Свабода ў час чумы

Свет ужо не будзе ранейшым. Эпідэмія каронавіруса, падаецца, паставіла пад пытанне асноўныя дэмакратычныя каштоўнасці. Пры гэтым у некаторых выпадках людзі адмаўляюцца ад іх добраахвотна.


Зразумела, маштаб панікі ў свеце такі, што некаторыя самастойна абмяжоўваюць сябе ў асноўных свабодах — напрыклад, свабодзе перасоўвання. Можна зразумець і краіны Шэнгенскай зоны, якія закрылі свае межы з-за ўспышкі каронавіруса ў Італіі. Базавыя дакументы ЕС аказаліся пад пагрозай.

Можна таксама зразумець і адмову ад свабоды мірных сходаў і збораў — каранцін ёсць каранцін. І наўрад ці знойдзецца шмат ахвочых ахвяраваць жыццём дзеля дэманстрацыі сваіх перакананняў. У нашай краіне гэта выявілася ў тым, што спыніліся праймерыз адзінага дэмакратычнага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах і было скасаванае вулічнае святкаванне Дня Волі.

Але ў некаторых далёкіх ад дэмакратыі краінах улады скарыстоўваюць каронавірус як нагоду, каб «зацягнуць гайкі» і абмежаваць актыўнасць насельніцтва. Прыклад — Кыргызстан, дзе «ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі» ўведзена надзвычайнае становішча ў сталіцы Бішкеку і найбуйнейшых гарадах Ош і Джалал-Абад, а таксама ў прылеглых да іх раёнах. Ва ўсіх гарадах уведзеная каменданцкая гадзіна, цяпер працоўным нельга звольніцца па ўласным жаданні без паважлівых прычын. Забараняецца правядзенне відовішчных, спартыўных і іншых масавых мерапрыемстваў, а таксама забастовак, сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаў. Уводзіцца кантроль за СМІ, якія «могуць выкарыстоўвацца для нагнятання сітуацыі», прынятыя асаблівыя правілы карыстання сувяззю, абмяжоўваецца рух транспарту.

Па-першае, не зразумела, як такія захады (акрамя забароны масавых мерапрыемстваў) могуць паўплываць на распаўсюд віруса — асабліва забарона звальнення па ўласным жаданні. Па-другое, ёсць вялікая розніца, калі абмежаванні людзі прымаюць на сябе добраахвотна ці калі іх правы абмяжоўвае дзяржава.

Безумоўна, у гэтым выпадку павінен быць баланс паміж інтарэсамі дзяржавы і інтарэсамі чалавека. У ЗША Дональд Трамп таксама абвясціў надзвычайнае становішча — тым больш, што цяпер ачаг заражэння перакідваецца туды. Аднак гэтае надзвычайнае становішча было ўведзенае для таго, каб федэральны ўрад мог скарыстаць для барацьбы з COVID-19 фонд надзвычайнай дапамогі памерам у 50 мільярдаў долараў.

Аднак найбольш непакояць захады дзяржаваў у абмежаванні свабоды слова — бадай, гэта самы незразумелы «накат» на грамадзянскія свабоды пад маскай каронавіруса. Апроч Кыргызстану за «нагнятанне сітуацыі» плануецца ўвесці крымінальную адказнасць у Венгрыі, дый наш правадыр загадаў КДБ «разабрацца з нягоднікамі, якія ўкідваюць фэйкі» наконт хваробы ў Беларусі. І вось ужо міліцыянты па звычцы хапаюць Мікалая Дзядка, які стварыў тэлеграм-канал па пытанні заразы.

Насамрэч, барацьба з панікёрствам і фэйкамі вядзецца не так. Іх можна перамагчы толькі галоснасцю і дакладнай інфармацыяй, а менавіта з гэтым у дзяржавы — вялікія праблемы. Напрыклад, айчыннае Міністэрства аховы здароўя на мінулым тыдні выступіла з маштабным тлумачэннем, што каранцін у краіне непатрэбны, асабліва ў навучальных установах. А літаральна на наступны дзень Мінадукацыі патлумачыла, як перавесці школьнікаў на хатняе навучанне і дыстанцыйнае навучанне студэнтаў у ВНУ. Зразумела, у мозгу абывацеля ўтварылася каша: і каранціну не трэба, і дзіця са школы лепш забраць. Каму верыць?

З аднаго боку, улады, нават у асобе кіраўніка дзяржавы, заклікаюць не панікаваць. А з іншага — тое ж Міністэрства аховы здароўя заклікае да «сацыяльнага дыстанцыявання» — трымацца ад людзей на дыстанцыі каля 1,5 метра, а тым, хто мае прыкметы рэспіраторнай інфекцыі, заставацца дома. Больш за тое, міністэрства падтрымала сусветны флэшмоб лекараў #StayAtHome — гэта калі дактары фатаграфуюцца з паперкамі, на якіх напісана: «Мы працуем дзеля вас! — Вы застаньцеся дома дзеля нас!». Сэнс закліку ў тым, каб знізіць нагрузку на бальніцы і ўвогуле не падхапіць хваробу.

Вось менавіта з-за адчування, што «нешта не так» і «нешта ад нас хаваюць» і ўзнікаюць фэйкі і паніка. Але вінаватыя ў гэтым зусім не тэлеграм-каналы і журналісты.

Мяжа паміж дэмакратычнымі свабодамі і інтарэсамі нацыянальнай бяспекі — вельмі хісткая. Яе лёгка перайсці — асабліва ў тых умовах, калі людзі самастойна пагаджаюцца на абмежаванне сваіх правоў дзеля ўласнага здароўя і здароўя сваіх родных. Гэтым зазвычай карыстаецца дзяржава, калі ўводзіць непрапарцыйныя сітуацыі абмежаванні — напрыклад, цэнзуру. Заклапочанае грамадства гэтага не заўважае, і нават пэўны час падтрымлівае, але… Гэтыя свабоды потым вельмі цяжка вярнуць.

Вакцыну ад каронавірусу знойдуць — максімум праз год-паўтара. А вось на вяртанне «часова абмежаваных» (з самымі добрымі намерамі!) грамадзянскіх правоў можа спатрэбіцца значна больш часу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: