Суткі, штрафы, салідарнасць. Найважнейшае за 31 жніўня

Рэпрэсіўная машына спыняцца не збіраецца. Аднак, трывае і супраціў, і салідарнасць. У адказ на рэпрэсіі людзі зноў выходзяць на вуліцы. А справу арыштаваных працягваюць іншыя.


Адміністрацыйны арышт у панядзелак атрымалі лідары Страйкаму БДУ Святлана і Міхаіл Волчак, а таксама сустаршыня страйкаму «Беларуськалія» Анатоль Бокун. «Даседжваць» адправілі фігуранта «справы Ціханоўскага» Вяргілія Ушака — сем сутак за той самы гродзенскі пікет 29 траўня, па якім ён ужо правёў у следчым ізалятары два месяцы. Блогерку Алену Янушкоўскую забралі за «пікет» на гаўбцы»: міліцыянты паказалі фота, на якіх Алена Янушкоўская стаіць на гаўбцы з бел-чырвона-белым сцягам. Дзе і хто зрабіў гэтыя здымкі, не зразумела: блогерка жыве ў прыватнай хаце, і гаўбца там няма. Таму не выключана, што доказы міліцыянтаў — фотамантаж.

Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі сябра Каардынацыйнай рады, юрыстку Лілію Уласаву, а прэс-сакратар рады Антон Раднянкоў быў выкліканы ў Следчы камітэт.

Але ўсе гэтыя захады не вельмі ўплываюць на настроі насельніцтва. Беларусаў ужо не запужаць. Колькасць заявак у Каардынацыйную раду перавысіла 10 тысяч, а колькасць яе чальцоў — чатыры тысячы. Фактычна, гэта новая форма супраціву — следчыя павінны дапытаць кожнага з рэальных ці патэнцыйных яе чальцоў. Калі допыт цягнецца нават дзьве гадзіны, гэта — чатыры чалавекі ў 8-гадзінны працоўны дзень. Гэта 1000 чалавека-гадзін працы, альбо 250 працоўных дзён, ці (у сярэднім) 10 месяцаў працы.

Канешне, следчы — не адзін, але і патэнцыйных чальцоў рады таксама не дзясятак.

Пасля «Баннага дня» ў Акадэміі навук 28 жніўня стала вядома, што адну з удзельніц, якая працуе ў Інстытуце генетыкі НАН, прымусілі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. 31 жніўня даследчыкі розных інстытутаў НАН прыйшлі да будынка Інстытута генетыкі падтрымаць калегу. І — неўзабаве пасля акцыі стала вядома, што заяву супрацоўніцы Інстытута генетыкі не падпісалі, яна застаецца на працы.


Працягваюцца «ланцугі салідарнасці», прычым, па ўсёй краіне. Калі стала вядома, што ў Беларусь незаконна не ўпусцілі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які вяртаўся з Польшчы, на акцыю выйшлі каталікі.

Парушыць міжканфесійны мір у Беларусі — гэта вельмі дрэнны крок улады.

А сёння яшчэ і дзень футбольных фанатаў. Сёння гуляюць матч «Крумкачы» і «Дынама» (Мінск). Пры тым, што два гульца «Крумкачоў» — Сяргей Казека і Павел Расолька — былі затрыманыя і збітыя 30 жніўня. Іх абвінавацілі ў нападзе на міліцыю. Пазней дырэктар «Крумкачоў» Алег Давідовіч паведаміў «Трыбуне», што ў Казекі пералом трэцяга пазванка, а таксама пашкоджаныя ныркі.


Матч пройдзе пры адкрытых трыбунах, з гледачамі — у САК «Алімпійскі» ў 16 гадзін. «Крумкачы» заклікалі заўзятараў падтрымаць каманду, але, думаю, што цяпер усе футбольныя фанаты — і «Крумкачоў», і «Дынама», — будуць салідарныя.

Прынамсі, брэсцкія заўзятары падтрымалі «Крумкачоў» відовішчнай акцыяй.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: