з месяц таму.

Медыкі запісалі зварот, ў якім выказваюць салідарнасць з народам Беларусі і кажуць, што не будуць пакрываць хлусню пра COVID-19.


І прыгожая адрасная акцыя падтрымкі. Суседзі баскетбалісткі Алены Леўчанка вырашылі падтрымаць яе за «выразную і сумленную пазіцыю». У пад'ездзе павесілі партрэт спартсменкі са словамі «Суседзі ганарацца».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: