Супрацоўнікаў МТЗ, якія падымалі страйк, звольнілі па артыкуле

Машыністку крана Ульяну Гарбачову і электрагазазваршчыка Міхаіла Громава звольнілі з Мінскага трактарнага завода нібыта за адсутнасць на працы. Юрысты завода не прызналі звальненне законным.


Машыністку крана цэха кабін МТЗ Ульяну Гарбачову, пра якую пісаў "Новы Час", і яе калегу Міхаіла Громава звольнілі пасля таго, як 26 кастрычніка, у першы дзень агульнанацыянальнага страйку, яны прайшлі маршам па заводзе.


«26-га мы прыйшлі на працу. Мой пропуск, як і шматлікіх, быў заблакаваны, у бюро пропускаў шукалі нейкі спіс з 20 чалавек, каго нельга пускаць на завод. У выніку не знайшлі, выдалі мне разавы пропуск. Я прыйшла ў цэх. Майстар мне не выдаў заданне зменнае. Проста спытаў: "Я так разумею, ты працаваць не збіраешся?" Я адказала — не. І ў 8.00 я сышла з цэха. Мы прайшлі маршам па заводзе, па цэхах. Калона была на піку ў 270 чалавек. Лічылі. А потым многія разышліся па рабочых месцах. На абед. А пасля абеду ўжо не сабраліся толькі 30 чалавек. У пачатку трэцяй я прыйшла да начальніка цэха. Там ужо складалі на мяне акт. Аб адсутнасці на працоўным месцы, — распавядае Ульяна гісторыю свайго звальнення. — З 26-га чысла пропуск мой так і не разблакавалі. 27-га я правяла амаль увесь дзень пад кабінетам у Суслянкова (намеснік дырэктара па ідэалогіі. — НЧ). Цэлы дзень вырашалі, як мяне звольніць. Прапаноўвалі пісаць па ўласным жаданні. Я адмовілася. Потым увечары 27-га прыйшоў разлік. На карту. А 28-га выдалі дакументы на рукі».
Ульяна зазначае, што на заводзе 26 кастрычніка яна была ўвесь дзень, а адсутнічала толькі на працоўным месцы.

Адметна, што заводскія юрысты адмовіліся падпісваць дакументы аб звальненні Ульяны, бо лічаць яго незаконным. Яна адна выхоўвае 7-гадовае дзіця, за 12 гадоў працы на МТЗ гэта яе першае парушэнне, і паводле заканадаўства да яе павінны былі ўжыць толькі вымову.

 «Хацелі звольніць усіх, самых стойкіх, але зразумелі, што гэта не законна. Вырашылі звольніць толькі мяне і Громава», — гаворыць суразмоўца.

Ульяна Гарбачова са звальненнем не згодная і збіраецца аспрэчваць яго ў судзе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: