«Супрацоўнічаць з захопнікамі не маю намеру, якія б пайкі не прапаноўвалі». Сяргей Шчурко сышоў з «Прэсбола»

Выданне, якое апынулася пад моцным ціскам, пакінуў адзін са старажылаў і ці не самы вядомы аўтар. У верасні ён атрымаў 15 сутак па артыкуле 23.34.

— Бывай, «Прэсбол» — прынамсі яго друкаваная версія, захопленая непрыяцелем, — напісаў Сяргей Шчурко на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Супрацоўнічаць з захопнікамі не маю намеру, якія б пайкі не прапаноўвалі.
Вангую не толькі хуткі сыход калегаў (многія з якіх ужо ў думках напісалі заяву), але і зыход тых, хто сыходзіць пакуль не збіраецца па прычыне адсутнасці іншых варыянтаў.

Рана ці позна стане сорамна. Хоць і цяпер таксама. Ці маглі мы прадбачыць такі ганебны фінал на сваім 25-годдзі (здымак адтуль), калі чакалі з турмы Беражкова — лепшага рулявога «ПБ» у ягонай гісторыі? Не, смерці папяровай версіі чакалі кожны год, але ўсё ж па натуральных прычынах. А тут — як назло шляхам хірургічнай аперацыі па адразанні жыццёва важных органаў акурат да 30-гадовага юбілею.

Прызнаюся, вельмі хацеў паўтарыць гэты матч — «Прэсбол» супраць астатняга свету, але, на шчасце, кураж знік да пачатку трэніровак. Застаўся толькі ўспамін пра тыя часы. І фота, дзе ілюстраваны фінт-абыход, характэрны для ляўшы. Ты ўжо ў вольным палёце і спыніць цябе можна толькі шляхам сяміметровага.

Вось і зараз — пайшоў і ў свабодным. І шчаслівы ад таго, што яшчэ магу гэта зрабіць…

Нагадаем, што праз ціск аднаго з уласнікаў — Беларускай федэрацыі футбола — сёлета моцна змянілася рэдакцыйная палітыка «Прэсбола». Зараз там забараняецца чапаць тэмы, звязаныя з палітыкай.

У бягучым годзе ў вядомым спартыўным медыя адбыліся ўжо дзве адстаўкі галоўнага рэдактара — летам газету пакінуў Сяргей Кайко, які кіраваў выданнем шэсць гадоў, а нядаўна тым жа шляхам пайшоў Дзмітрый Герчыкаў, адпрацаваўшы на пасадзе пяць месяцаў.

Галоўным рэдактарам у выніку быў прызначаны былы супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Сяргей Лісічкін.

Сяргей Шчурко — не першы журналіст, які пакінуў «ПБ» праз грамадзянскую пазіцыю. Раней гэта зрабілі намеснік галоўнага рэдактара Ўладзімір Пірог, а таксама аглядальнікі Сяргей Мардасевіч і Сяргей Южык. Чакаецца, што звальненні з «Прэсболу» журналістаў працягнуцца.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: