«Супрацькляшчовыя мерапрыемствы»: улады Брэста забаранілі мітынг у парку

Улады Брэста забаранілі правядзенне яшчэ 16 мітынгаў супраць акумулятарнага завода, запуск якога павінен адбыцца ў траўні.
Адзін мітынг планаваўся 12 мая ў Брэсцкім раёне ў вёсцы Тэльмы на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Прыбужжа». Яшчэ 15 мітынгаў планавалася правесці з 13 па 17 траўня (па тры штодня) у Брэсце на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Гэтыя месцы вызначаны мясцовымі ўладамі як пастаянныя для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Аднак, як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, Брэсцкі райвыканкам у сваім адказе напісаў, што правядзенне мітынгу на стадыёне недапушчальна ў сувязі з запланаваным там у гэты дзень іншым мерапрыемствам.

Брэсцкі жа гарвыканкам паказаў, што на пляцоўцы ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў з 13 па 17 мая будуць праводзіцца супрацькляшчовыя мерапрыемствы.

«Раней чыноўнікі забаранялі нам мітынгі на пляцоўцы ў гэтым парку на падставе таго, што там праводзіліся рамонтныя работы, санітарная высечка. Зараз пляцоўку пазбавяць ад кляшчоў. Пасля гэтага там будуць створаны ўсе ўмовы для мітынгу, — адзначыў Кісляк. — 13-17 мая — буднія дні. Мабыць, улады проста не прыдумалі, якія правесці там у гэтыя дні «запланаваныя раней мерапрыемствы». Фантазія скончылася, таму яны пачалі ганяць кляшчоў па парку».

naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: