Супрацоўнікі «Прэс-клуба» затрыманыя на 72 гадзіны, КДК праводзіць праверку «па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства»

Кіраўнікі «Прэс-клуба», у якіх 22 снежня праходзілі ператрусы, затрыманыя следствам на 72 гадзіны. Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на інфармаваную крыніцу.


Ператрусы 22 снежня прайшлі ў заснавальніцы «Прэс-клуба» Юліі Слуцкай, дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Алы Шарко, дырэктара «Акадэміі прэс-клуба» Сяргея Якупава, а таксама ў самім клубе. Пасля ператрусаў кіраўнікоў адвезлі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў дзяржкантролю. Як цяпер вядома, іх затрымалі да трох сутак для прад'яўлення абвінавачвання.

У КДК паведамілі, што правяраюць «Прэс-клуб» і «іншыя суб’екты» па «фактах падатковых парушэнняў». Паводле інфармацыі партала, справа ў дачыненні да супрацоўнікаў установы вядзецца па ч.2 арт. 243 — ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Як гаворыцца ў паведамленні, ДФР КДК праводзіць праверку «па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства РБ у дачыненні да службовых асоб культурна-асветніцкай установы «журналісцкая майстэрня Прэс-клуб» і іншых суб’ектаў гаспадарання, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы» — цытуе прэс-службу КДК REFORM.by.

Press Club Belarus — нефармальнае аб’яднанне медыяпрафесіяналаў, уваходзіць у Міжнародную асацыяцыю прэс-клубаў (IAPC), у ім праводзяцца розныя журналісцкія і культурныя мерапрыемствы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: