Свабода масавых мерапрыемстваў як магічная практыка

За апошнія два месяцы я падаў у Мінгарвыканкам 50 заяў на правядзенне масавых мерапрыемстваў і атрымаў 50 адмоў.

Фота: @belamova

Карлас Кастанэда, амерыканскі містык, антраполаг і пісьменнік, увёў ва ўжытак азначэнне нядзеянне. Нядзеянне, па старажытнай мексіканскай сістэме магічных ведаў і практык, – гэта здзяйсненне чагосьці бессэнсоўнага, незвычайнага і нязвыклага. Мэта нядзеяння – разбурыць шаблонную сістэму інтэрпрэтацыі свету і ў перспектыве дасягнуць рэальнага ўспрымання рэчаіснасці. Некаторыя прыклады нядзеяння: пастаянна насіць чорны капялюш, спыніць унутраны дыялог ці, гледзячы на дрэвы, фіксаваццва не на іх саміх, а на іх ценях. Паралелі можна знайсці ў іншых містычных і рэлігійных традыцыях.

Беларуская практыка

У Беларусі шмат магчымасцяў для такіх практык. Напрыклад, можна прымусіць сябе верыць у рэальнасць «па пяцьсот». Яшчэ адзін варыянт — медытацыя над якім-небудзь беларускім каанам (Каан у дзэн-будызме — кароткі, прызначаны для дасягнення прасвятлення, тэкст, ці пытанне, адказ на якое мусіць быць не лагічным, а інтуітыўным). Напрыклад, што такое воплеск адной далоні? Ці як можна далучыцца да Балонскага працэсу і не абіраць рэктараў дзяржаўных ВНУ?

Маім нядзеяннем у апошнія некалькі месяцаў было атрыманне дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства ў Мінску. Акрамя прагі духоўнага развіцця быў і іншы матыў — выказаць пратэст супраць знішчэння сотняў дрэваў і кустоў і супраць зносу будынка пачатковай школы дзеля пабудовы адміністрацыйнага гмаху на вуліцы Данілы Сердзіча, 12. А таксама выказацца супраць беззаконня, якім усё гэта суправаджалася: прыняцце рашэння аб будаўніцтве да правядзення грамадскага абмеркавання, няўлік трох чвэрцяў дасланых зваротаў, жалезабетоннае ігнараванне негатыўнага меркавання мясцовых жыхароў. Больш таго, як нядаўна высветлілася, Архітэктурна-будаўнічая рада нават не перадала заўвагі і прапановы грамадзян праекціроўшчыку, парушыўшы не толькі Палажэнне аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў, але і ўласнае рашэнне: «Праектаванне весці з улікам паступіўшых заўваг і прапаноў». Можа, гэта іх нядзеянне? Урэшце, будаўніцтва вядзецца не ў адпаведнасці з перадпраектнай дакументацыяй: нядаўна пачалі ссякаць дрэвы пад неаб’яўлены пажарны праезд — удалося спыніць пільшчыкаў з дапамогай міліцыі.

Прасіць міласціны ў статуй

За апошнія два месяцы я падаў у Мінгарвыканкам 50 заяў на правядзенне масавых мерапрыемстваў і атрымаў 50 адмоў. Прыгадваецца Дыяген Сінопскі, які прасіў міласціны ў статуй, каб прывучыць сябе да адмоваў. Для тых, хто пажадае пайсці да прасвятлення гэткім жа шляхам, цікава будзе даведацца, што іх можа чакаць.

Магічны (ці, хутчэй, абсурдны) рэалізм пачынаецца з Закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Аказваецца, паняцце масавы зусім не азначае, што ўдзельнічаць у мерапрыемстве мусяць масы ці хаця б некалькі чалавек. Масавым мерапрыемствам у нас з’яўляецца і пікетаванне, якое публічна праводзіцца адным (!) чалавекам. Атрымліваецца, што масавасць вызначаецца не колькасцю ўдзельнікаў, а колькасцю тых, хто ў прынцыпе можа аказацца сведкамі «публічнага выражэння грамадска-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў або пратэсту». Але тады пад пікетаванне падпадае і артыкул ў газеце, і інтэрв’ю для тэлебачання ці радыё…

Не забывайцеся, што нішто не вечнае, прынамсі, тэрмін дзеяння кантракта. Падаючы заяўку, вы пазначаеце ў ёй ў тым ліку і месца працы.

Могуць узнікнуць складанасці са знаходжаннем месца для мерапрыемства. Адмысловай пастановай Мінгарвыканкам вызначыў усяго тры спецыяльныя пляцоўкі для іх правядзення. Ёсць таксама шэраг месцаў, дзе правядзенне мерапрыемстваў забараняецца. Што ж да астатніх кропак, то значэнне мае іх адлегласць ад пэўных катэгорый аб’ектаў і будынкаў. Гэтак, легальна правесці мерапрыемства насупраць галоўнага будынка Мінгарвыканкама немагчыма — бо ёсць патрабаванне рабіць гэта не бліжэй за 50 метраў ад будынкаў мясцовых уладаў, не бліжэй за 200 метраў ад станцый метро і гэтак далей. Не, я разумею чыноўнікаў. Масавыя пратэсты пад вокнамі будуць перашкаджаць іх уласным духоўным практыкам, якія патрабуюць аскезы і засяроджанасці.

Мне, дарэчы, падабаецца традыцыя прыёму грамадзян вышэйшымі жрацамі гарадской улады не ва ўласных кабінетах, а ў спецыяльным пакоі на першым паверсе Мінгарвыканкама. Кабінет знаходзіцца ў невялікай зоне агульнага доступу. Паўстаў і адпаведны рытуал: чыноўнік у рэдкія, вызначаныя дні, сыходзіць са сваіх эмпірэяў да людзей. Я параіў бы дадаць публічнае рытуальнае ачышчэнне ад мірскога, дольняга. Пасля сустрэчы з народам чыноўнік можа скокнуць над вогнішчам, акунуцца ў спецыяльны вадаём ці абцерціся цестам.

Духоўнае развіццё грамадзян

Разгледзім найбольш частыя прычыны адмоваў. Адна з іх — «у заяўлены час у заяўленым месцы запланавана правядзенне іншага мерапрыемства». У такім лаканічным адказе я бачу клопат улады аб духоўным развіцці грамадзян. Маглі б з павагі да заяўніка напісаць, што гэта за мерапрыемства, прапанаваць перанесці пікет на іншы час і гэтак далей. Але, верагодна, выканкам у курсе, што, згодна таму ж Кастанэдзе адзін з галоўных ворагаў на шляху мага — пачуццё ўласнай важнасці, празмернае эга. Тут прыгадваецца канцэпцыя дробных тыранаў. Паводле Карласа Кастанэды, гэта людзі, якія маюць уладу над вашым жыццём ці, у мяккім варыянце, проста вас раздражняюць. Адносіны з дробнымі тыранамі якраз і выкарыстоўваюцца дзеля барацьбы з пачуццём уласнай важнасці.

Адказы такога тыпу інтрыгуюць і правакуюць паехаць і паглядзець на таямнічае «іншае мерапрыемства». Але тут вас можа чакаць расчараванне. Гэтак, 10 ліпеня ў Кіеўскім скверы я знайшоў пустую пляцоўку. Магчыма, каб успрыняць мерапрыемства, трэба было знаходзіцца ў змененым стане свядомасці? Мне ж удалося заўважыць толькі нарад міліцыі, які ахоўваў пляцоўку на працягу таго часу, які быў пазначаны ў заяўцы.

Яшчэ адзін тып адказаў, падобны да папярэдняга, — не дазваляецца, бо заяўка супярэчыць артыкулу 2 (ці якому іншаму) Закона аб масавых мерапрыемствах. Адказ прымушае развіваць інтэлект, інтуіцыю і ўважлівасць, бо ў чым канкрэтна заключаецца неадпаведнасць, не паведамляецца.

Наступная прычына адмоваў — санітарная апрацоўка дрэваў у заяўленым месцы. Яна найчасцей называлася ў дачыненні да Кальварыйскага сквера перад адміністрацыяй Фрунзенскага раёна. Гэта тонка — адмаўляць у пікеце супраць знішчэння дрэваў на падставе «аднаўлення зялёнай зоны», хай сабе і ў іншым месцы. Прычым урэшце пачалі прыходзіць, так бы мовіць, апераджальныя адмовы. Маўляў, Зелянбуд працуе ў скверы з 13.07.2018 г. па 12.08.2018 г. (чытай: не суйцеся больш з вашымі заявамі, усё роўна адказ будзе той самы). Натуральна, канкрэтныя даты, час працаў і тлумачэнні, чаму гэтыя працы не стасуюцца з пікетам з некалькіх чалавек, не прыводзіліся.

Шляхі да самаўдасканалення

Як ні стараліся распрацоўшчыкі Закона аб масавых мерапрыемствах загнаць у гэты пракрустаў ложак максімум формаў грамадскай актыўнасці, сёе-тое яны прапусцілі. Напрыклад, у законе не агаворана шэсце, якое здзяйсняецца адным чалавекам. Тым не менш, СМІ пісалі пра чалавека, які правёў такое шэсце і быў аштрафаваны за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. На мае заяўкі на правядзенне такіх шэсцяў мне таксама адмаўлялі на падставе Закона аб масавых мерапрыемствах.

У шэрагу адказаў чыноўнікі адкідаюць таямнічую нешматслоўнасць і спрабуюць канкрэтызаваць свае адмовы. Гэта іх памылка: аргументацыя выглядае непераканаўча. Гэтак, у «шэсці аднаго чалавека» адмаўляюць, бо па пазначанай у заяве пешаходнай частцы вуліцы праходзіць веладарожка. Адмова абсурдная, бо, паводле адпаведных тэхнічных нарматыўных прававых актаў, пешаходная дарожка і веладарожка — гэта асобныя часткі вуліцы, якія супадаць не могуць.

Больш за тое, «шэсце аднаго чалавека», аказваецца, будзе адцягваць увагу кіроўцаў, што можа стварыць небяспечную сітуацыю на дарозе. Можа, афіцыйныя мерапрыемствы кіроўцам настолькі абыякавыя, што ўвагу на іх ужо ніхто не звяртае? Пра бігборды, вітрыны і шыльды ўздоўж дарог маўчу. Прыгадайма яшчэ сумнавядомую машыну хуткай дапамогі, якую не прапусціла калона тэхнікі на рэпетыцыі параду…

У прычынах адмовы ёсць і тое, што пешаходная частка вуліцы, на якой замоўлена шэсце, «блізкая да праезджай часткі», хаця адлегласць да яе 7 метраў, іх раздзяляе тая ж веладарожка, а таксама прыдарожныя дрэвы. Ды і ўвогуле, якая пешаходная частка вуліцы не блізкая да праезджай?

Нядаўна Палата прадстаўнікоў прыняла змены і дапаўненні ў Закон аб масавых мерапрыемствах, асноўная частка якіх набудзе моц праз паўгады. Але гэтыя змены не закранаюць мерапрыемстваў, што мяркуецца правесці не ў «пастаянных месцах правядзення». І нават у гэтых «пастаянных месцах» вам па-ранейшаму могуць адмовіць у правядзенні пікета, калі нехта падаў заяўку на гэта месца і час раней за вас. Я думаю, што гэтыя «нехта» заўжды будуць вас апярэджваць…

Урэшце, я падаў скаргу на дзеянні Мінгарвыканкама ў суд. Ці стане абскарджванне новым нядзеяннем — высветліцца ў бліжэйшы час.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-08-24 09:46:21
Ох, кажучы словамі персанажа "Тутэйшых", усё гэта як бы так і як бы не так. Добра, вядома, што ёсць у раёне ст. м. Пушкінская актыўныя і крэатыўныя асобы, але не ўмеюць яны эфектыўна дамаўляцца між сабой, вось што кепска. Ці ведае пан аўтар, што недалёка ад яго (на Матусевіча) 15 гадоў жыве дыпламаваны палітолаг, беларускамоўны, які мог у свой час нешта падказаць, нават і задарма? Пяты год жыве побач з Сердзіча, 12 і П. Севярынец - таксама, тэарэтычна, нечым дапамог бы. Ну, зараз хіба позна "піць Баржом" - будоўля ідзе поўным ходам. "Не разбіць, не спыніць, не стрымаць..." :(
  • Anatol Starkou
  • 2018-08-24 10:17:34
Пацешны артыкул.

"За апошнія два месяцы я падаў у Мінгарвыканкам 50 заяў на правядзенне масавых мерапрыемстваў і атрымаў 50 адмоў."

Падавай ісчо, Дзяніс! Давядзі колькасць пададзеных заяў да 50тыс і атрымай 50тыс адмоў і заскочыш у Кнігу рэкордаў Гінеса.
Прыязджай Дзяніс да мяне ў ЗША, да тутэйшай дэмакратыі. Напішаш яшчэ 50 заяў у НьюЁркГарВыканКам, і адразу, як мае быць, цябе змагара за ўсё добрае супраць усяго дрэннага, апублікуюць у мясцовых Нью Ёркскіх Навінках.
Ці наўрад ты Новы час разумееш ШТО ты б-ч-б друкуеш. Гэтаму чэлу трэ друкавацца ў вядомым выданні НН (Нашы Навінкі і б-ч-б змагня з рускім мірам), а ён заблудзіўся на твае старонкі.
Блін, як пацешна, спадарства, чытаць вас з Штатаў і як горка ад думкі, што часы праўлення Лукашэнкі, спадарства, гэта самае лепшае, што магло здарыцца з нашай дэмакратыяй і Беларусьсю пасля краху СССР, пасля набыцця незалежнасці, пасля выбараў 1994, бо пакуль што мы не злезлі з дрэваў, а дзяржава РБ, бач ты, тут як тут.
  • Anatol Starkou
  • 2018-08-24 11:18:55
Быў у мяне ў фб некалькі гадоў запар фрэндам беларус з Брэста. Пару тыдняў таму на сваёй старонцы піша, маўляў, адключылі гарачую ваду на шэсць дзён і ён падаў паперу ў тутэйшы выканкам: што за справы, пацаны?! Я на тым форуме напісаў, што ў РБ ТЭЦ і яна па трубах даводзіць гарачую ваду да кожнага дому, а ў Штатах стаяць катлы ў падвале кожнага дому, якія награваюць ваду. Зразумела халодная вада, ідучы па трубах пад зямлёй, не так шкодзіць трубам як гарачая. А ў НАШЫМ выпадку гарачая вада ідзе доўгі шлях ад ТЭЦ да жылога дому. Такім чынам прафілактыка праблем у НАШЫМ выпадку і ў амераў гэта розныя рэчы. Пакрыўдзіўся на мяне змагар і мы разыйшліся.

Цягам прыблізна месяца, ідучы пешшу на працу і назад дадому, бачу ў Бронксе спецоў, якія на трех направлениях под T-образным перекрестком меняют трубы. Пацаны робяць сваю працу. Ніхто з тутэйшых жыхароў не піша 50 паперак у тутэйшы БронксГарВыканКам.

Вам, тутэйшыя, трэ перахварэць б-ч-б дэмакратыяй. Можа тады й беларуская з'явіцца.
  • ВР
  • 2018-08-24 10:36:31
PS. Толькі што ўбачыў, што gazetaby.com перадрукавала гэты "іранічны расповед". Так, іронія - гэта добра, а парушэнні будаўнічых норм і адмовы ў пікетаваннях мяне не цешаць. З іншага боку, калі чалавек 50 разоў наступіў на тыя ж граблі, цяжка чакаць, што ён іх абміне ў 51-ы. Хіба што духі Кастанэды і Дыягена Сінопскага засцерагуць...
  • Кастусь
  • 2018-08-24 13:42:29
Ен i 52 i 53 раз напiша! Як жа яшчэ пра сябе напомнiць i аб iх,бчб-суполкi.

Больш цікавага на «Новым Часе»: