Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі — да стагоддзя БНР

1–2 верасня ў беларускім цэнтры ў Нью-Ёрку адбылася 33-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая была арганізаваная Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем (БАЗА).

Сустрэча сабрала беларусаў з розных куткоў ЗША: Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі, Філадэльфіі, Маямі, Бостану, былі таксама госці і з Таронта (Канада).

Гэтая сустрэча была прымеркавана да стагоддзя БНР, і прайшла пад тэмай "Рада БНР і беларуская эміграцыя ў Паўночнай Амерыцы — гісторыя, сучаснасць і перспектывы". Ганаровымі гасцямі сустрэчы былі Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, і іншыя сябры Рады БНР, якія распавядалі пра дзейнасць Рады.

Сярод ганаровых гасцей былі і госці з Беларусі: журналіст, тэлевядоўца, грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка і Наталля Гардзіенка — гісторык, кандыдат гістарычных навук, даследчык беларускай эміграцыі.

У першы дзень на адкрыцці Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, госці праслухалі вітанні ад кіраўнікоў яе арганізацый-удзельніц. З прывітальным словам выступіла старшыня Галоўнай управы БАЗА Наталля Федарэнка. Старшыня Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК) Алена Лявончанка не змагла прысутнічаць асабіста, але даслала відэа-прывітанне ўдзельнікам Сустрэчы.

У першы дзень з прамовай выступаў Глеб Лабадзенка, які распавёў пра грамадска-культурную сітуацыю ў Беларусі, прыгадаў свой шлях да беларушчыны, а таксама падзяліўся ідэямі, як кожны беларус, нават той, хто жыве за мяжой, можа прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Бацькаўшчыны.

Першы дзень 33-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі быў завершаны канцэртам ад сямейнага гурта Валянціны Пархоменка-Казак, Алеся Казака і Вольгі Казак-Анлар. Валянціна разам з мужам Алесем і дачкой Вольгай расчулілі ўсіх прысутных сваім шчырым выкананнем беларускіх хітоў, народных песень і твораў свайго аўтарства.


Другі дзень Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі пачаўся з набажэнства ў саборы Святога Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Царквы ў Нью-Ёрку і малебну за Беларусь. Афіцыйную частку праграмы другога дню адчынілі актывісты Бруклінскага аддзелу БАЗА, якія паказалі пастаноўку "Як гэта было" пра падзеі Першага Усебеларускага З'езду 1918 года (па матывах твору Алеся Пашкевіча "Пляц волі"). У ролях Алеся Гаруна і Алеся Бусла выступілі браты Сяргей і Уладзімір Кудзелічы.

Асноўнай часткай другога дня Сустрэчы было пленарнае пасяджэнне, на якім выступалі ганаровыя госці з прамовамі і дакладамі. Івонка Сурвіла распавяла пра свой шлях да БНР і разам з БНР, а таксама пра дзейнасць Рады ў Канадзе. Наталля Гардзіенка выступіла з прэзентацыяй пра дзейнасць прадстаўнікоў Рады БНР у ЗША. Зянон Пазняк выступіў з рэфератам пра ролю БНР у гісторыі Беларусі. Пасля выступаў адбылася дыскусія па тэме і была прынятая Рэзалюцыя Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

Акрамя абмеркавання асноўнай тэмы Сустрэчы беларусы актыўна знаёміліся, абмяркоўвалі пытанні штодзённага жыцця і культуры як у замежжы, так і на Бацькаўшчыне.

Святочная праграма была завершаная канцэртам Таццяны Грыневіч-Матафонавай, якая падарыла прысутным улюбёныя беларускія песні і рамансы ў сваім выкананні, а таксама прэзентавала новую кружэлку, прысвечаную беларускім народным танцам.

 


Фота Віктара Дударава

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-09-04 08:49:44
Віктар, злівай ваду. Ты ня быў фатографам, калі з табой сустракаліся і не стаў ім пасля майго сыходу з бруклінскай царквы. Фотаздымкі дрэнныя.

Некалі б-ч-б суполка разагнала суполку праваслаўных беларусаў гэтай царквы. Сыйшлі беларусы ў рускую царкву NY. Правільна мяне зразумейце тутэйшыя: некаторыя з беларусаў на здымку нават не падазраюць, што яны ўцягнуты ў б-ч-б гульню, і таму не задумваюцца аб тым, што беларусаў у Нью Ёрку ў сотні разоў больш, чым на фота. Вось так б-ч-б ідэя нават за акіянам не аб'яднала беларусаў городка Нью Йорк.

P.S. Мая першая сустрэча з Івонкай Сурвілай. Квінс, Джамайка, дзе раз у месяц сустракаліся беларусы. Як заўсёды чалавек 30-40 у зале. Выступае Пазьняк (амаль гадзіну) - рэжым, Расея, КДБ, галоўнае мова. Ў зале сп Сурвіла. Пасля сканчэння імпрэзы спадарыня выходзіць, празодзіць ля мяне. "Чаму вы не выступілі?"- спытаў яе. Потым зразумеў яна зачарованая аратарам Зянонам.